Вы тут

Дзённік Алімпійскіх гульняў


Пра перамогу баскетбалістак над гаспадынямі турніру, нападзенне на журналістаў і выступленне Кацярыны Карстэн на сёмых у кар'еры Гульнях — у штодзённым дзённіку Алімпіяды.


* Наша жаночая баскетбольная зборная пасля двух паражэнняў запар усё ж атрымала перамогу ў Рыа-дэ-Жанэйра над бразільянкамі — 65:63. Пасля няўдала праведзеных дзвюх першых чвэрцяў падапечныя Анатоля Буяльскага сабраліся і паступова пачалі даганяць гаспадынь пляцоўкі.

Мы ведалі, што Бразілія заўсёды рэзка пачынае, — расказала капітан каманды Наталля Трафімава.У кожнай гульні вядзе, а потым пачынае «здувацца». У нашым матчы гэта адбылося ў канцы другой чвэрці. Але паколькі ў нас у актыве ўжо былі два цяжкія паядынкі, то не хапіла сіл, каб перавесці гульню ў патрэбны кірунак адразу. Добра, што дзяўчаты выконвалі ўсе трэнерскія ўстаноўкі і змаглі змяніць сітуацыю. Бразільская каманда няпростая, габарытная. Але ўсё атрымалася і гэта супер.

Становішча каманд пасля трох гульнявых дзён у нашай групе такое: Аўстралія — 6 ачкоў, Японія — 5, Францыя — 5, Беларусь — 4, Турцыя — 4, Бразілія — 3.

Сёння беларускія дзяўчаты згуляюць з турчанкамі, гэты матч стане вырашальным для нашай каманды. Нагадаем, у плэй-оф выходзяць першыя 4 каманды з групы. Матчы заключнага тура ў групе А адбудуцца 13 жніўня.

* У Рыа-дэ-Жанэйра напалі на аўтобус з беларускім журналістам. Інцыдэнт адбыўся пасля баскетбольнага матчу Беларусь — Бразілія 9 жніўня. Як паведамляюць айчынныя журналісты, якія знаходзяцца ў горадзе правядзення Гульняў, пасля матчу аўтобус з прадстаўнікамі СМІ вяртаўся з кластара «Дэадора» ў галоўны прэс-цэнтр. На сярэдзіне шляху прыкладна ў 20.15 па мясцовым часе пачуліся гучныя хлапкі, пасля чаго два вялікія акны пакрыліся дробнымі расколінамі. Нязначныя пашкоджанні пальцаў асколкамі шкла атрымаў адзін з карэспандэнтаў.

Дарога ад кластара «Дэадора» да алімпійскага прэс-цэнтра пралягае праз кварталы фавелаў і сярод скалістай мясцовасці. Па здагадках, у вокны маглі трапіць стрэлы або камяні.

* Адна з самых вопытных беларускіх спартсменак на Алімпіядзе-2016 Кацярына Карстэн працягвае сваё ўпэўненае выступленне. Яна прабілася ў паўфінальны этап спаборніцтваў з вынікам 7 хвілін 28,03 секунды.

Сярод мужчын наш прадстаўнік Станіслаў Шчарбачэня таксама заваяваў права выступіць у паўфінале, пераадолеўшы бар'ер чвэрцьфіналу. Сёння беларусы стартуюць у паўфіналах.

* Амерыканскі плывец Майкл Фэлпс зноў б'е рэкорды. Спартсмен папоўніў свае дасягненні яшчэ двума залатымі медалямі. Іх Фэлпс заваяваў у індывідуальным заплыве на дыстанцыі 200 м батэрфляем і ў складзе каманды ў эстафеце 4х200 м вольным стылем. Цяпер Майкл Фэлпс з'яўляецца 21-разовым чэмпіёнам Алімпіяд.

— 21 залаты медаль — гэта шмат. Проста вар'яцтва. Гэта нешта неверагоднае. З нецярпеннем чакаю наступных стартаў, бо я яшчэ не скончыў, — цытуюць Фэлпса СМІ.

* Чарговая сенсацыя ў тэнісе. Першая ракетка планеты амерыканка Серэна Уільямс завяршыла выступленне на Алімпіядзе. Спачатку разам са сваёй сястрой Вінус яна пацярпела паражэнне ў парным разраде, а потым нечакана выбыла з барацьбы сярод адзіночак. У матчы 1/8 фіналу Серэна саступіла ўкраінцы Эліне Світолінай у двух сэтах — 4:6, 3:6.

Адзначым таксама, што завяршыла выступленне ў адзіночным разрадзе і чацвёрты нумар сусветнага рэйтынгу іспанка Гарбін Мугуруза.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.