Вы тут

Ігар Маршалаў: «Фактычна ўсе праверкі органаў КДК — выніковыя»


У апошнія гады органы фінансавых расследаванняў дзяржаўнага кантролю (ОФР) займаліся процідзеяннем ілжэпрадпрымальніцтву, ухіленню ад выплаты падаткаў, незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, а таксама крымінальнаму банкруцтву. Так, у першым паўгоддзі сёлета ОФР выявілі каля тысячы злачынстваў, з іх больш за траціну адносяцца да катэгорыі цяжкіх. Акрамя таго, аператыўнікі спынілі дзейнасць 11 злачынных груп. У выніку дзеянняў фінансавай міліцыі ў бюджэт паступіла 989 мільярдаў недэнамінаваных рублёў.


На асаблівых падставах

«Фактычна ўсе праверкі органаў КДК — выніковыя,— адзначыў падчас брыфінгу ў прэс-цэнтры БЕЛТА намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю — дырэктар Дэпартамента фінансавых расследаванняў Ігар МАРШАЛАЎ. — На кожны рубель, запланаваны на фінансаванне ОФР у 2016 годзе, ужо па выніках першага паўгоддзя забяспечана паступленне ў бюджэт больш чым 7 рублёў». Пры гэтым удзельная вага праверак, якія праводзяцца ўсімі падраздзяленнямі КДК, складае ўсяго 1,5% ад агульнай колькасці планавых і пазапланавых праверак, якія праводзяцца па краіне ўсімі астатнімі кантрольнымі і нагляднымі органамі. Адсюль выснова — ОФР працуюць толькі кропкава, калі маюць на тое асаблівыя падставы.

Выпраўленне крэдытнай гісторыі

Па словах Ігара Маршалава, у сферы пагашэння крэдыторскай запазычанасці адзначаецца пагаршэнне крымінальнай абстаноўкі. У першым паўгоддзі ўзрасла больш чым у два разы, у параўнанні з аналагічным перыядам летась, колькасць выяўленых злачынстваў па фактах ухілення ад пагашэння крэдыторскай запазычанасці, а таксама ад выканання судовых пастаноў па эканамічных справах. За першае паўгоддзе ОФР выявілі больш за 300 парушэнняў, звязаных з выплатай даўгоў, уключаючы 173 злачынствы па ўхіленні ад пагашэння крэдыторскай запазычанасці. Таксама Ігар Маршалаў адзначыў, што расце і колькасць злачынстваў, звязаных з атрыманнем крэдытаў.

Лекі ад ілжэпрадпрымальніцтва

Супрацьдзеянне лжэпрадпрымальніцтву застаецца ў ліку галоўных прыярытэтаў дзейнасці ОФР. Так, у першым паўгоддзі спынена дзейнасць сямі злачынных груп, якія арганізавалі рэгістрацыю і функцыянаванне 308 ілжэструктур, а таксама выяўлена 230 злачынстваў, учыненых з іх выкарыстаннем. Па артыкуле 234 (ілжэпрадпрымальніцтва) Крымінальнага кодэкса выяўлена 18 правапарушэнняў. Такім структурам і іх контрагентам прад'яўлена да выплаты дадатковых плацяжоў на агульную суму ў 961 мільярд рублёў без уліку дэнамінацыі, з якіх у бюджэт спагнана 753 мільярды рублёў.

«Апошнія затрыманні сведчаць аб тым, што лжэструктуры ў асноўным рэгіструюцца за межамі Беларусі. У выніку іх кліенты нясуць дадатковыя выдаткі, што не кожны бізнес можа сабе дазволіць. Часам прасцей заплаціць у бюджэт падаткі, чым губляць сродкі потым, — сказаў Ігар Маршалаў. — Разам з тым у буйных ілжэструктур выяўляецца да 1 тысячы контрагентаў, што сведчыць пра тое, што гэта злачынная з'ява існуе, хоць і не ў такіх маштабах, як раней».

Рэгістрацыя лжэструктур за межамі краіны некалькі ўскладняе працэс дакументавання, але дзякуючы міжнароднаму супрацоўніцтву ОФР паспяхова дамагаюцца пэўных вынікаў.

Разам з тым, па словах начальніка аддзела прававога забеспячэння, інфармацыі і работы са зваротамі грамадзян Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Мікалая Іванькова, контрагенты лжэструктур за тры месяцы добраахвотна заплацілі па прадпісаннях ОФР 330 млн рублёў без уліку дэнамінацыі. Ужо вынесеныя заключэнні ў дачыненні да 25 такіх структур. Па выніках завершаных да 1 жніўня праверачных мерапрыемстваў вынесена
95 прадпісанняў, а таксама праведзена 86 праверак фінансава-гаспадарчай дзейнасці выяўленых контрагентаў, звесткі ў дачыненні да 15 контрагентаў накіраваны ў падатковыя органы.

Эфектыўным інструментам у барацьбе з ілжэпрадпрымальніцтвам стаў Указ №14 «Аб дадатковых мерах па папярэджанні незаконнай мінімізацыі сум падаткаў». Ён накіраваны на зніжэнне колькасці праверак і стварэнне такіх умоў, калі кліентам ілжэструктур будзе нявыгадна працаваць з фірмамі-аднадзёнкамі.

Указ таксама стымулюе рэальны сектар эканомікі добраахвотна выплачваць у бюджэт падаткі па гаспадарчых аперацыях, якія ажыццяўляліся з ілжэструктурамі, не чакаючы, калі да іх прыйдуць органы фінансавых расследаванняў альбо падатковыя органы. «Калі суб'ект гаспадарання добраахвотна выплачвае неабходныя сумы, ён вызваляецца ад адміністрацыйнай адказнасці. Калі ж гэта ўмова не выконваецца, то яму прыйдзецца не толькі выплаціць падаткі, але і панесці адказнасць», — растлумачыў Мікалай Іванькоў. Інфармацыю пра лжэструктуры, у дачыненні да якіх Дэпартамент фінансавых расследаванняў склаў заключэнне, плануецца размяшчаць на афіцыйнай старонцы Камітэта дзяржкантролю ў інтэрнэце.

Акрамя таго, па словах Ігара Маршалава, у Беларусі плануецца павялічыць мінімальны памер шкоды, неабходнай для прыцягнення да крымінальнай адказнасці за ўхіленне ад выплаты падаткаў. Цяпер злачынствам з'яўляецца ўхіленне ад выплаты падаткаў, збораў на суму больш за 1 тысячу базавых велічынь. Адпаведны праект закона знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі. Дакладны парог шкоды пакуль невядомы.

Крымінальнае банкруцтва па-беларуску

ОФР надаюць асаблівую ўвагу праблеме неплацежаздольнасці і банкруцтва. Так, у сферы крымінальнага банкруцтва ў першым паўгоддзі сёлета супрацоўнікі ОФР выявілі 16 злачынстваў. «Калі ва ўсім свеце інструменты банкруцтва выкарыстоўваюцца ў мэтах перазагрузкі бізнесу, то ў Беларусі таксама і для ўхілення ад выплаты даўгоў, у тым ліку перад дзяржавай. Праблема вельмі сур'ёзная. Сумесна з Міністэрствам эканомікі, іншымі зацікаўленымі органамі і навукоўцамі праводзім семінары, абмяркоўваем шляхі процідзеяння гэтай крымінальнай з'яве. У хуткім часе, я думаю, па гэтым пытанні будзе наведзены парадак», — лічыць Ігар Маршалаў. Таксама ён не выключае карэкціроўкі адпаведнага заканадаўства. Такая мера пры гэтым не з'яўляецца экстраннай, а будзе праводзіцца згодна з планам.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: На варце фінансавай бяспекі

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.