Вы тут

Другі арт-праект прадстаўніка дынастыі Заслонавых


У асобным пакоі Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў была прадстаўлена інсталяцыя маладога аўтара Піліпа Заслонава «Цёмны лес», што закранае надзённае экалагічнае пытанне: у меншай ступені ва ўтылітарным значэнні, у большай — у філасофскім кірунку сувязі паміж чалавекам і прыродай. Гэта значыць маралізатарскі матыў «не нашкодзь» счытваецца, але сукупнасць элементаў — аб'ектаў, відэа, музыкі і нават паху — накіроўвае думкі ў больш шырокае рэчышча.


Неабгабляваныя дошкі стаяць у пакоі быццам дрэвы. На гэты «лес» праецыруецца відэа, у якім зманціраваны эпізоды, што выяўляюць як прысутнасць, так і адсутнасць чалавека ў натуральным антуражы. Спецыяльна напісаная для інсталяцыі музыка вымушае паглыбіцца ў прапанаваную тэму, да таго ж у пакоі чароўна пахне дрэвам. Раю шукаць момант, калі вы зможаце застацца тут у адзіноце.

«У першую чаргу інсталяцыя павінна рабіць пэўнае эстэтычнае ўздзеянне, — кажа Піліп Заслонаў. — Што тычыцца ідэі, я паспрабаваў вярнуць дошкі, што некалі былі дрэвамі, якія накіравалі па іншым прызначэнні, на іх першапачатковае месца, каб сказаць — «мы знішчаем лес». У відэа можна ўбачыць уласна лес, закінутыя будынкі, будыйскіх манахаў, арла ў палёце, людзей у лодцы — я загадзя ведаў, што хачу паказаць, знайшоў відэа ў інтэрнэце і зманціраваў. Музыку я напісаў сам з разлікам, каб наведвальнік поўнасцю паглыбіўся ў гэтую атмасферу, аказаўся ў стане нейкага трансу, каб з Мінска ён перамясціўся ў іншае месца, у сваё ўяўленне. Пах забяспечваецца выключна дошкамі, яны даволі сырыя, я нават не разлічваў на такі моцны водар, хоць і ведаў, што ён дакладна будзе.

Год таму Піліп Заслонаў прадстаўляў свой першы на мінскай пляцоўцы арт-праект: у тым жа Цэнтры сучасных мастацтваў быў адкрыты інтэрактыўны перфоманс «Ламаная лінія/The Broken Lіne». Прыкладна тады аўтар абмаляваў дырэктарцы ЦСМ Наталлі Шаранговіч ідэю новага праекта.

«Сёлета я паказаў ёй малюнкі і стаў працаваць — шукаць дошкі і спосабы іх усталявання, вырашаць тэхнічныя пытанні. Інсталяцыю мы рабілі тры дні. Сама ідэя дошак, што стаяць вертыкальна на падлозе, узнікла ў мяне ўжо даўно, паступова ў вобраз праекта дадаліся відэаматэрыял, музыкальны фон, і гэта дарасло да інсталяцыі «Цёмны лес», — працягвае Піліп.

Усё ў «Цёмным лесе» накіроўвае думкі ў рэчышча сувязі чалавека з прыродай, дзе першы наўмысна адасабляецца ад свайго натуральнага кантэксту і, можна сказаць, узводзіць сябе на п'едэстал. У цёмным пакоі наведвальнік не толькі сузірае адбудаваны сучасны лес, але і прысутнічае ў ім, і рэагуе на яго таксама. Думкам лепш даць ісці сваім шляхам, а па вызначэнні пасля наведвання пакоя трэба яшчэ і ўсвядоміць, што камунікацыя з прыроднай часткай навакольнага свету, магчыма, патрабуе ад вас карэктыў. А экалогія — пытанне не толькі нашага фізічнага здароўя, але і стану, прабачце, душы. Як вобразамі дрэў сталі негабляваныя дошкі, так на месцы чалавека (ці вобразам яго стану) можа аказацца нешта скалечанае, непаўнавартаснае, што нацярпелася.

Піліп Заслонаў нарадзіўся ў Мінску, але пазней з сям'ёй пераехаў у Францыю, дзе жыве і сёння. Малады аўтар вывучаў архітэктуру інтэр'ера і дызайн aб'ектаў у школе Camondo ў Парыжы, а цяпер атрымлівае адукацыю па графічным дызайне ў школе Іntuіt Lab. Яго бацька Раман Заслонаў — вядомы мастак і ўнук Канстанціна Заслонава.

Інсталяцыю «Цёмны лес» можна ўбачыць у Цэнтры сучасных мастацтваў па вуліцы Някрасава да 3 верасня.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovіch@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Лес дошак

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.