Вы тут

Чым прываблівае «Белсаюздрук»


У замежных фільмах і серыялах часта можна ўбачыць эпізод, дзе галоўны герой, зручна ўладкаваўшыся на лаўцы ў маляўнічым парку, з асалодай пацягвае каву і засяроджана чытае свежую газету. Выдумка галівудскіх рэжысёраў? Не, будні сучаснага мінчаніна! Мы даведаліся пра новаўвядзенні і планы прадпрыемства «Белсаюздрук», якое гатова забяспечыць сваім кліентам «і хлеб, і відовішчы».


РУП «Белсаюздрук» з'яўляецца асноўным распаўсюджвальнікам перыядычных выданняў у сталіцы. На 1 ліпеня гэтага года ў Мінску было зарэгістравана 349 гандлёвых аб'ектаў. З іх: 27 магазінаў, 37 павільёнаў і каля 300 кіёскаў. Павільёны ставяць у месцах з найбольш высокім узроўнем пакупніцкага патоку. Часцей за ўсё імі замяняюць кіёскі, фармат якіх не дае магчымасці задавальняць усе запыты спажыўцоў. Аднак бываюць выпадкі, калі павільёны з'яўляюцца ў абсалютна новых месцах, звычайна такая сітуацыя характэрна для мікрараёнаў, якія актыўна забудоўваюцца.

«Значна прасцей паставіць павільён у «правераным кіёскам» месцы. Аднак мы праводзім сур'ёзныя даследаванні, каб высветліць, дзе і якога тыпу гандлёвыя аб'екты неабходныя. Гэта дазваляе спрагназаваць сітуацыю, але не дае стопрацэнтнай гарантыі поспеху. І ўсё ж мы гатовы браць на сябе адказнасць і рызыкаваць дзеля павышэння якасці абслугоўвання», — дзеліцца сакрэтамі працы начальнік аддзела арганізацыі гандлю «Белсаюздруку» Вольга БАРКО.

У пачатку наступнага тыдня будзе адчынены ўжо 38-ы па ліку сучасна абсталяваны павільён. 24-метровая гандлёвая пляцоўка размясцілася па вуліцы Прытыцкага, 56. Зараз вядуцца работы па ўстаноўцы яшчэ аднаго павільёна: ён адчыніць свае дзверы для пакупнікоў у пачатку верасня на вуліцы Калеснікава ў новым мікрараёне Каменная Горка. Адкрыццё будзе прымеркавана адразу да двух святаў: да Дня горада і Дня беларускага пісьменства.

Павільёны бываюць трох памераў: 24, 40 і 60 «квадратаў». Найбольш буйныя дзеляцца на дзве часткі: магазін з друкаванай прадукцыяй і паўнавартасны кафетэрый. У тых, што паменш, выбар пачастункаў не такі багаты, аднак без кубачка кавы вас не пакінуць: амаль у кожным павільёне ёсць кавамашына. Тых, хто не можа спакойна паснедаць, не расказаўшы пра гэта ў сацыяльных сетках, чакае прыемны бонус — доступ да бясплатнага вай-фаю. Кнігі ў павільёнах можна не толькі купіць, але і проста ўзяць: прадпрыемства падтрымлівае развіццё буккросінгу. Калі ж вам трэба набыць білеты на канцэрт, аплаціць камунальныя паслугі, забраць заказ з інтэрнэт-крамы «Белсаюздруку» ці зрабіць адразу ўсё са спісу, гандлёвыя павільёны зноў прыйдуць на дапамогу.

«Пакуль для сталічнага спажыўца гэта ў навіну, хаця да добрага хутка прывыкаеш. Напрыклад, кава ад «Белсаюздруку» ўжо стала своеасаблівым брэндам. Гэта пры тым, што актыўна ставіць павільёны, у якіх ёсць магчымасць аказваць у тым ліку і такія паслугі, мы пачалі ўсяго некалькі гадоў таму, — расказвае Вольга Барко. — Імкненне да шматпрофільнасці адпавядае патрабаванням сучаснага ладу жыцця. Чалавек зайшоў за газетай і ў гэтым жа месцы яму ўдалося вырашыць яшчэ шмат пытанняў, дзякуючы чаму ў яго вызваліўся час. Для мінчан, якія жывуць у пастаяннай спешцы, гэта велізарны плюс».

У гандлёвых павільёнах таксама можна набыць латарэі, праязныя квіткі, кнігі, цацкі, сувенірную прадукцыю. Ужо завяршылася падрыхтоўка да школьнага сезона: на прылаўках акуратна раскладзеныя рознакаляровыя канцылярскія прылады роўнымі стосамі ляжаць свежанадрукаваныя дапаможнікі, рабочыя сшыткі, контурныя карты і іншая вучэбная літаратура. Калі дзяцей парадуе вялікі выбар прыгожых сшыткаў і нататнікаў, то бацькі ацэняць выгадную прапанову: пры пакупцы тавараў для школы на суму ад 20 рублёў кожны атрымлівае купон на 10-працэнтную зніжку. У планах — распаўсюджваць купоны і больш незвычайнымі спосабамі. Напрыклад, іх можна будзе выпадкова знайсці сярод старонак перыядычнага выдання ці кнігі.

Заўсёднікі павільёнаў ведаюць, што часта можна напасці на прыемную акцыю: купля газеты разам з кавай прыносіць пэўныя бонусы. Нядаўна была ўведзена паслуга растэрміноўкі на два месяцы. Гэта дае магчымасць разабрацца з аплатай без істотных цяжкасцяў. Прадстаўнікі прадпрыемства імкнуцца дэталёва прадумаць умовы, якія забяспечаць камфорт усім катэгорыям пакупнікоў: у буйных павільёнах абсталяваны велапаркоўкі, для людзей з абмежаванымі магчымасцямі і мам з каляскамі ўстаноўлены пандусы. Паступова «Белсаюздрук» пашырае свае сацыяльныя функцыі, ператвараючы гандлёвыя аб'екты ў месцы для зносін.

«Мы падтрымліваем цесную сувязь з нашымі пакупнікамі, заўсёды гатовы прыняць да ведама іх заўвагі і прапановы. Скажу шчыра, што прыслухоўваючыся да пажаданняў, мы атрымліваем мноства станоўчых водгукаў, у тым ліку і ў выглядзе пісьмовых падзяк, — з гонарам адзначае Вольга Барко. — Гэта асабліва важна таму, што наша задача не проста прадаць тавар, а аказаць якасную паслугу, нават у нейкай ступені зрабіць яе атрыманне прыемным».

Дар'я Каско

kasko@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.