Вы тут

Як карэспандэнт «Звязды» карміла хлебаробаў агракамбіната «Зара»


Сёння ў вёсцы самая гарачая пара. Ураджай добры, трэба толькі хутка і якасна яго ўбраць. Хлебаробы выкарыстоўваюць кожную сонечную хвіліну, часу няма нават на паездкі ў сталовую. Таму гарачыя абеды для іх прывозяць проста ў поле. Карэспандэнт «Звязды» атрымала заданне хутка і якасна накарміць тых, ад каго залежыць харчовая бяспека нашай краіны. Магчымасць яго выканаць прадставіла адна з лепшых гаспадарак Магілёўскай вобласці — агракамбінат «Зара».


 «Люб­лю пан­цак з пад­ліў­кай».

Як я стала кухоннай рабочай

Наогул у святая святых гаспадаркі, дзе гатуецца ежа для супрацоўнікаў агракамбіната, чужых не пускаюць. Таму спачатку праходжу атэстацыю ў генеральнага дырэктара таварыства Аляксандра Корнева, а заадно цікаўлюся, як ідзе бітва за ўраджай.

Кіраўнік мяне адразу ж папраўляе: бітвы няма, ёсць планавая работа. «Ураджай адпавядае тым параметрам, якія яму задавалі пры сяўбе, унясенні ўгнаенняў. Валавы збор будзе каля 23-24 тысяч тон, ураджайнасць каля 70 ц/га», — уводзіць ён мяне ў курс справы. Уборку ускладняюць ападкі, з-за якіх зарастаюць пасевы, а ад павышанай вільгаці ўтвараецца палегласць. Між тым механізатары поўныя аптымізму ўбраць усё своечасова і ў тэрмін. Яравыя і азімы рапс «заранцы» ўжо ўбралі, цяпер ідзе ўборка пшаніцы і трыцікале. На 10 жніўня было ўбрана каля 45% плошчаў, вал складаў больш за 10 тысяч тон. Калі надвор'е дазволіць, то праз 10 дзён жніво скончыцца. Потым пачнецца ўборка кукурузы і сяўба рапсу.

Вядомая справа, што ад таго, як людзей накормяць, залежаць і канчатковыя вынікі. З такім наказам я паступаю ў распараджэнне загадчыцы сталовай Яўгеніі Маісеенкі.

 «І што ў нас там на пер­шае?»

Свежая капуста на першае, гуляш з пярлоўкай — на другое

Тэрыторыя гаспадаркі вялікая, і розныя аб'екты раскіданы па вёсках. Адміністрацыя, напрыклад, знаходзіцца ў Рэчках, а сталовая, дзе мне належыць дапамагаць варыць супы і кашы для механізатараў, у Хатках.

Першым чынам, калі мы прыязджаем на месца, мне выдаюць спецадзенне і хустку. Так я ператвараюся з карэспандэнта ў кухонную рабочую. Мне дазваляецца чысціць бульбу, перакручваць мяса на катлеты і гэтак далей. Чамусьці ўспомніўся фільм «Дзяўчаты». Але на ролю Тоні Кісліцынай я не падыходжу, яна спецыяліст, а я ж толькі вучуся. Таму на кухні я накшталт Тонінай сімпатыі — Ільі Каўрыгіна. Ціха радуюся, што цяпер ёсць вада ў кранах і яе не трэба вёдрамі насіць.

Яўгенія Маісеенка ў якасці загадчыцы сталовай працуе ўжо год, кажа, што работа вельмі падабаецца. Раней працавала ў горадзе, на рабоце трэба было быць ужо а 6-й гадзіне раніцы. Тут прасцей, бо нікуды ехаць не трэба. Ды і калектыў падабаецца. Сваёй прафесіяй таксама задаволена. У наступным годзе атрымае дыплом аб вышэйшай адукацыі Магілёўскага ўніверсітэта харчавання. Мяняць у сувязі з гэтым вёску на горад не збіраецца, бо тут кватэра, сям'я. Ды і бацькі побач.

Дарэчы, «Дзяўчаты» — любімы фільм Яўгеніі. Кажа, што калі добра падумае, то можа, як Тоня Кісліцына, усе 50 відаў бульбяных страў назваць. Але для надзейнасці дастае вялікую кнігу з рэцэптамі. Там іх столькі, што жыцця не хопіць усё пакаштаваць. Але тутэйшы народ без вялікіх запытаў, больш любіць правераныя часам гуляшы, катлеты і ўсё астатняе, дзе ёсць сапраўднае мяса. Добра выручаюць паўфабрыкаты, якія гаспадарка вырабляе на сваім мясакамбінаце, каўбаскі «Беларускія», купаты «Арыгінальныя» і гэтак далей. Гароднінай забяспечваюць агракамбінаты «Вейна» і «Кадзіна». Здзіўляць народ асабліва няма чым, але тут імкнуцца. На працягу тыдня стараюцца, каб стравы не паўтараліся. На першае часцей за ўсё бываюць боршч, расольнік, суп гарохавы, з макаронамі, з рысам, пярлоўкай, просам. На другое, акрамя згаданага мяса, гарнір — капуста або бульба тушаная, пюрэ, рагу, але часцей лідзіруюць карысныя для здароўя вязкія кашы — грэчневая, рысавая, прасяная, ячная.

Мне, як навічку, было цяжка ўявіць, як гэта — гатаваць вялікімі порцыямі. «Нічога складанага, — паціснулі плячыма прафесіяналы. — Для супу на 70 порцый (менавіта на столькі чалавек у сярэднім тут рыхтуецца ежа) трэба кожны дзень начысціць 12 кіло бульбы — паўтара вядра. Для двух вопытных чалавек працы на паўгадзіны. Больш трэба намаганняў, каб зрабіць пюрэ або катлеты. Гэта больш працяглыя па часе заняткі, ды і больш складаныя. На тыя ж катлеты трэба мяса перакруціць, зважыць, сфармаваць і спячы.

І на­кор­мяць, і пад­ба­дзё­раць.

Хто як есць, той так і працуе

Знаёмлюся з часовымі калегамі па рабоце — поварам Жанай Рудзічавай і кухоннымі работнікамі Алай Ярашэвіч і Таццянай Ніканавай. На кухні працуе яшчэ 2 чалавекі, але ў іх выхадны дзень. Калектыў дружны і вясёлы.

Рабочы дзень пачынаецца з 7, і да 10 ужо ўсё зварана. У 50-літровай каструлі стыне свежая капуста, яшчэ ў адной глыбокай ёмкасці даходзіць да кандыцыі каша. З 11 пачынаецца выезд на аб'екты. На двары нас чакае белы мікрааўтобус. Кіроўца дапамагае перанесці цяжкія бітоны ў машыну, і мы бяром курс на Бракава. Суправаджае нас намеснік генеральнага дырэктара па раслінаводстве Яўген Сялюгін. Ехаць паміж дагледжаных палёў адно задавальненне. «Ураджайнасць ячменю і зернебабовых у нас 65-70 ц/га, — каментуе Яўген. — Пшаніцы наогул 70-80 ц/га. Гэта ўсё дзякуючы своечасовай падкормцы мінеральнымі ўгнаеннямі, высокай абароне раслін, якаснаму пасяўному матэрыялу, правільнай падрыхтоўцы глебы. Тут праца ўсіх спецыялістаў гаспадаркі».

Збожжа ідзе на збожжатокі гаспадаркі, потым на камбікорм птушцы і жывёле. Умоўна кажучы, ураджай-2016 даходзіць да спажыўцоў у выглядзе смачных каўбас і паўфабрыкатаў з маркай «Зара».

«Прыехалі», — аб'яўляе Яўген, і мы пачынаем падрыхтоўку да прыёму камбайнераў. Нарэшце на гарызонце паяўляецца «Лексіён», славуты экіпаж двух Уладзіміраў, бацькі і сына Корсакаў, пастаянных лідараў жніва. Побач кіруе грузавіком таксама неаднаразовы пераможца па перавозках зерня на збожжаток Хасія Лангуры. Яго машына праязджае міма. «Ён снедае ў сталовай. Гэта як раз па суседстве са збожжатокам», — тлумачыць Яўгенія Маісеенка, перахапіўшы мой здзіўлены позірк. Да нашай перасовачнай сталовай накіроўваецца пакуль што адзін Уладзімір Корсак.

— Прагаладаліся? — ветліва сустракаю героя.

— Вядома, — адказвае ён. Інтрыгі не атрымалася. Журналістаў за гады свайго лідарства на полі жніва ён навучыўся пазнаваць у твар. Не дапамагло нават спецадзенне. Але выкрываць мяне не стаў, наадварот, уключыўся ў гульню. «Цікава, а што гэта ў нас за свята. Галоўны аграном і загадчыца сталовай прыехалі?»— зрабіў ён здзіўлены выгляд.

Пакуль машына не вернецца са збожжатока, у камбайнера ёсць некалькі хвілін падсілкавацца і адпачыць. Чалавек з шасці раніцы на працы, стаміўся. А наперадзе яшчэ цэлы дзень работы на поле.

— Працуем дацямна, сіл хапае толькі дайсці да дома і заваліцца спаць, — прызнаецца Уладзімір Корсак.

Дапамагаюць яму сёлета па чарзе два сыны — Уладзімір, за плячамі якога ўжо армія, і Вадзім, якому 17 гадоў.

На пах ежы падцягнуліся і ратавальнікі. Яны падчас жніва працуюць з хлебаробамі ў адной звязцы. Калі на вуліцы плюс 30, камбайн награецца так, што да бяды можа давесці любая іскра.

— Без іх у спякоту нельга, — адзначае важнасць прысутнасці ратавальнікаў пры ўборцы Уладзімір. — Сочаць за тым, каб нідзе не было задымлення.

З-за павароту паказваецца грузавік Хасіі, і Уладзімір бяжыць хутчэй за штурвал. На змену яму прыязджаюць Уладзімір і Дзмітрый Мельнікавы. Гэты сямейны экіпаж, вобразна кажучы, наступае на пяткі Корсакам. На 9 жніўня спіс рэкардсменаў з 2 543 тонамі намалочанага збожжа ўзначальваў Уладзімір Корсак, следам з лічбай 2 452 ішоў Уладзімір Мельнікаў. Абодва экіпажы працуюць на адным полі, і паміж імі здаровы спартыўны азарт. Хутка перакусілі і хутчэй да свайго «Лексіёна». А мы едзем далей. Да 2 гадзін трэба ўсіх накарміць.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Не паеў, адкуль сіла будзе?

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.