Вы тут

Кожны другі падлетак з Беларусі загінуў падчас блакады Ленінграда


На Піскароўскіх мемарыяльных могілках, што ў Санкт-Пецярбургу, у 1996 годзе была ўстаноўлена стэла памяці беларускім рамеснікам, якія загінулі ў блакадным Ленінградзе. Каля 12 тысяч падлеткаў з Беларусі, працуючы дзеля фронту, памерлі ад голаду і трапілі пад варожыя кулі...


Нават у голадзе блакады яны набліжалі Перамогу.

З кастрычніка 1940-га да чэрвеня 1941 года з Мінска ў Ленінград прыехала вучыцца каля 24 тысяч падлеткаў. Юнакі і дзяўчаты з Беларусі атрымлівалі адукацыю ў рамесных вучылішчах і школах фабрычна-заводскага навучання. Ім было ўсяго па 14—16 гадоў.

Майстры замянілі бацькоў

Перад вайной у Савецкім Саюзе планавалася пабудаваць шмат буйных прамысловых прадпрыемстваў. У Беларусі, напрыклад, трактарны, аўтамабільны і многія іншыя заводы. Але ўсюды не хапала кваліфікаваных рабочых кадраў: токараў, слесараў, фрэзероўшчыкаў і іншых. Таму, згодна з указам «Аб дзяржаўных працоўных рэзервах», выдадзеным 2 кастрычніка 1940 года Прэзідыумам Вярхоўнага Савета СССР, у буйных гарадах былі створаны рамесныя вучылішчы і школы фабрычна-заводскага навучання. На заклік асвойваць рабочую справу адгукнулася вялізная колькасць падлеткаў.

Каб атрымаць прафтэхадукацыю, з беларускіх сёлаў у Мінск прыбыло каля 50 тысяч падлеткаў. Але мінскія вучылішчы былі не ў стане прыняць усіх, і па распараджэнні з Масквы каля 24 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак накіравалі ў Ленінград, дзе іх цёпла прынялі на буйнейшыя заводы горада.

Падлеткаў размясцілі ў інтэрнатах, выдалі форменную вопратку, якая ім вельмі падабалася. «Вельмі прыгожая форма ў нас была: строгая, чорная, падобная на марскую, — успамінае ветэран Вялікай Айчыннай вайны Арсеній Люцко. — Мы гэтай формай ганарыліся. Кожнаму з нас выдалі шырокі рэмень са спражкай. Ідзеш, бывала... Ух!»

— Калі на завод (Кіраўскі. — Аўт.) прыйшлі, уражанне было такое, што мы патрапілі на іншую планету, — расказвае Сцяпан Скамарох. — Вялізныя цэхі, усюды станкі, шум... Нам да ўсяго хацелася дакрануцца. Але нам сказалі: «Пачакайце, аглядайцеся, прызвычайвайцеся, на гэтых станках вы будзеце працаваць!»

І сапраўды, усю зіму 1940—1941 гадоў яны самааддана працавалі, а разам з тым вучыліся ў сваіх настаўнікаў-майстроў. Падлеткі іх вельмі паважалі і любілі, адчувалі, што майстры замяняюць ім бацькоў.

Сілкаваліся Скуранымі рамянямі...

Малалетнія рамеснікі жылі ў пакоях па 20 чалавек. «Кожную раніцу прачынаешся і глядзіш: Міша жывы, Пеця жывы — добра... Таго, хто памёр, разам з ложкам перацягвалі ў іншы халодны пакой», — успамінае адзін з рамеснікаў Уладзімір Паўлюкевіч. Днём па вуліцах Ленінграда хадзілі машыны і збіралі памерлых, вывозілі іх на Піскароўскія і іншыя могілкі.

— Быў якраз самы цяжкі перыяд для жыхароў блакаднага Ленінграда, асабліва для дзяцей, — расказвае работнік інтэрната Петухоў. — Пра зіму 1941—1942 гадоў цяжка нават успамінаць. Голад дасягнуў свайго апагея. Тыя, хто быў мацнейшы фізічна, хадзілі на разбураныя Бадаеўскія склады па цукар або, калі больш правільна сказаць, па тое, што засталося ад яго пасля пажару. У той жа час можна было назіраць такую карціну: паміж абломкамі канструкцый хадзілі, поўзалі на каленях самотныя постаці. У кожнага цераз плячо вісела торба ад процівагаза. Гэта рамеснікі. Невялікім ломам яны адколвалі кавалкі зямлі, змочаныя цукрам, набівалі ёю сумкі і цягнулі ў інтэрнат. Затым кідалі кавалак зямлі ў кацялок, залівалі вадой, падагравалі. Калі жыжка асядала на дно, асцярожна злівалі салодка-горкую субстанцыю ў рондаль і па паўміскі дзялілі паміж хворымі таварышамі.

Па аповедах Арсенія Люцко, калі зусім не было чаго есці, сілкаваліся рамянямі. «Рэзалі іх на кавалачкі, варылі, прычым строга вялі ўлік, колькі кавалачкаў пакласці ў кацялок, — успамінае ветэран Вялікай Айчыннай вайны. — Вывозілі нас з блакаднага Ленінграда ў цяжкім стане. «Дарога жыцця» кантралявалася немцамі, часта падвяргалася абстрэлам, бамбёжцы з паветра. Вывозілі нас пад прыкрыццём ночы. Клалі на дно кузава «палутаркі» (сядзець мы не маглі), накрывалі шынялямі і такім чынам эвакуявалі з абложанага горада. Я памятаю, як праехаўшы 15 кіламетраў па лёдзе Ладажскага возера, мы трапілі пад налёт варожай авіяцыі. На нашых вачах дзве машыны з дзецьмі-рамеснікамі, якія былі наперадзе, пайшлі пад лёд. Шафёр выбраўся з кабіны і просіць: «Хлопцы, дапамажыце! Патонем!» А мы ляжым і галовы падняць не можам...»

Лёс блакаднікаў

Пасля трохмесячнага шпітальнага лячэння яны вярнуліся да жыцця. Усе трое. Валодзю Паўлюкевіча закінула на Урал, Арсенія Люцко — у Сібір, Сцёпа Скамарох адправіўся ў Грузію.

У кожнага з іх лёс склаўся па-свойму. Сцяпан Антонавіч Скамарох скончыў індустрыяльна-педагагічны тэхнікум і больш як 40 гадоў адпрацаваў старшым майстрам гарадскога прафесійнага тэхнічнага вучылішча №117 металістаў у Мінску. Спраўдзілася яго мара быць настаўнікам. Уладзімір Лаўрэнцевіч Паўлюкевіч быў намеснікам кіраўніка спраў ЦК КПБ. Арсеній Васілевіч Люцко вайну скончыў у Вене. Пасля вайны паспяхова працаваў і дайшоў да намесніка міністра сацыяльнага забеспячэння БССР. Апошнім часам працаваў у штаб-кватэры ААН у Вене, дзе прадстаўляў Беларусь. Атрымаў звыш 30 урадавых узнагарод.

У 1984 годзе яны сталі героямі кінастужкі «Дарога жыцця» беларускага кінадакументаліста, заслужанага дзеяча мастацтваў Анатоля Алая.

Каб ушанаваць памяць тых, хто не дажыў да Перамогі, у дні памяці (8 мая, 8 верасня і 27 студзеня) на Піскароўскія могілкі прыходзяць прадстаўнікі беларускага пасольства ў Санкт-Пецярбургу, кіраўнікі і члены беларускіх таварыстваў, беларусы горада. Ленінградцы-пецярбуржцы бясконца ўдзячныя падлеткам з Беларусі, якія загінулі, абараняючы наш горад.

Раіса БАРАДЗІНА, г. Санкт-Пецярбург

Загаловак у газеце: Атэстат аб выжыванні

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.