Вы тут

У Беларусі існуе некалькі дзясяткаў клубаў гістарычнай рэканструкцыі


У той час як маленькія дзяўчынкі гуляюць у прынцэс, хлапчукі майструюць цацачныя даспехі і ўяўляюць сябе рыцарамі. Але што, калі хлопчык пасталеў, а з даспехамі так і не развітаўся? Звон мячоў і сцягі на ветры хвалююць яго душу... Гульні вырастаюць разам з дзецьмі, правілы ўскладняюцца, драўляныя мячы ператвараюцца ў стальныя, фіранкі на плячах — у шыкоўныя плашчы... Заінтрыгаваныя? Дазвольце вам распавесці пра дарослыя гульні ў рыцараў.


У Беларусі існуе некалькі дзясяткаў клубаў гістарычнай рэканструкцыі. Штогод у месцах, якія славяцца сваёй гісторыяй, арганізуюцца фестывалі. У Мір, Навагрудак, Нясвіж, Ліду з'язджаюцца рэканструктары з усёй краіны і з-за яе межаў. На гэтых фэстах вы сустрэнеце і змрочных рыцараў, і гандляроў-рамеснікаў, і менестрэляў з варажбіткамі, і іншых прадстаўнікоў пэўнай эпохі.

— У клуб гістарычнай рэканструкцыі «Люцэрн» я патрапіла амаль выпадкова, — прыгадвае першакурсніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі Лізавета Буйкова. — Хацела заняцца стральбой з лука, і мая знаёмая сказала, што лучнікі павінны быць у гэтым клубе. У рэшце рэшт высветлілася, што іх там няма, але мяне нават не прыйшлося ўгаворваць запісацца да іх на танцы, а далей — пайшло-паехала. Хацелася б прыгадаць добрым словам кіраўніцу нашай жаночай часткі калектыву Ірыну Міхайлаўну Салавей, якая ў свой час вельмі дапамагла мне асвоіцца.

«Люцэрн» існуе з 2012 года, але сам клуб быў створаны ў 1994 годзе. Чатыры гады таму змяніліся тэматыка і назва: з асвятлення падзей ХІІІ стагоддзя перайшлі на ХІV стагоддзе, «Ордэн храма» стаў «Люцэрнам» (назва паходзіць ад вобласці ў Швейцарыі).

— У клубе зараз больш дзяўчат. Ім, напэўна, у чымсьці прасцей: не трэба рабіць даспехі, якія каштуюць немалых грошай (але калі вельмі хочацца, то можна і зрабіць), і трэніроўкі па танцах не такія цяжкія, як баявыя для юнакоў, — лічыць Ліза. — Думаю, з-за гэтага хлопцаў не так шмат. Не кожны вытрымае такую дысцыпліну і такія нагрузкі, асабліва на пачатку, калі яшчэ не выпрацаваны неабходныя навыкі.

Прайшло тры з паловай гады з майго першага дня ў клубе. Магу з упэўненасцю сказаць, што з таго часу маё жыццё моцна змянілася. Спачатку бацькі хваляваліся, што маё захапленне адаб'ецца на вучобе. Але, па праўдзе кажучы, мая вучоба зусім не пацярпела. Проста час, які раней праводзіла за камп'ютарам, я цяпер прысвячаю любімаму занятку.

У нас год дзеліцца на некалькі сезонаў. Большую яго частку ўдзельнікі клуба шыюць, чыняць, дапаўняюць свае касцюмы, упрыгожванні, прадметы быту і рыхтуюцца да новага сезона фестываляў. Лета мы праводзім у раз'ездах па Беларусі і іншых краінах. Адзінае, што нас абмяжоўвае, — гэта рэсурсы. Звычайна ўсё ўпіраецца ў транспарт.

Самі фестывалі, як правіла, праходзяць па выхадных і доўжацца два-тры дні. Выезд падобны на гіганцкі сямейны пікнік, але «сваякоў», як кажа Лізавета, занадта шмат, каб усіх іх запомніць.

— Што мне больш за ўсё падабаецца ў рэканструкцыі? — задумалася мая суразмоўца. Магу вылучыць некалькі асноўных момантаў. Па-першае, у ёй няма палітыкі. Беларусы, палякі, украінцы, рускія — мы ўсе сябры. Па-другое, рэканструкцыя — гэта асобны маленькі свет, ён практычна раўназначны слову «культура». Быць рэканструктарам — значыць, быць швачкай, танцорам, артыстам, рамеснікам, любіць паходы, прыроду, жывёл, фаер-шоу, гульні, у якія гулялі стагоддзі таму, умець страляць з лука і, вядома ж, любіць турніры — пешыя і конныя. Трэба ўсведамляць і паважаць тое, што ты робіш, бо многім традыцыям, заняткам і ўсякім дробязям куды больш гадоў, чым ты думаў.

Размаўляючы з гэтай дзяўчынай, я бачыла шчырую захопленасць у яе вачах. Для мяне такія людзі, як яна, падобныя да чараўнікоў. Яны ўваскрашаюць — няхай толькі на час прадстаўлення — даўно мінулую эпоху, дапамагаюць адчуць дух таго часу — часу сапраўдных мужчын, адчайных учынкаў, подзвігаў і вытанчаных дам.

Арына Кагалёнак, студэнтка І курса Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».