Вы тут

Драматычныя падзеі Алімпіяды ў Рыа


Усе ўрачыстыя мерапрыемствы з нагоды адкрыцця XXXІ Алімпійскіх гульняў у Бразіліі ўжо ў мінулым. Пасля цырымоніі, якая доўжылася амаль чатыры гадзіны, алімпійскі агонь над стадыёнам «Маракана» запаліў бразільскі марафонец Вандэрлей Кардэйру ды Ліма, а цяпер на спартыўных арэнах з раніцы да позняга вечара ідзе жорсткая барацьба за алімпійскія медалі.


За гэтыя некалькі дзён Гульняў нашы спартсмены ўжо дазволілі перажыць беларускім заўзятарам цэлы спектр эмоцый. Як пазітыўных — выхад Андрэя Ліхавіцкага ў фінал гімнастычнага мнагабор'я, выхад у паўфінал Кацярыны Карстэн і калег па камандзе ў акадэмічным веславанні, так і негатыўных, якія звязаныя з тым, што шэраг беларускіх спартсменаў ужо завяршылі свае выступленні ў Рыа. Адной з падстаў для суму стала і стартавае выступленне жаночай баскетбольнай зборнай. Свой першы матч дзяўчаты саступілі японкам, хоць мелі перавагу ў ліку па ходзе сустрэчы, а другі на апошніх секундах прайгралі францужанкам. Але не варта адчайвацца, шанцы на поспех нашы дзяўчаты яшчэ маюць!

Модная перамога

Пакуль у нашай каманды няма медалёў, але грамадскасць ужо звярнула ўвагу на беларускую дэлегацыю. Нацыянальныя матывы ў форме беларускіх алімпійцаў ацанілі буйныя амерыканскія выданні, назваўшы форму нашых спартсменаў адной з самых стыльных на гэтых Гульнях.

Легенда ў вадзе

Плывец Майкл Фэлпс упершыню ў гісторыі спорту стаў алімпійскім чэмпіёнам у 19-ы раз. Напярэдадні ў складзе зборнай ЗША ён выйграў фінал эстафеты 4х100 метраў вольным стылем. Усяго на рахунку Фэлпса 23 медалі Алімпійскіх гульняў.

Квіткі дадому

Некаторыя атлеты, ледзь пачаўшы своё выступленне на Гульнях, ужо могуць пакаваць чамаданы. Першымі з беларусаў з Алімпіядай-2016 развітваюцца тэнісісты. У парным разрадзе Максім Мірны і Аляксандр Буры саступілі ў сваім стартавым матчы.

Могуць адпраўляцца дадому і нашы прадстаўнікі дзюдо. Дар'я Скрыпнік і Дзмітрый Шэршань прайгралі паядынкі папярэдняга раўнда. Вікторыя Чайка ў алімпійскім турніры па кулявой стральбе заняла толькі 16-е месца, а Аляксандра Прывалава (настольны тэніс) завяршыла выступленне ў трэцім раўндзе спаборніцтваў.

Надоўга ў Рыа не затрымалася і беларуская прадстаўніца ў спартыўнай гімнастыцы. Натуралізаваная Кайлі Дыксан у спаборніцтвах па праграме мнагабор'я заняла перадапошняе, 58-е, месца, апярэдзіўшы толькі прадстаўніцу Алжыра.

Алімпійскія слёзы

Спорт высокіх дасягненняў не магчымы без траўмаў — гэта ісціна зразумелая як самім спартсменам, так і ўсім аматарам атлетычнага свету. Асабліва крыўдна, калі пашкоджанні здараюцца падчас самага адказнага старту чатырохгоддзя, тут эмоцыі стрымаць проста немагчыма. Гэта пацвердзяць тыя, хто бачыў падзенне французскага гімнаста Саміра Айт Саіда пасля апорнага скачка. Нага спартсмена склалася практычна напалову: лекары дыягнаставалі пералом вялікай і малой галёначных костак. Хаця спартсмен паказаў добры вынік на кольцах, які дазваляў яму ўдзельнічаць у фінале на гэтым снарадзе. Акрамя таго, зборная Францыі мела добрыя шанцы прабіцца ў васьмёрку наймацнейшых у камандных спаборніцтвах.

Першыя слёзы праліліся і на алімпійскія тэнісныя корты. Там у стартавым матчы завяршыў сваё выступленне Новак Джокавіч — першая ракетка свету. Серб прайграў аргенцінцу Хуану Марціну Дэль Потра — 6:7, 6:7.

Такім жа кароткім было выступленне яшчэ адных тэнісных «зорак». Амерыканкі Серэна і Вінус Уільямс, якія тройчы станавіліся алімпійскімі чэмпіёнкамі ў парным разрадзе, выбылі ўжо пасля стартавага паядынку. Сёстры пацярпелі паражэнне ад саперніц з Чэхіі Люцыі Шафаржавай і Барбары Стрыцавай — 3:6, 4:6.

Гэта першае паражэнне трохразовых (2000, 2008, 2012) алімпійскіх чэмпіёнак у парным разрадзе алімпіяд.

Суровая Бразілія

Арганізатары яшчэ да пачатку Гульняў папярэджвалі, каб прыезджыя спартсмены і заўзятары былі вельмі асцярожныя на вуліцах Рыа-дэ-Жанэйра, бо Бразілія досыць крымінагенная краіна, па статыстыцы кожныя 10 хвілін там адбываецца адно забойства. Не абышлося без здарэнняў і на старце Алімпійскіх гульняў. Двое падлеткаў, узброеныя нажамі, абрабавалі трэнераў нацыянальнай зборнай Аўстраліі па веславанні недалёка ад алімпійскай вёскі.

Аднаго настаўніка злачынцы прымусілі легчы на зямлю, а да горла другога прыставілі халодную зброю з лязом даўжынёй 20 см, паведамляе ў сваім блогу ў сетцы «Твітар» аўстралійскі журналіст Дэніэл Сатан.

У выніку трэнеры пазбавіліся тэлефонаў, кашалька, а таксама аднаго пінжака, у якім удзельнік дэлегацыі быў на цырымоніі адкрыцця.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Першыя драмы Рыа

Каментары

Алімпіяда - гэта, вядома, падзея! Хочацца глядзець на ўсіх і хварэць за кожнага беларуса, нягледзячы на тое, якія віды спорту відовішчныя, а якія не зусім. Як гуляюць нашы баскетбалісткі, Божа, сэрца спыняецца. І злуешся часам на іх, але і не любіць дзяўчат, якія столькі гадоў аддалі гэтаму віду спорту, немагчыма. Ды і відаць, што самі яны імкнуцца, вельмі хвалююцца. Чытаю розныя прагнозы замежных СМІ пра тое, колькі медалёў будзе ў зборнай Беларусі на Алімпіядзе-2016 і нават не хвалююся, што яны прадракаюць нам антырэкорд. Якая розніца колькі медалёў, галоўнае - колькі эмоцый.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.