Вы тут

Вясёлыя байкі з народнага жыцця


Не садзіся на пянёк...

У дзяцінстве я была дужа непаседлівай, нават непаслухмянай. Напэўна, таму са мной вечна нешта здаралася: то маме на калаўроце накручу сукаратак, то перад самай школай наступлю на цвік (нага распухла, як тая калода!), то на швейнай машынцы свой палец прашыю...

Але ж найбольшы жах давялося перажыць аднойчы ў лесе.

Падышла, значыць, наша чарга адпасваць кароў (іх тады многа было: у кожным двары па адной, па дзве, а то і па тры, не тое што цяпер: на трыста двароў — аж чатыры штукі!). Сабралі мы з татам статак. Я за ім ззаду іду, ледзьве паспяваю, бо малая, бо дзень яшчэ толькі займаецца, і спаць мне хочацца-хочацца, аж ножкі не ідуць... А тата — наперадзе крочыць. Ён паглядае, каб нейкая вельмі шустрая з рагуль не шмыгнула дзе ўбок, я ж павінна сачыць, каб ніводная з кароў не адстала...

Такім вось парадкам гонім статак у лес, бо на калгасную сенажаць — бронь божа: бяды не абярэшся... А ў лесе, месцамі, нейкія прагаліны ёсць, а то і палянкі.

На адной з іх, бачу, трава сакавітая, высокая. Каровы адразу ж запыніліся і толькі хвастамі пакручваюць — ці то ад аваднёў, ці то ад смакаты... А калі ім добра, то пастухам жа і пагатоў. Думаю: дай я адпачну крыху. Села на пянёк, вочкі заплюшчыла і... заснула.

Колькі часу прайшло, не ведаю. Гэта цяпер малыя кату па пяту, а ўжо з залатымі завушнічкамі ды мабільнымі тэлефонамі... Я ж нават пра гадзіннік не марыла.

Прахапілася, значыць, і сцяміць не магу, дзе я, чаму ў лесе, дзе дом, каторая гадзіна?.. А потым як хто бомкай па лбе: «А дзе ж каровы?!» Хачу паклікаць тату — ад страху голас прапаў. Ісці таксама не магу, бо ногі не трымаюць...

Але ж і сядзець ніяк не выпадае. Прабегла ў адзін бок у пошуках таты, кінулася ў другі, у трэці... Нідзе нікога няма! Нарэшце — хапіла розуму — стала прыглядацца да слядоў: ага, каровы, як быццам, управа пайшлі? Я тады следам...

Потым тата казаў, што па лесе я прабегла недзе з кіламетр. Мне ж здалося, што цэлых дзесяць, а то і больш...

З радасці, што ўбачыла і статак, і тату, слёзы пацяклі ручаём.

Карацей, мне навука была: пасля гэтага выпадку падчас радовак я над кароўкамі, што называецца, крукам стаяла. Пра тое, каб прысесці адпачыць нават думак не было!

А тады...

Тата, дзякаваць богу, зусім не сварыўся. Можа, таму, што не на жарт напалохаўся і сам?

А. Сцяпанава,

Уздзенскі раён


Смеласць гарады бярэ!

Некалі Някрасаў пісаў, што руская жанчына: «Коня на скаку остановит, в горящую избу войдёт». Мая гісторыя пра жанчыну нашу, беларускую, якая, апроч іншага, яшчэ і мужа ад хуліганаў адбіла. Вось як пра гэта расказала яна сама.

«У той вечар мы з Аляксеем вярталіся з пікніка. Нашы сябры на машыне падвезлі нас ледзь не да самага дома. А далей...

Ідзём, мы, значыцца, цераз двор, а насустрач — дзве мужчынскія постаці.

— Дай закурыць, — загадваюць мужу як у нейкім дрэнным кіно.

Той, цвярозы, ну напэўна ж, сказаў бы «Не куру», альбо «Не маю», што чыстай праўдай было б. Але ж ён — добра выпіўшы, а таму ўзяўся даводзіць гэтым курцам (пры бліжэйшым аглядзе яны аказаліся маладымі і досыць здаровымі), пра што папярэджвае міністэрства аховы здароўя, як курэнне адбіваецца на патэнцыі... Адным словам, — чытаць мараль. Каму гэта можа спадабацца? Ды нікому!

— Заткніся! — кінуў адзін з хлапцоў. Ды яшчэ і размахнуўся, каб... стукнуць.

Шчасце, што ў майго рэакцыя добрая: ён паспеў адхіліць галаву. А ў выніку тым кулаком дасталося па твары... мне.

Сцярпець такое я, вядома ж, не магла: мяне ніхто ніколі не біў!

— Ах ты, гад! — закрычала нападніку і замахнулася на яго цяжкой (кілаграмаў на дзесяць) сумкай з посудам, які мы бралі з сабою.

Хуліган быў таксама вёрткі — ад удару ўхіліўся, але гэта «распаліла» мяне яшчэ больш.

— Кулакі распусціў, бандзюга! — закрычала я, і сумка з посудам зноў засвістала ў паветры.

Хлопец яўна не чакаў нічога падобнага і ўрэшце... даў драпака. Я — пабегла следам за ім, а, калі зразумела, што дагнаць не ўдасца, як той спартсмен-малатабоец, наўздагон яму ў абедзве рукі запусціла сумку — прычым досыць трапна, бо пацэліла акурат у спіну, ад чаго хуліган праз некалькі няўпэўненых крокаў... такі занурыў галавой у траву.

— Ой, мусіць, забіла?! — сказала я мужу, які ў гэты час тузаўся з другім хуліганам.

Сіла слоў і сапраўды часам спрацоўвае лепш, чым кулак, бо той хуліган, пачуўшы пра забойства, таксама кінуўся наўцёкі, прычым — пад... рогат мужа.

— Ты чаго смяешся? — пытаюся ў яго.

— А ты паглядзі, — кажа Аляксей і паказвае пальцам, куды — канкрэтна — мне трэба глядзець.

Я азіраюся і таксама пачынаю рагатаць, бо відовішча там — яшчэ тое! Хуліган, які толькі што тузаўся з маім мужам, бяжыць першым. А следам за ім, кульгаючы, «нясецца»... «нябожчык», той самы, што я прыбіла».

...Не ведаю, як каму, а мне вось гэта гісторыя нагадала не аднойчы бачаныя «паядынкі» нашых ласкавых котак з вялікімі сабакамі.

А яшчэ — прыказку пра тое, што калі не можаш узяць нешта сілаю, то можна — розумам, альбо іншым спосабам ці, як у гэтым выпадку, смеласцю.

Валерый Гаўрыш,

г. Чавусы


Дзе гэта вуліца? Дзе гэты дом?

У пачатку 80-х гадоў я з сям'ёй пераехаў з Хоцімска ў Бабруйск на так званае ПМЖ. Пасяліўся ў доме нумар 22, што на вуліцы Мінскай, уладкаваўся на працу і ў хуткім часе атрымаў першую на новым месцы зарплату. Хлопцы сказалі, што гэта грэх не адзначыць, да таго ж на календары якраз была пятніца...

Я схадзіў у краму па гарэлку, узяў так званага «каленвала» коштам па 3 рублі 62 капейкі, і мы, чыста мужчынскай кампаніяй, добра-такі пасядзелі, пагаманілі. Але ж, дзякаваць богу, яшчэ пры памяці былі, бо вырашылі, што ў грамадскім транспарце нас, нецвярозых, лёгка могуць «замесці» ў выцвярэзнік, а таму па дамах трэба раз'язджацца на таксі.

Хлопцы пазванілі ў дыспетчарскую, машына падруліла аж да самых весніц, мы, як белыя людзі, паселі і паехалі. Таксіст, вядома ж, папытаўся — хто куды? Па ўсім выглядала, што мой дом на гэтым шляху самы першы, таму я пачаў тлумачыць, куды, канкрэтна, трэба кіраваць:

— Там, — кажу, — «асаблівая прыкмета» ёсць: на дахах чатырох дамоў з лямпачак заклік складзены: «Наш труд — тебе, Родина!». Дык на маім доме — слова «тебе».

Кіроўца тут жа сказаў, што будынкі гэтыя добра ведае, бо яны здалёку відаць.

І сапраўды, мы лёгка патрапілі на нашу вуліцу, у наш двор, а калі мая жонка адчыніла мне дзверы, я быў проста шчаслівы! «А ўсё, — меркаваў, — з-за чаго? З-за таго, што ёсць гэты заклік!..»

І толькі потым пераканаўся, што працуе ён не заўжды...

Ва ўсякім разе з Бабруйска, як і з Хоцімска, я па-ранейшаму часта стаў ездзіць да сваіх бацькоў у вёску Баркалабаў — трэба ж было і праведваць, і нечым дапамагаць.

Дык вось у адзін з прыездаў я купіў там новыя лёгкія чаравікі — вярнуўся ў іх дамоў у Бабруйск, усё лета пранасіў. А тут «раптам» восень. Мне б абуць нешта іншае... І я ўспамінаю, што мае старыя туфлі засталіся ў вёсцы.

Невялікая, думаю, бяда: у Баркалабаў часцяком наязджае мая сястра з Мінска. Можна ёй сказаць і прывязе, бо па дарозе ж...

Сказаў. Выхадныя прайшлі. Не прывезла.

Паехаў па чаравікі сам, — а іх, высвятляецца, у вёсцы няма. Кажуць бацькі, што сястра забрала.

«Ну не сама ж іх, — думаю, — носіць?»

Тэлефаную ў Мінск. І чую, што яна заязджала ў Бабруйск, што дзверы ў нас былі замкнутыя, а таму мяшок з картопляй і каробку з маімі чаравікамі яна пакінула ў нашых... суседзяў.

Я нічога не разумею!

Таму сястра тлумачыць далей, і ў які гэта дзень было, і якой парою. А галоўнае, кажа, што ад'язджаючы, на дах нашага дома зірнула:

— Там, — даводзіць, — як ты і казаў, слова «труд» свяцілася.

— Я не мог такога казаць! — перапыніў я сястру. — Бо на нашым доме свеціцца слова «тебе»!

— А па мне дык што адно, што другое,— крыху памаўчаўшы адказала сястра. — Дом жа акурат такі самы!

Калі яна, родная, не змагла адрозніць мой дом ад суседняга, то ці варта тады здзіўляцца, што доктар Лукашын з Масквы апынуўся ў кватэры настаўніцы Шавялёвай у Ленінградзе? Я, напрыклад, гэтаму зусім не здзіўляюся.

Але ж рады, што ў нашым горадзе былі Дажынкі, што перад імі нашы аднолькавыя дамы пафарбавалі ў розныя колеры. Цяпер іх, напэўна, ужо не зблытаеш?

М. Дзігалёў,

г. Бабруйск

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».