Вы тут

Тэлевядучая Стэла Чыркова: «Два журналісты — як два крумкачы»


Колькі гадоў таму пісьменніца, журналістка і тэлевядучая Стэла Чыркова разам з сям'ёй змяніла тлумнае і вірлівае жыццё ў Маскве на больш спакойны і бяспечны Мінск. І сёння твар Стэлы, бадай, пазнаюць многія жыхары нашай краіны: разам з Таццянай Сівец яна з'яўляецца вядучай праграмы «Дыя@блог пра літаратуру» на канале «Беларусь 3» і прадстаўляе рускамоўны бок гэтага тэледыялогу пра паэзію, прозу, пераклады. Яна сама піша кнігі ў жанры сямейнай сагі, шмат падарожнічае па свеце, а таксама выхоўвае дзвюх чароўных дачок. Пра адметнасці працы ў праграме, любімыя маршруты вандровак па Беларусі і прыхільнасць да сукенак айчыннай вытворчасці — наша гутарка са Стэлай.


У сту­дыі «Дыя@блогу».

— Паколькі «Дыя@блог пра літаратуру» шмат у чым грунтуецца на пытаннях і каментарах гледачоў, то пачну з глядацкага водгуку пра двухмоўны фармат праграмы. Чула меркаванне, што ўзнікае пэўная блытаніна ва ўспрыманні, калі гучаць адначасова беларуская і руская мовы. Як вам самой, камфортна працаваць у такіх умовах?

— Я ўжо прывыкла. У праграме я пачала працаваць літаральна адразу пасля таго, як пераехала жыць з Масквы ў Мінск. Да гэтага часу я беларускай мовы амаль што нідзе не чула. Першы час мне было дзіўна, але вельмі цікава. Дзе яшчэ пачуеш столькі беларускага маўлення? На вуліцах Мінска мова не так і часта гучыць. Але што да гледачоў, то я чула больш пазітыўных водгукаў. Бо госці ў нас розныя, і калі б праграма была на адной мове, толькі беларускамоўным ці выключна рускамоўным гасцям было б складана. Двухмоўны фармат дае прымірэнне.

— Да вас на праграму прыходзяць розныя героі — паэты, празаікі, перакладчыкі, навукоўцы. Рыхтуючыся да запісаў, чытаеце іх кнігі?

— Вельмі стараюся. Калі план праграмы зацвярджаецца загадзя, чытаю ўсіх. Калі ж запіс адбываецца нечакана, падчас падрыхтоўкі магу і не паспець, але стараюся дачытваць потым. На шчасце, героі праграм часта прыносяць кнігі ў якасці падарункаў, у такім выпадку чытаю заўсёды.

— Можа, прыгадаеце смешныя выпадкі з запісаў праграмы?

— Была містыка. Калі мы рабілі праграму з Раісай Баравіковай і яна пачынала нешта вельмі эмацыянальна распавядаць пра каханне, пра сваю паэзію, то ў студыі ўся апаратура адмаўлялася працаваць. Нават жалюзі ледзь не зваліліся на маю калегу-сувядучую. Містыка скончылася толькі тады, калі папрасілі госцю стрымлівацца. Калі запісвалі праграму з Тамарай Лісіцкай, у мікрафоне падчас гутаркі ўсё звінела, спачатку папрасілі яе зняць завушніцы, бранзалет, і нават калі Тамара засталася без упрыгожанняў, усё роўна нешта звінела і стукала. А пра тое, як госці з крэслаў падалі, распавядаць не буду, хай застаецца за кадрам (смяецца). Крэслы ж у нас раскачваюцца, госці хвалююцца...

— Здараюцца здымачныя дні, калі можаце запар запісаць некалькі праграм. Што дапамагае пераключыцца з аднаго героя на іншага, з адной літаратурнай тэмы на кардынальна адрозную?

— Толькі кубак кавы. І рыхтавацца да праграмы за некалькі тыдняў. У выпадку, калі ў нас некалькі здымкаў запар, то стараемся падбіраць гасцей, якіх ужо запрашалі раней і чыталі, каб не ўваходзіць адразу ў чужую тэму, не знаёміцца з цалкам невядомым творцам.

— Неяк вы з сувядучай Таццянай Сівец дамовіліся пра тое, што ўсе касцюмы, у якіх вы выступаеце ў праграме, мусяць быць выключна беларускай вытворчасці. Усё яшчэ кіруецеся гэтым правілам?

— Першыя два гады мы трымаліся, нават было невялікае спаборніцтва ў тым, у каго больш беларускіх рэчаў у гардэробе. Але потым здаліся, чаму — не памятаю. Можа, Таня знайшла нейкую небеларускую фірму, якая робіць вельмі прыгожыя сукенкі, і мне таксама стала не прынцыпова. Але я вельмі люблю сукенкі, якія шыюць беларускія дызайнеры, а ў праграме мы здымаемся ў асноўным у сукенках.

— Многа даводзіцца грошай траціць на гардэроб, каб выглядаць увесь час добра, з'яўляцца ў кадры ў новых прыгожых вобразах?

— Не, бо сукенкі ад беларускіх вытворцаў не надта дарагія.

— А з Таццянай Сівец ужо пасябравалі, знайшлі ўзаемаразуменне?

— Два журналісты — як два крумкачы: калі вочы адзін аднаму не выдзёўбваюць, па азначэнні сябры (смяецца). А калі сур'ёзна, то перадачу рабіць трэба, выручаць адна адну трэба, бо апроч сумеснай працы ў «Дыя@блогу» мы маем і асноўныя заняткі, зусім іншыя. Натуральна, працу адна за адну мы не робім, але агульныя тэхнічныя моманты часам вырашаем па чарзе.

З каляжанкай па эфіры Тац­ця­най Сі­вец і дзі­ця­чай пісь­мен­ні­цай На­тал­ляй Бу­чын­скай.

— Пытанні гледачоў, каментары, што вы зачытваеце падчас праграм, — рэальныя, ці часам вы іх самі прыдумваеце?

— На ўсе 100% рэальныя. Спачатку ў нас гэта нават правяралі. Не тое, што мы спрабавалі некага падмануць, у любым выпадку заўсёды прасцей браць «жывыя пытанні». Колькі я магу пытанняў прыдумаць для кожнага пісьменніка? Толькі тыя, што ў мяне самой узнікаюць. Як паказвае практыка, пытанні гледачоў зусім не такія і не пра тое, пра што хацела б запытацца я. Гледачоў вельмі мала цікавіць сюжэт, фабула, натхненне, тэхніка напісання. Іх у цэлым цікавяць толькі тры рэчы: хто чытач кнігі, пра якую ідзе гаворка, — жанчына ці мужчына? Як выдаюць, рэкламуюць кнігі і колькі за гэта плацяць? А калі да нас завітваюць выдаўцы, то часта пытаюцца, як да іх можна трапіць.

— Праца з гледачамі, публікай патрабуе шмат сіл і часу. Калі апрацоўваеце каментары ў сацыяльных сетках, ведзяце дыялогі з чытачамі, не маеце адчування, што гэтая праца крадзе асабісты час?

— На любімую тэму можна гутарыць нават не ў працоўны час. Ды і пра літаратуру я магу гаварыць доўга. Менавіта таму мае сэнс весці толькі тую праграму, тэма якой табе асабіста вельмі цікавая. Мне самой цікава, якія пытанні задаюць, што кажуць гледачы.

— Вопыт камунікацыі з героямі праграм, тое, што яны распавядаюць, вам асабіста таксама карысна ў працы?

— А дзе яшчэ я з імі пазнаёмлюся? Не буду ж сама навязвацца, пісаць у інтэрнэце знакамітым празаікам, выдаўцам, паэтам, крытыкам і запрашаць на каву, каб пагутарыць, бо мне гэта цікава. Атрымліваецца, што і нам цікава, і нашым гасцям таксама цікава з намі. Мне гэтая праграма столькі людзей з літаратурнага кола падарыла, колькі я сама за жыццё не сустрэла б!

— Вы шмат падарожнічаеце, неяк нават называлі фантастычную лічбу наведаных краін...

— Сёлета правяла адпачынак у 44-й.

— Якія далейшыя планы па вывучэнні свету?

— Трэба падумаць. Хутчэй за ўсё, я зноў паеду ў Індыю, туды ў лістападзе клічуць на вяселле. Але гэта будзе паўтор, мы там ужо былі. Што да новых, то нават і не ведаю, планы падарожжаў ніколі не здзяйсняюцца. Адзіны раз, калі я паехала, куды планавала, быў сёлета, калі «Белавія» праводзіла акцыю да 20-годдзя. Звычайна, калі выпадае адпачынак, гляджу на тое, куды квіткі ёсць, туды і выпраўляюся.

— Вы досыць актыўна вандруеце па Беларусі. Як ацэньваеце айчынны сэрвіс для турыстаў?

— Такое ўражанне, што вобласці і раёны — як розныя краіны. У адну мясцовасць прыязджаеш — усё выдатна, і сэрвіс, і ўказальнікі для турыстаў, арганізавана харчаванне, выдатныя экскурсіі ў музеях, шмат паслуг, людзі прыветныя. А трапляеш у суседні раён — там фармальна ў спісе ўсё ёсць, але ў рэальнасці і паглядзець няма на што.

— Давайце адмоўныя прыклады згадваць не будзем, а ўспомнім станоўчыя. Куды параілі б паехаць госцю Беларусі?

— У нас заўсёды многа гасцей, і я ўвесь час нешта ім раю, таму ведаю правераныя маршруты. Акрамя Мінска, заўсёды раю Мір, Нясвіж, Навагрудак, бо там можна пабачыць замкі; тых, у каго больш часу, выпраўляю ў Брэст, дзе можна наведаць крэпасць, выдатныя музеі і завітаць у Белавежскую пушчу, у Брэсцкай вобласці цікава таксама паглядзець Косаўскі замак на Івацэвіччыне і сядзібу Тадэвуша Касцюшкі. Вельмі люблю Гомельскую вобласць, таму і сяброў агітую выправіцца туды.

— Вы ж яшчэ і кнігі пішаце ў жанры сямейнай сагі.

— Іх я не паспяваю пісаць (смяецца). Раней у мяне была дамова з расійскім выдавецтвам, тады кожныя чатыры месяцы трэба было здаваць рукапісы рэдактару, выконваць план і адпрацоўваць аванс. У такіх умовах, натуральна, усё паспявала. Але беларускія выдаўцы ненавязлівыя, рукапісаў не патрабуюць, таму і не паспяваю пісаць.

— Хвалюецеся, як кнігу ўспрымуць чытачы?

— Ужо, напэўна, не. Я прывыкла працаваць у плыні, калі праз пэўны перыяд часу трэба здаваць новую кнігу. Атрымліваецца, пакуль папярэдняе выданне даходзіць да чытача, я ўжо пішу новы твор, у мяне ўжо новыя героі жывыя, я перажываю за іх. Пра папярэдні раман нават не думаю.

— Ці можа пісьменнік працаваць не па натхненні, а па вось такім плане?

— Як журналіст, прывыкла да планавання. Я ўсё жыццё працую так. Нават не ведаю, ці можна па-іншаму. Калі не ведаеш, па якім плане будзеш працаваць, то як даведацца, калі прачнуцца зраніцы? Што дакладна я зраблю? Як гэта ацаніць? Я так не ўмею. Штодзень ведаю, колькі і што буду рабіць, як ацаню зробленае.

— Акрамя таго, што вы паспяховая пісьменніца, вядучая, вы яшчэ і мама дзвюх дачок. Якая вы мама — строгая, добрая?

— Я вясёлая мама. Прытрымліваюся меркавання, што з дзецьмі павінна быць весела і ўвогуле нараджаць дзяцей мае сэнс толькі ў тым выпадку, калі табе з імі весялей, чым без іх. Мне з маімі дзецьмі весялей, чым без іх, спадзяюся, ім са мной таксама.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Доўгія гутаркі пра творчасць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Абеліскі параненай зямлі». Без шанцу на глыток паветра

«Абеліскі параненай зямлі». Без шанцу на глыток паветра

Відэакадры масавага забойства пацыентаў у магілёўскай псіхіятрычнай бальніцы фігуравалі ў абвінавачванні супраць фашыстаў на Нюрнбергскім працэсе.

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.