Вы тут

Якіх спецыялістаў не хапае ў горадзе і сельскай мясцовасці?


Міністэрства працы і сацыяльнай абароны правяло маніторынг попыту і прапановы на рынку.


У гарадах па-ранейшаму дэфіцыт медыцынскага персаналу. Так, патрэба ў медсёстрах складае 2190 чалавек. На 1785 вакансій урачоў прэтэндуюць усяго 22 беспрацоўныя з адпаведнай спецыяльнасцю. Пустуюць 353 месцы фельчараў, 317 — фельчараў-лабарантаў, 222 — ветэрынараў, 106 — акушэрак. Аптэкі не далічваюцца 127 фармацэўтаў і 141 правізара, а беспрацоўных, якія могуць заняць гэтыя вакансіі, — толькі тры чалавекі.

Попыт ёсць на зборшчыкаў абутку (для кожнага незанятага майстра — сем месцаў на выбар), арматуршчыкаў (пяць прапаноў на аднаго беспрацоўнага з адпаведнай спецыяльнасцю), швачак і праграмістаў (па тры вакансіі на чалавека). Работы ў горадзе хопіць таксама выхавацелям дашкольных устаноў, цырульнікам, кухарам, бетоншчыкам, мантажнікам будаўнічых канструкцый і трактарыстам.

Што да найбольш запатрабаваных спецыяльнасцяў у саіскальнікаў, то самы высокі конкурс назіраецца сярод дарожных рабочых — 11 чалавек на месца! Вялікая канкурэнцыя сярод сталяроў і транспарціроўшчыкаў (8 работнікаў на вакансію), аператараў электронна-вылічальных машын (па сем прэтэндэнтаў на пасаду). Зашмат на рынку і электрагазазваршчыкаў, станочнікаў дрэваапрацоўчых станкоў, слесараў. Цікава, што ў шэраг залішніх спецыялістаў трапілі прадаўцы і касіры: месцаў за прылаўкам — 1098, а прэтэндэнтаў — амаль на 600 чалавек больш.

Самая запатрабаваная прафесія ў вёсцы сёння — ветэрынар. 443 вакансіі і ўсяго пяць беспрацоўных, якія маглі б на іх уладкавацца. А на аднаго незанятага заатэхніка ў сельскай мясцовасці знойдзецца 34 месцы! З урачамі таксама напружана — 106 вакансій і ніводнага прэтэндэнта.

Традыцыйна ў попыце трактарысты-машыністы, аграномы і аператары машыннага даення. І нечакана — эканамісты і юрысты. Так, для 15 беспрацоўных прававедаў адкрыта 55 вакансій і амаль столькі ж для 33 незанятых эканамістаў. Уладкавацца ў вёсках змогуць і бухгалтары. Калі ў гарадах іх з лішкам, то тут прапаноў амаль у два разы больш за саіскальнікаў.

А вось прадаўцам і кіроўцам аўтамабіляў у сельскай мясцовасці знайсці работу складана: канкурэнцыя.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: У вёсках чакаюць юрыстаў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.