Вы тут

Аляксандр Шацько расказаў пра асаблівасці цяперашняй выбарчай кампаніі


Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне «Белая Русь» сёння, мабыць, самая дасведчаная арганізацыя ў пытаннях удзелу ў выбарчых кампаніях. На яе рахунку парламенцкія выбары 2008/2012 гадоў, выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў 2010-га і 2014 гадоў, выбары Прэзідэнта ў 2010-м і 2015 гадах. Не стаў выключэннем удзел членаў грамадскага аб'яднання ў сёлетніх выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Намеснік старшыні «Белай Русі» Аляксандр Шацько расказаў карэспандэнту «Звязды» падрабязней пра асаблівасці цяперашняй выбарчай кампаніі.


— У чым, на ваш погляд, заключаецца галоўнае адрозненне гэтай выбарчай кампаніі ад папярэдніх парламенцкіх выбараў?

— Асноўная адметная рыса — гэта слабая актыўнасць выбаршчыкаў на дадзеным этапе выбараў. Відаць, гэта звязана з тымі працэсамі, якія адбываюцца ў грамадстве, эканоміцы. Варта таксама не забываць што зараз яшчэ сезон летніх адпачынкаў. Усе гэтыя моманты негатыўна ўплываюць на актыўнасць людзей.

Трэба таксама адзначыць, што некаторым нашым грамадзянам усё яшчэ патрэбны юрыдычны «лікбез», які дазволіў бы лепш зразумець дзейнасць Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Парламент — гэта найвышэйшая ступень дэпутацтва ў краіне. Мэты і задачы парламента — не прыбіраць двары і ўпарадкоўваць дарогі, з гэтым мусяць спраўляцца прадстаўнікі мясцовых выканкамаў. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў павінны займацца заканатворчасцю на больш высокім узроўні. Яны таксама валодаюць прадстаўнічымі функцыямі, вызначаюць месца краіны на міжнароднай арэне. Грамадзяне павінны разумець тое, куды яны абіраюць сваіх дэпутатаў і з якой мэтай. Мы стараемся гэта данесці да людзей праз свае мерапрыемствы.

Мы назіраем за развіццём сітуацыі. Можна адзначыць, што ў перыяд дадзенай выбарчай кампаніі некаторыя выбаршчыкі лічаць, што ў парламенце робіцца не так шмат з таго, што яны б хацелі. У буйных гарадах гэта менш прыкметна, чым у невялікіх. Крызіс адбіўся на ўсіх, і колькасць фінансаў, якія выдзяляюцца на сацыяльныя праекты і многае іншае, скарацілася. У некаторых сферах зменшыўся аб'ём дзяржпадтрымкі. Цэны на прадукты харчавання і шэраг паслуг не стаяць на месцы. Усе гэтыя фактары таксама ўскладняюць працу ў працэсе выбарчай кампаніі.

— У сувязі з пасіўнасцю выбаршчыкаў як вы плануеце прыцягваць увагу да кандыдатаў, якіх падтрымліваеце?

— Нас сёння 164 тысячы чалавек, і ў нас ёсць вопыт палітычнай работы. Гэтыя выбары для нас ужо не першыя, і мы ўлічваем негатыўны вопыт перадвыбарчых кампаній папярэдніх гадоў. Мы шмат займаліся маніторынгам, навучаннем нашых актывістаў. І назіральнікі, і тыя, хто будуць агітаваць на пікетах, атрымліваюць вялікую колькасць інфармацыі пра сітуацыю ў краіне, юрыдычныя асновы. Нашы актывы падрыхтаваны і могуць данесці да выбаршчыка ўсю неабходную інфармацыю.

— На якую ўзроставую групу выбаршчыкаў вы арыентуецеся ў працэсе агітацыі?

— Мы свае сілы накіроўваем на выбаршчыкаў ад 30 гадоў. Але добра працуем і з моладдзю. У нас ёсць нямала арганізацый сярод студэнтаў. Ёсць і аналітычныя групы, якія складаюцца з маладых людзей. Мы лічым, што моладзь трэба навучаць, рабіць з яе кадравы патэнцыял. З ёй мы працуем на працягу ўсяго года. Нават праводзім сумесныя мерапрыемствы з ветэранамі.

— Ці часцей грамадзяне сталі звяртацца ў прыёмныя «Белай Русі» ў працэсе выбарчай кампаніі?

— Нашы прыёмныя працуюць заўсёды. Аднак у працэсе выбарчай кампаніі яны наведваюцца больш актыўна. Людзі пачынаюць часцей сюды прыходзіць, прычым у большасці сваёй для таго, каб параіцца ці пачуць меркаванне па якім-небудзь пытанні. Кожны раз да нас прыходзіць каля дзясятка чалавек, каб атрымаць неабходную інфармацыю. Прычым прыязджаюць людзі з усёй Беларусі — не з саміх абласных цэнтраў, дзе таксама ёсць прыёмныя, а з невялікіх гарадоў. Мы ім максімальна дапамагаем, тым самым стараемся падтрымліваць імідж нашага грамадскага аб'яднання ў плане вырашэння праблем.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Выбаршчыкам патрэбны «лікбез»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?