Вы тут

Жыццё як шчасце і выпрабаванне


Літаратуразнаўцы Валянціне Локун споўнілася б 70 гадоў

У першы пасляваенны год, цяжкі, галодны і неўладкаваны, нарадзілася будучая даследчыца беларускай літаратуры, удумлівы крытык Валянціна Локун.


Пра сваю малую радзіму, вёску Цепянец на Піншчыне, яна пісала ў аўтабіяграфіі: «Назва вёскі (па-руску Тепенец) хутчэй за ўсё паходзіць ад слова “топь”, або багна, па-беларуску. Праўда, да сярэдзіны ХХ стагоддзя балоты крыху адступілі ад самой вёскі, але вады, асабліва па вясне, было шмат. Яна віравала не толькі ў ваколіцы, але і ў агародах, перакрывала дарогі. Трэба было доўга чакаць, пакуль яна ўступіць у зямлю, або сцячэ ў яшчэ больш нізкае месца. Затое, як прыгожа было ў нас напрыканцы красавіка, ці на пачатку мая, калі цвіла чаромха, а пасля зацвіталі сады!». Магчыма, згадваючы родную вёску, Валянціна Іванаўна ўспамінала радкі з «Новай зямлі» Якуба Коласа:

Мой родны кут, як ты мне мілы!..

Забыць цябе не маю сілы!

Не раз утомлены дарогай,

Жыццём вясны мае убогай,

К табе я ў думках залятаю

І там душою спачываю…

Любоў да кнігі з’явілася ў Валянціны Іванаўны яшчэ да школы. Паспрыяў у гэтым старэйшы брат: «Чытаць, па сутнасці, навучылася яшчэ да школы — у старэйшага брата, калі той рабіў дома ўрокі. Школа ў вёсцы была пачатковая і мела ўсяго два невялічкія пакоі, у кожным з іх адначасова шлі заняткі двух класаў. Але нічога, урокі праходзілі цікава, па-за ўвагай настаўніцы не заставаўся ніводны вучань». Але ж у роднай вёсцы — толькі пачатковая школа, а ў сярэднюю даводзілася бегаць аж за сем кіламетраў. Сем — да школы, сем — назад. Нямала для дзяўчынкі. Але гэта не было перашкодай.

І зноў але… Пасля шостага класа здарылася бяда: пачалася працяглая барацьба з цяжкай хваробай ног, якая так і не адступіла. Аднак Валянціна не здалася: з залатым медалём скончыла школу, затым — Брэсцкі педагагічны інстытут і аспірантуру пры Беларускім дзяржаўным універсітэце.

Студэнцкія гады ўспамінае з асаблівай цеплынёй: «Студэнцтва… Гэта былі лепшыя гады ў маім жыцці! Нарэшце я была далучана да вялікай літаратуры. Усур’ёз захапілася Тургеневым. Тады мы ўсе былі рамантыкамі… Мы праглі подзвігаў. І агульны пафас тэкстаў І. Тургенева быў сугучны маёй духоўнай настроенасці».

Трохі пазней, ужо ў аспірантуры, Валянціна Іванаўна сур’ёзна занялася даследаваннем беларускай літаратуры, у прыватнасці ваеннай прозы. Пад увагу даследчыцы трапілі такія пісьменнікі, як В. Быкаў, І. Чыгрынаў, І. Шамякін, Б. Сачанка, В. Казько. І ў 1984 годзе Валянціна Локун паспяхова абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэме «Праблемы стылю беларускай ваеннай прозы». Менавіта з аспіранцкіх гадоў, з паспяховай абароны кандыдацкай дысертацыі «ваенная тэма» трывала ўвайшла ў даследчыцкае поле Валянціны Іванаўны.

У перыядычным друку пачалі з’яўляцца артыкулы, нататкі, рэцэнзіі Валянціны Іванаўны. Паралельна з гэтым вялася праца над кнігай «Да новых вышынь» (Мінск. 1991). У аўтабіяграфіі пра гэты зборнік чытаем наступнае: «Першы зборнік “Да новых вышынь” (Мн., Мастацкая літаратура, 1991) я чакала амаль сем год. Здавалася, што ён не выйдзе ўжо ніколі. І вось мой першынец з’явіўся… Кніга была прыхільна сустрэта чытачамі. Асабліва мяне парадавала рэцэнзія З. Мельнікавай, апублікаваная ў “ЛіМе”. Зоя Пятроўна дала досыць высокую ацэнку зборніку. Большасць са змешчаных у зборніку артыкулаў была прысвечана “ваенным” творам В. Быкава, І. Чыгрынава, І. Шамякіна, Б. Сачанкі, В. Казько, Ю. Бондарава, В. Астаф’ева, В. Бялова і інш. Праўда, мяне цікавіў найбольш формастваральны, стылёвы бок мастацкіх дыскурсаў празаікаў».

Астатнія работы публікаваліся больш аператыўна: «Маральна-філасофскія пошукі беларускай ваеннай і гістарычнай прозы. 50 — 60 гады» (1995), «Кругі жыцця, кругі літаратуры» (2002), «Васіль Быкаў у кантэксце сусветнай літаратуры» (2005), «Нарысы беларуска-ўкраінскіх літаратурных сувязей» (2002; у суаўтарстве), «Беларуская літаратура ў кантэксце славянскіх літаратур ХІХ — ХХ ст.ст.» (2006), «Васіль Быкаў: Вядомы і невядомы» (2011). Так, паміж выхадам некаторых работ — працяглы прамежак часу. Але не трэба забываць, што для падрыхтоўкі манаграфіі неабходна ўважліва і неаднойчы перачытаць мастацкія тэксты, а Валянціна Локун разглядала творчасць В. Быкава, І. Шамякіна, І. Навуменкі, Янкі Брыля, А. Адамовіча, В. Казько, В. Карамазава, А. Жука, А. Масарэнкі, В. Коўтун… Да ўсяго — трэба азнаёміцца з крытычнай літаратурай іншых даследчыкаў.

Не варта забываць і пра планавыя тэмы: з 1987 па 2007 год Валянціна Локун працавала старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Сярод такіх тэм асаблівай увагі заслугоўваюць раздзелы да чатырохтомнай «Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя». Тут даследчыца пісала пра творчасць Івана Шамякіна, Алеся Асіпенкі, Уладзіміра Дамашэвіча, Валянціны Коўтун.

Акром названых, Валянціна Локун мае звыш 150 навуковых работ, апублікаваных у перыядычным друку: на старонках часопісаў «Полымя», «Нёман», газеты «Літаратура і мастацтва» і розных зборнікаў можна сустрэць яе артыкулы па праблемах развіцця нацыянальнай літаратуры, рэцэнзіі на літаратурныя навінкі, аглядныя артыкулы, эсэ, нарысы і прадмовы.

Разнастайная і цікавая літаратурная творчасць Валянціны Локун не засталася па-за ўвагай грамадскасці. Даследчыца атрымала шэраг узнагарод: у 2004 годзе стала лаўрэатам прэміі прэзідэнтаў Акадэміі навук Украіны, Беларусі і Малдовы — «За выкананне навукова-даследчай работы “Культурна-гістарычныя беларуска-ўкраінскія сувязі: літаратурна-моўны аспект”», у 1993 і 2001 гадах — лаўрэатам прэміі часопіса «Полымя» (за артыкулы «У пошуках маральнага ідэалу. Проза Уладзіміра Караткевіча» і «Узняцца да лёсу агульначалавечага (Талстоўскія традыцыі ў развіцці беларускай ваеннай прозы)», у 2006 годзе ўзнагароджаная медалём Святой Еўфрасінні Полацкай, а ў 2012 годзе атрымала прэмію Беларускага саюза жанчын.

Валянціна Іванаўна раптоўна пайшла з жыцця 16 чэрвеня, у росквіце творчых сіл і магчымасцей, жывучы мноствам мар і імкненняў.

Алеся ШАМЯКІНА

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.