Вы тут

Калі пагаршэнне памяці норма, а калі — дэменцыя?


З узростам у многіх з нас пагаршаецца памяць. Такое парушэнне можа быць нормай, а можа — і дэменцыяй. Як адрозніць адзін стан ад другога? Тлумачыць урач-псіхіятр Мінскага гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Міхаіл ЛАГУЦЁНАК.


— Дэменцыя — гэта ўсё ж такі значнае пагаршэнне памяці, і не толькі памяці, але і мыслення, арыенціроўкі, разумення, развагі, маўлення, ліку, здольнасці да навучання. Мяжа перш за ўсё ў адаптацыі. Калі чалавек, нягледзячы на забыўлівасць, адаптаваны ў быце, а тым больш у прафесійнай дзейнасці, — гэта не дэменцыя. Для такіх праблем існуе спецыяльны тэрмін — "звязаныя з узростам парушэнні памяці". Гэта вельмі распаўсюджаная з'ява.

— Што можа паспрыяць дэменцыі?

— Часцей яна сустракаецца ў пажылым узросце. Найбольш частая прычына — хвароба Альцгеймера. Даследаванні сведчаць аб тым, што больш за 50 працэнтаў дэменцый позняга ўзросту звязаны менавіта з гэтым захворваннем. Вядома, што пакутуе ад яго кожны 12-ты чалавек ва ўзросце пасля 65 і кожны трэці — пасля 80. У 15-20 працэнтах выпадкаў праблема можа быць у сасудзістай паталогіі галаўнога мозга. Яшчэ ў 20 працэнтах выпадкаў сасудзістае пашкоджанне спалучаецца з атрафічным працэсам альцгеймераўскага тыпу.

— Дэменцыю лечаць?

— Так, а таму важна паставіць дыягназ на самых ранніх стадыях. Нашы намаганні павінны быць скіраваныя на максімальны працяг кагнітыўных, разумовых і сацыяльных функцый, што спрыяе працягу ўсведамлення пацыентамі сваёй асобы.

Змяненні адбываюцца паступова і могуць быць нязначнымі і незаўважнымі для навакольных. Аднак пры пастаянных стасунках сваякі, ацэньваючы тую ці іншую сітуацыю, могуць заўважыць пагаршэнне кагнітыўнай функцыі. Існуе шмат апытальнікаў для таго, каб як мага раней западозрыць дэменцыю. Аднак дыягназ усё роўна павінен паставіць урач. Лячэнне дэменцый скіраванае ў першую чаргу на прыпыненне прагрэсіравання захворвання, змяншэнне праяў сімптомаў. Выкарыстоўваецца як медыкаментознае лячэнне, так і немедыкаментозныя метады рэабілітацыі.

Медыкаментозная тэрапія мусіць аднавіць дэфіцыт нейрамедыятара ацэцілхаліну. Гэтае рэчыва ў галаўным мозгу адказвае за памяць. Такі прэпарат, як "Алзепіл", перашкаджае разбурэнню ў мозгу ацэцілхаліну і тым самым паляпшае кагнітыўныя функцыі і паводзіны хворых. З гэтага і пачынаецца тэрапія. Другая група прэпаратаў прадстаўлена ў нашай краіне меманцінам. Яго прымяненне запавольвае пашкоджвальнае дзеянне важных для нас нейронаў і такім чынам спрыяе іх большай выжывальнасці, паляпшае стан гэтай сістэмы. Прымяняцца гэты прэпарат можа як асобна, так і разам з "Алзепілам".

Метады нейрапсіхалагічнай рэабілітацыі, скіраваныя на паляпшэнне запамінання, павінны не толькі "развіваць" дэфектную функцыю, але і змяншаць яе ўплыў на паўсядзённае жыццё. Вельмі важнае значэнне будуць мець трэнінгі — для рэгуляцыі здольнасці пераключацца з адной задачы на другую, тармажэння неадэкватных імпульсіўных рэакцый, планавання дзеянняў на бліжэйшы і аддалены час, рашэння складаных фінансавых праблем.

Для зніжэння нагрузкі на аслабленую рабочую памяць мае сэнс навучаць пацыентаў прыёмам разбіўкі складаных задач на элементарныя этапы, прамаўленню кожнага свайго дзеяння.

— Як даглядаць такога хворага?

— Ёсць некалькі простых правілаў. Па-першае, размаўляць з такімі людзьмі трэба павольна, дакладна, кароткімі сказамі, паўтараючы самае важнае. Калі ўзнікае нейкі канфлікт, лепш за ўсё спыніць спрэчку і пераключыць увагу на штосьці іншае. Навакольная абстаноўка мусіць быць як мага больш звыклай, не варта без крайняй неабходнасці перавозіць пацыента з адной кватэры ў другую. Стан многіх пацыентаў рэзка пагаршаецца пры іх шпіталізацыі, калі яны апынаюцца ў незнаёмай абстаноўцы. Таму лячэння ў стацыянары трэба, па магчымасці, пазбягаць. Лепей пастаянна займаць той дзейнасцю, да якой чалавек прывык. Пацыент не павінен надоўга заставацца ў адзіноце, з ім трэба пастаянна размаўляць. Неабходна забяспечыць у кватэры асвятленне ноччу, а таксама сістэму арыенціраў, напрыклад, павесіць на сценах адпаведныя надпісы, якія дапамогуць хутчэй знайсці ванну, прыбіральню, кухню. Коўдры і люстэркі пажадана з кватэры прыбраць. Для захавання гігіенічных навыкаў неабходна вадзіць пацыента ў прыбіральню незалежна ад яго жадання, праз роўныя адрэзкі часу, скажам, кожныя дзве гадзіны. Зніжэнне зроку і слыху можа спрыяць узмацненню сімптомаў дэменцыі, а значыць, трэба, па магчымасці, забяспечыць і правільна падабраныя акуляры, і слыхавы апарат. Догляд такіх сваякоў — вельмі цяжкая псіхалагічная і фізічная нагрузка. Прафесійныя сядзелкі звычайна вытрымліваюць эмацыянальную дыстанцыю ў дачыненні да падапечных, ім гэтую сітуацыю вытрымаць псіхалагічна лягчэй. Таму калі вы перажываеце моцны псіхічны дыскамфорт падчас догляду сваяка, лепш наняць сядзелку, а самому звярнуцца па кансультацыю да псіхолага.

Святлана БАРЫСЕНКА

Загаловак у газеце: Штосьці з памяццю...

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.