Вы тут

Мастак Каміль Камал завяршыў работу над партрэтам Васіля Цяпінскага


Добра вядомы ў Беларусі мастак Каміль Камал завяршыў работу над партрэтам дзеяча рэфармацыйнага руху ў Беларусі ў другой палове ХVІ стагоддзя Васіля Цяпінскага.


Партрэт — частка творчага праекта, які будзе неўзабаве рэалізаваны ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. Мастакі, якія працуюць у старэйшай ВНУ краіны, выкладуць сваё бачанне знакамітых дзеячаў беларускага асветніцтва.

— З вялікай ахвотай працуючы над стварэннем вобраза Васіля Цяпінскага, — дзеліцца сваімі развагамі Каміль Камал, — я, канешне ж, пастараўся зазірнуць у мінуўшчыну. Мне цікава было адкрываць, хто ж такі Васіль Мікалаевіч Цяпінскі. Які ён след пакінуў у гісторыі культуры, асветніцтва Беларусі? Чым ён запомніўся нашчадкам, наступнікам? Пераклаўшы Евангелле на беларускую мову, Цяпінскі, зразумела, думаў пра свой народ, жыў памкненнямі да развіцця свайго роднага краю. Мяне ўразіла, што адна з даўніх публікацый пра майго героя так і называецца — «Пра Васіля Цяпінскага, што пераклаў у ХVІ стагоддзі Евангелле на простую мову...»

Каміль Камал — уважлівы да кніжнай культуры мастак. Ён аформіў кнігі народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, паэта, празаіка Ганада Чарказяна, Цімура Зульфікарава. Каміль Камал выяўляе сябе і як скульптар. У яго майстэрні — макеты помнікаў вялікім паэтам Усходу Нізамі, Амару Хаяму.

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Загаловак у газеце: Перакладчык Евангелля на «простую» мову

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.