Вы тут

У Міры знойдзены будынак, якога няма на картах


Фрагменты будынка канца XVІ—пачатку XVІІ стагоддзя былі знойдзены падчас археалагічных раскопак на тэрыторыі музея «Палацавы комплекс «Мір». Пра ўнікальную знаходку праінфармавалі старшыню Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова.


Уладзімір ГУСАКОЎ знаёміцца з археалагічнымі знаходкамі.

У Карэліцкім раёне побач з Мірскім замкам упершыню праводзяцца археалагічныя пошукі на месцы, дзе калісьці быў размешчаны палац Святаполк-Мірскіх канца XІX стагоддзя. Работы вядуцца пад кіраўніцтвам старшага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ірыны Ганецкай.

У працэсе раскопак быў выяўлены цэлы шэраг важных археалагічных знаходак. Так, вышэйзгаданага будынка XVІ—XVІІ стагоддзяў няма ні на адной гістарычнай карце. Археолагамі былі знойдзены фрагменты кафлі, чарапіцы, сталовай керамікі, а таксама «цагліна-пальчатка», якая датуецца XVІ—XVІІ стагоддзямі.

Расчышчаны падмурак дома XІX стагоддзя, які належаў домакіраўніку, а таксама лесвіца. Ірына Ганецкая лічыць, што гэтая лесвіца, па ўсёй верагоднасці, знаходзілася ўнутры памяшкання. «Мяркуючы па планах будынка пачатку ХХ стагоддзя, палац быў крыжападобнай сіметрычнай формы: галоўны корпус выцягнуты, а з двух бакоў — прыбудовы. Дык вось гэтая лесвіца, хутчэй за ўсё, і з'яўляецца часткай адной з іх», — патлумачыла яна. Позні палац Святаполк-Мірскіх вырас, як цяпер высветлілася, на больш старажытным падмурку.

Падчас знаёмства з вынікамі археалагічных раскопак старшыня прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў падкрэсліў важнасць археалагічных работ, што праводзяцца, і іх значэнне для захавання гісторыі і культурнай спадчыны беларускага народа.

Названыя археалагічныя работы з'яўляюцца першым крокам у рэалізацыі Дамовы аб супрацоўніцтве паміж Інстытутам гісторыі НАН Беларусі і музеем «Палацавы комплекс «Мір». Дакумент быў падпісаны ў снежні 2015 года. На цяперашні момант археолагамі вывучана тэрыторыя больш чым у 200 квадратных метраў.

«Замкавы комплекс «Мір»— унікальны помнік нацыянальнай культуры Беларусі. У 2000 годзе Мірскі замак быў уключаны ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».