Вы тут

Лідзія ЯРМОШЫНА: «Кандыдат не павінен баяцца адкрытых пытанняў»


Стала вядома, колькі ж чалавек прэтэндуе на 110 дэпутацкіх мандатаў. Як паведаміла старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія ЯРМОШЫНА, камісіі з вылучаных 630 зарэгістравалі 521 кандыдата. 93 прэтэндэнты атрымалі адмову ў рэгістрацыі, 16 — адмовіліся самі.


Адмоў у рэгістрацыі менш, чым у 2012-м

Каментуючы гэтыя звесткі падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА, Лідзія Ярмошына падкрэсліла: тут ніколі нельга кіравацца толькі лічбамі. Самае галоўнае, па яе словах, прычыны адмоў у рэгістрацыі.

— Калі адмовы абгрунтаваныя і адпавядаюць рэаліям, то гэта нармальна, — упэўнена старшыня Цэнтрвыбаркама. — Калі ёсць адмовы, «прыцягнутыя за вушы», будуць разбірацца тэрытарыяльныя камісіі, потым суды. Зразумела, такая сітуацыя не можа задавальняць ні мяне, ні выбаршчыкаў.

Паказальна, што сёлета было зафіксавана на 10% адмоў у рэгістрацыі менш, чым падчас парламенцкіх выбараў 2012 года. Так, тады было зарэгістравана 363 кандыдаты, а адмову ў рэгістрацыі атрымалі 122 прэтэндэнты.

Усё індывідуальна

Адказваючы на пытанне, як яна асабіста ставіцца да таго, што кандыдаты адмаўляюцца ад удзелу ў дэбатах, Лідзія Ярмошына заявіла:

— Удзел у выбарах з'яўляецца свабодным, як і ў перадвыбарных мерапрыемствах. Я супраць любога прымусу. Калі кандыдат адмаўляецца ад удзелу ў тэледэбатах, то выбаршчык мае права зрабіць адпаведную ацэнку яго асобы. Можа, ён адмаўляецца цалкам абгрунтавана? Напрыклад, кандыдат канкурыруе з чалавекам, для якога характэрна залішняя канфліктнасць. Прыйсці і быць абражаным, прыніжаным, аблаяным — гэта роўныя ўмовы вядзення дэбатаў? Зразумела, што не. Я лічу, любы кандыдат (скажам, старшыня райвыканкама, кіраўнік, палітык) не павінен баяцца адкрытых пытанняў, павінен умець адкрыта апаніраваць. Але гэта вельмі індывідуальна.

63% зарэгістраваных вылучаны партыямі

Сярод зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў — 24,8% жанчын.

Гэта менш за трэцюю частку ад агульнай колькасці, але ўсё-такі ў кандыдатаў-жанчын ёсць рэальны шанц заняць значную долю месцаў у ніжняй палаце парламента.

— Жанчыны могуць заняць і да 50% са 110 месцаў у парламенце, калі яны будуць абраныя выбаршчыкамі, — адзначыла Лідзія Ярмошына.

Што да іншай статыстыкі, то моладзі сярод зарэгістраваных кандыдатаў 9,8% (крыху больш, чым у 2012 годзе, калі гэты паказчык склаў 9,1%). А 42 чалавекі (8,1%) — пенсіянеры.

Прадстаўнікі сацыяльнай сферы (адукацыя, культура, навука, ахова здароўя) склалі 18,2% (95 чалавек), прадстаўнікі дзяржорганаў — 9,8% (51 чалавек). Досыць шмат работнікаў прамысловасці — 17,3% (90 чалавек). Ёсць і прадпрымальнікі — іх 35 чалавек (6,7%). Іншыя сферы дзейнасці прадстаўляюць 136 чалавек (26,1%). У якасці кандыдатаў зарэгістраваны таксама і 31 беспрацоўны (6% ад агульнай колькасці зарэгістраваных).

Вылучаны палітычнымі партыямі і зарэгістраваныя ў якасці кандыдатаў 52,5% усіх зарэгістраваных (гэта прыблізна, як і ў 2012 годзе). У цэлым жа членамі партый з'яўляюцца 63,7% кандыдатаў (332 чалавекі).

Заканадаўчыя, арганізацыйныя і прававыя ўмовы — роўныя

Пра гэта заявіла Лідзія Ярмошына, адказваючы на пытанне, ці былі створаны роўныя ўмовы для вылучэння апазіцыйных і праўладных кандыдатаў. Разам з тым старшыня ЦВК падкрэсліла, што абсалютнай роўнасці пры вылучэнні быць не можа, таму што не роўныя самі кандыдаты.

— Дырэктара завода вылучыць яго працоўны калектыў, кіраўніка грамадскага аб'яднання або лідара партыі падтрымае яго структура, а беспрацоўнага вылучаць няма каму, — звярнула ўвагу старшыня Цэнтральнай камісіі. — Таму абсалютнай роўнасці не існуе. Усё вызначае асоба самога кандыдата.

Экзітполы на парламенцкіх выбарах не маюць сэнсу

Адказваючы на пытанне пра экзітполы на гэтых парламенцкіх выбарах, старшыня Цэнтральнай камісіі адзначыла, што не чакае, што на бягучых выбарах будуць праводзіцца экзітполы.

— Экзітполаў я не чакаю, але могуць быць сацыялагічныя апытанні, — сказала яна. — Экзітполы на парламенцкіх выбарах наогул не патрэбныя, таму што экзітпол можа праводзіцца толькі ў межах адной са 110 выбарчых акруг. Гэта абсалютна нічога не дае, таму экзітполы, на мой погляд, недарэчныя нават пры нашай мажарытарнай сістэме. Што тычыцца сацыялагічных апытанняў, то яны павінны праводзіцца абавязкова — хоць бы для выбарчых камісій, якія ўжо змогуць арыентавацца на тое, каму аддаюць перавагу выбаршчыкі.

Мажарытарная сістэма патрэбна выбаршчыку

Падчас анлайн-канферэнцыі старшыню ЦВК запыталі і пра тое, ці можа вялікая колькасць членаў партый сярод зарэгістраваных у кандыдаты быць падставай для таго, каб разглядаць пераход да партыйных спісаў. Па словах Лідзіі Ярмошынай, пераход на прапарцыянальную сістэму патрэбен, каб партыі развіваліся, удзельнічалі ў выбарах.

— Гэта адзінае абгрунтаванне такога кроку, — сказала старшыня Цэнтрвыбаркама. — Але мы бачым, што партыі ў нас не дэградуюць, яны развіваюцца і пачынаюць удзельнічаць у выбарах яшчэ больш актыўна. Дык навошта мы будзем укараняць прапарцыянальную сістэму і ў той жа час пазбаўляць выбаршчыка такіх рэчаў, як персанальны погляд, персанальны выбар кандыдата, персанальная адказнасць? Гэта ўсё тое, што дае мажарытарная сістэма, што дорага выбаршчыку.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by


 

У разрэзе рэгіёнаў

На Магілёўшчыне зарэгістравана 69 кандыдатаў...

Усяго за перыяд з 2 па 11 жніўня ў 13 акруговых камісій Магілёўскай вобласці было пададзена 108 камплектаў дакументаў ад 85 патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Але толькі 69 з іх зацверджаны. Менш за ўсё прэтэндэнтаў на месца ў парламенце ў Крычаўскім раёне — 3 чалавекі. У трох акругах па 4 кандыдаты, яшчэ трох — па 5, чатырох — па 6 і ў дзвюх — па 7 і 8.

Як патлумачыў старшыня абласной выбарчай камісіі Валерый Берастаў, прычынамі выбыцця 16 патэнцыйных кандыдатаў сталі: у адным выпадку адмова ад удзелу ў выбарчай кампаніі, у астатніх — недакладныя подпісы ў падпісных лістах, пры выключэнні якіх не атрымлівалася неабходных 1000 чалавек для вылучэння ў кандыдаты, або недакладныя звесткі ў дэкларацыях, або няпоўны камплект дакументаў для рэгістрацыі.

Магчымасцю трапіць у кандыдаты 3 спосабамі — ад палітычнай партыі, працоўнага калектыву і шляхам збору подпісаў скарысталіся 4 кандыдаты, двума — 15 і адным — 50. З агульнай колькасці кандыдатаў у дэпутаты 58% — члены палітычных партый.

На 12 жніўня Магілёўскую вобласць наведалі 3 міжнародныя назіральнікі. Камісіямі ўсіх узроўняў акрэдытавана больш за 800 нацыянальных назіральнікаў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

...А На Міншчыне — 66

Сярод іх 26 былі вылучаны шляхам збору подпісаў, 24 — працоўнымі калектывамі, 34 — палітычнымі партыямі. У тым ліку 10 — Ліберальна-дэмакратычнай партыяй, па 6 Камуністычнай партыяй Беларусі і партыяй БНФ, 5 — Аб'яднанай грамадзянскай партыяй, 3 —Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыяй (Грамада), 2 — Беларускай партыяй левых «Справядлівы свет», па 1 Рэспубліканскай партыяй працы і справядлівасці і Беларускай патрыятычнай партыяй.

Некаторыя прэтэндэнты на месца ў парламенце вылучаліся двума, а то і трыма спосабамі. У ліку кандыдатаў у дэпутаты, зарэгістраваных Мінскай абласной выбарчай камісіяй, 24 жанчыны (36,4%), 9 маладых людзей ва ўзросце да 30 гадоў (13,6%), 4 пенсіянеры (6,1%). Два чалавекі з'яўляюцца дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў дзеючага склікання.

У Мінскай вобласці для назірання за ходам выбарчай кампаніі і галасаваннем за кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў акрэдытавана 478 чалавек, сфарміравана 17 выбарчых акруг.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».