Вы тут

Галіна Макарава. Яна была актрысаю


Яна ўсё жыццё выконвала адну ролю — мяняліся толькі прапанаваныя рэжысёрамі абставіны.

Артур Шапенгаўэр, вядомы філосаф, ірацыяналіст і мізантроп, казаў: «Большасць людзей замест таго, каб імкнуцца да дабра, прагнуць шчасця, бляску і даўгавечнасці; яны падобныя да тых дурных акцёраў, якія хочуць заўсёды іграць вялікія, бліскучыя і высакародныя ролі, не разумеючы, што важна не тое, што і колькі іграць, а як іграць».

Ён меў рацыю, гэты немец. І калі б жыў Шапенгаўэр гадоў гэтак на 120 пазней свайго часу і калі б ён пазнаёміўся з сапраўдным цудам — з творчасцю беларускай актрысы Галіны Макаравай, то, без сумнення, сапраўды ўсклікнуў бы: «Вось як трэба іграць!»...


Галіна Макарава. Народная артыстка Савецкага Саюза, народная артыстка БССР, вядучая актрыса Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы. Больш за 60 роляў у кіно... Ва ўяўленні, напэўна, усіх — і аматараў тэатра, і кінагледачоў — яна была настолькі сваёй, дамашняй, роднай, што прадставіць нейкія таямніцы асабістага жыцця ці драматычныя павароты ў яе лёсе, на першы погляд, немагчыма.

Яна была народнай не толькі па званні, але і па сутнасці — настолькі арганічнымі, натуральнымі, роднымі паўставалі гераіні ў яе выкананні на сцэне і на экране. Макарава мела славу «ўсесаюзнай бабулі». І гэты вобраз замацаваўся за ёй не толькі з-за шматлікіх «узроставых» роляў: такія цёплыя, мудрыя, строгія і далікатныя, шчодрыя і прамалінейныя жанчыны, якіх іграла Макарава, ва ўсіх у нас жылі дзесьці побач, а таму былі блізкія гледачу. Здавалася, што яна і не актрыса зусім — такімі дакладнымі былі кожны жэст, кожнае слова, інтанацыя... І ў вачах чытаўся такі лёс, іграць які немагчыма — толькі перажыць.

Агата-Галіна

Наогул бацькі назвалі яе Агатай, у Мінск з роднага Старобіна ў 16 гадоў яна прыехала менавіта пад гэтым імем. Бацька Агаты — афіцэр царскай арміі Кліменцій Чаховіч — у першую сусветную вайну служыў у стаўцы цара. Ён не прыняў савецкую ўладу, ваяваў у арміі Дзянікіна, дайшоў да Крыма, але не эмігрыраваў, таму што ў Старобіне засталіся жонка і чатыры дачкі. У 1921 годзе Клімента Уладзіміравіча асудзілі, і 5 гадоў ён правёў у турме. Выпусцілі. Але таўро «пазбаўленца» засталося на ўсё жыццё, і не толькі ў яго — ва ўсіх членаў сям'і: гэта азначала адмову ў праве на працу, паступленне ў інстытут, атрыманне прадуктовых картак.

Жылі вельмі бедна. І ў 16 гадоў Агата падаецца ў Мінск. Уладкоўваецца хатняй прыслужніцай, пазней — санітаркай. Галасістая, музычная дзяўчына ўдзельнічае ў самадзейных пастаноўках і спрабуе паступіць у студыю Першага беларускага драматычнага тэатра (так тады называўся Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы). Аднак яе не прымаюць, усё па той жа прычыне: з сям'і «пазбаўленца». У тыя гады за такі радавод (дзед, дарэчы, быў святаром) можна было пазбавіцца не толькі кар'еры, але і жыцця. Невядома, як склаўся б лёс Агаты Чаховіч, калі б на яго не паўплываў бацька яе прыяцелькі (не апошні чалавек у Міністэрстве культуры БССР), які сказаў студыйнаму начальству: «Прамаргаеце такі талент, самі потым пашкадуеце». І з другой спробы ўжо пад прозвішчам маці — Апанашчык — Агата дамагаецца свайго. У студыі змяняе і сваё імя — становіцца Галінай. Паводле легенды, гэтае імя прапанавала ёй сама Ржэцкая. Быццам бы Лідзія Іванаўна сказала ёй: «Што гэта яшчэ за Агата?! Паглядзі, як гэта прыгожа, рамантычна, па-беларуску гучыць — Галінка!»

Але адкуль узяцца той рамантыцы ў душы простай старобінскай дзяўчыны?! Яе там ведалі па мянушцы Бубен! Яна была завадной, шумнай, азартнай, захаплялася конным спортам, ганяла на матацыкле, нават стала чэмпіёнкай рэспублікі па мотакросе ў 1937-м. Часта ўспамінала, як аднойчы на матацыкле заехала ў вітрыну крамы. Потым даводзілася эканоміць, недаядаць, каб кампенсаваць нанесеную шкоду. Яна не толькі ліха ганяла на матацыкле, але яшчэ і скакала на кані і нават кідала кап'ё на стадыёне «Харчавік» у парку Горкага (усе яго ведаюць).

Перад самай вайной, у 1939-м, маладая актрыса Галіна Апанашчык пазнаёмілася з афіцэрам Іванам Макаравым. Ён прыйшоў у тэатр, а пасля спектакля зайшоў за кулісы. Прыгажун Макараў быў неверагодна шчадралюбны, спачатку стаў заляцацца да адной актрысы, потым пераключыў сваю ўвагу на Галіну. Раман разгарэўся з такой страсцю, што акторка пакінула тэатр і з'ехала з Макаравым у Кандалакшу — на Кольскі паўвостраў. Там у іх нарадзіўся сын Эдуард. Натуральна, ні пра які тэатр на беразе Белага мора і размовы не ішло, але Галіне, зараз ужо Макаравай, было ўсё роўна.

Бацька Кліменцій Чаховіч —  афіцэр імператарскай стаўкі.

«Пракінула Вахтангаўскі»

Калі пачалася вайна, Іван Макараў пайшоў на фронт, а Галіна разам з сынам прыехала спачатку да ягоных бацькоў у Маскву, а затым з'ехала ў эвакуацыю ў Яранск. З эвакуацыі яна вярнулася ў Маскву, стала шукаць працу, паспяхова прайшла гутарку ў Вахтангаўскім тэатры. Але тут вярнуўся з фронту муж з... «ВПЖ» — ваенна-палявой жонкай, як казалі тады. Што рабілася ў душы Галіны, складана ўявіць. Бо Макараў хацеў, каб яна з сынам засталася жыць з яго бацькамі. Але яна ў гэты час выпадкова сустрэла на Цвярской вядомага беларускага скульптара Заіра Азгура, які тады таксама жыў у Маскве, і даведалася ад яго, што купалаўцы вяртаюцца з эвакуацыі ў Мінск. І вырашыла ехаць на радзіму. Тым больш што Макараў кінуў ёй: «Ды каму ты там патрэбна!» Але Галіна была з гонарам: «Гэта я не патрэбная?!» Стала збіраць рэчы. Азгур адгаворваў: цягнік, у якім вярталіся ў Мінск акцёры БДТ-1, трапіў у крушэнне, загінулі людзі, у тым ліку і яго жонка, якая, праўда, да таго часу кінула скульптара і сышла да іншага. І Заір Ісакавіч, увесь у супярэчлівых эмоцыях, шчыра раіў Макаравай не звязваць жыццё з тэатрам, з гэтым «балотам», у якім кіпяць такія д'ябальскія страсці.

Але яна з'ехала.

— Мама сабрала Эдзіка і вярнулася ў Мінск, — распавядае дачка Галіны Кліменцьеўны Таццяна Касцюніна.

— Макараў ніколі не думаў, што мама можа дамагчыся такога поспеху. Калі яна стала народнай артысткай СССР, часта тэлефанаваў, крыўдзіўся, што мама, калі прыязджае ў Маскву, ніколі яму не тэлефануе. Але яна яго вельмі любіла. З-за яго яна любіла дажджлівае надвор'е. Аднойчы прызналася мне: ёй здавалася, што ў дождж Івушка(так яна называла яго ўсё жыццё) нікуды не пойдзе, а калі сонечна — адправіцца на пошукі любоўных прыгод...

Сын Эдзік жыў з Галінай Кліменцьеўнай у Мінску. У пачатку 50-х яна разам з новай сям'ёй — мужам акцёрам-купалаўцам Паўлам Пекурам і дачкой Таццянай — атрымала кватэру на Круглай плошчы. Зараз на гэтым доме вісіць мемарыяльная дошка актрысы. Што да другога мужа, Паўла Пекура, то ён калісьці зняўся ў культавым беларускім фільме «Гадзіннік спыніўся апоўначы». Ён быў выдатным мужам — добрым, вытрыманым, спакойным, пісаў карціны, гатаваў абеды, шчыра радаваўся поспехам жонкі. У іх нарадзілася дачка Таня. Да другога мужа Макарава ставілася з вялікай пяшчотай, павагай. Любіла яго. Ён адзін умеў гасіць яе выбухны характар.

— Эдзіку было 12 гадоў, і мама адправіла яго да бацькі ў Маскву, — успамінае Таццяна Пекур-Касцюніна. З аднаго боку, тата і мама былі ўвесь час у раз'ездах, на гастролях, а хлапчук у такім узросце, што за ім нагляд патрэбны. Але была і яшчэ адна прычына. Макараў тады служыў у органах, і ён маму прыстрашыў, што, калі яна Эдзіка не аддасць, у яе могуць быць непрыемнасці. Мама спалохалася. Але Эдзік жыў у Маскве з бабуляй і дзядулем, а ўсе канікулы праводзіў у нас, у Мінску. Мы вельмі блізкія да гэтага часу. Ён скончыў славутую «Баўманку» (Маскоўскі тэхнічны ўніверсітэт імя М.Э. Баўмана), але пайшоў па партыйнай лініі. Апошняе месца працы — рэферэнт у Гарбачова.

Чэмпіёнка рэспублікі. 1937.

На першыя ролі вывеў Макаёнак

...Меў рацыю Заір Азгур: страсці кіпелі і ў купалаўскім тэатры. Праўда, гэта былі страсці зусім іншага кшталту... Інтрыгі непазбежныя ў любым акцёрскім калектыве. І калі б не Андрэй Макаёнак, не выключана, што магчымасці праявіць свой талент Галіне Макаравай прыйшлося б чакаць доўгія гады. Макаёнак напісаў спецыяльна для Макаравай п'есу «Лявоніха на арбіце». Да гэтага Макарава іграла або ролі другога плана, або дубліравала купалаўскую прыму Ржэцкую. Калі б не Макаёнак, у «Лявонісе» іграла б іншая актрыса. Але драматург сказаў: не будзе Макаравай — не будзе і п'есы.

І потым адмыслова для яе напісаў яшчэ нямала драматычных твораў. Рамантычнай гісторыі, як лічаць некаторыя, там не было, хоць аднойчы ў Макаёнка ўсё ж вырвалася: «Адзіная жанчына, з якой я ажаніўся б, гэта — Галіна Кліменцьеўна Макарава. Але я занадта паважаю акцёра Паўла Пекура, каб адбіваць у яго жонку...».

Так што наступныя пастаноўкі тэатра па творах Андрэя Ягоравіча рэдка абыходзіліся без удзелу Галіны Макаравай: яна іграла ў «Святой прастаце», «Таблетцы пад язык», «Трыбунале».

Кінематограф палюбіў Макараву позна. Шырокую вядомасць яна атрымала, выканаўшы ролю бабы Аляксандры ў фільме ленінградскага рэжысёра Сяргея Мікаэляна «Удовы» ў 1976 годзе. Актрысе ўжо было 57 гадоў — узрост, калі многія кінакар'еры заканчваюцца. Мікаэлян, аўтар любімага многімі фільма «Закаханы па ўласным жаданні», доўга не мог знайсці актрыс для свайго фільма «Удовы». Гэта гісторыя пра дзвюх пажылых жанчын, якія, страціўшы ўсіх сваіх блізкіх на вайне, даглядаюць за магілай двух невядомых салдат, якіх употай ад немцаў пахавалі ў 41-м годзе. Адзінокія жанчыны пастаянна сварацца, але і жыць адна без адной не могуць. Менавіта роля салдацкай удавы ў гэтым фільме стала для Галіны Кліменцьеўны паваротнай, а сама актрыса — вядомай і запатрабаванай на савецкім тэлеэкране. Пасля гэтага фільма яе запрашалі на здымкі пастаянна, да апошніх дзён жыцця. Мала хто ведае сёння, што «Удовы» быў забаронены да паказу — такая ў ім была пранізлівая праўда. І толькі пасля таго, як на праглядзе фільма расчуліўся і нават пусціў слязу сам Леанід Ільіч Брэжнеў, фільм выйшаў на экраны. А пасля гэтага ў адным са сваіх дакладаў генеральны сакратар праявіў клопат пра салдацкіх удоў — ім павысілі пенсіі на 5 рублёў.

Пасля выхаду фільма ў пракат Галіна Макарава стала «галоўнай бабуляй краіны». Так яе бабуляй і памятаюць. Потым былі карціны «Белыя росы», «Іван», «Восеньскія сны», «Альпійская балада», «Развітанне славянкі», «Маладая жонка», «Час выбраў нас», «Апошнія ўцёкі», «Не хадзіце, дзеўкі, замуж»...

Яна была вельмі запатрабаванай — работа ў тэатры, здымкі на кінастудыях краіны... Але Галіна Кліменцьеўна заўсёды знаходзіла час для дзяцей, старалася даць ім тое, чаго самой не ставала ў дзяцінстве.

— Мама дапамагала ставіць спектаклі ў школе № 50, дзе я вучылася, — распавядае Таццяна Паўлаўна. — У адной з пастановак яна нават іграла кікімару. Акрамя звычайнай школы я займалася ў музычнай па класе фартэпіяна. Дарэчы, сальфеджыа мне выкладаў кампазітар Яўген Цікоцкі, наш сусед па доме. Ніколі не забуду, як дадому прынеслі шыкоўнае піяніна. Гэты трафейны інструмент з Германіі прывёз бацька актрысы Маргарыты Гладунко, і мама для мяне яго купіла. Ад шчасця, якое перапаўняла мяне, я кінулася на падлогу і каталася па ёй.

У госці часам прыходзілі вядомыя людзі, гулялі ў карты, размаўлялі, жартавалі. У Галіны Макаравай склаліся цёплыя адносіны з другой нашай «вялікай бабуляй» — Стэфаніяй Станютай, актрысай Малога тэатра Галінай Скарабагатавай (з ёй яна здымалася ў фільме «Удовы»), з яшчэ адной «любімай бабуляй» Савецкага Саюза — Любоўю Сакаловай. Але вельмі блізкіх сябровак у яе не было. Хоць калі ў каго-небудзь з калег здараліся непрыемнасці, яны заўсёды маглі разлічваць на яе падтрымку. Часам яна прыводзіла дадому нават незнаёмых людзей: выслухоўвала, карміла, дапамагала, калі яны ў чымсьці мелі патрэбу. Чужых праблем, як і людзей, для яе не было. Аднойчы артысты Купалаўскага тэатра вярталіся з выязнога спектакля і па дарозе ўбачылі перавернуты ваенны аўтамабіль. Аказалася, адбылася аварыя. Сур'ёзна пацярпеў афіцэр, у рану трапіла гразь, гэта магло прывесці да заражэння крыві. Як былая санітарка, Галіна Макарава адразу ацаніла ступень небяспекі: калі рану неадкладна не прадэзінфіцыраваць, можа пачацца гангрэна. Аптэчкі ні ў каго з сабой не аказалася. І тады Галіна Макарава стала ротам высмоктваць гразь і выплёўваць яе...

«Удовы». Галіна Скарабагатава і Галіна Макарава.

Наш Жан Габэн

Федэрыка Феліні казаў: «Дабрыня нефотагенічная». Гэта не пра яе. Так, усе ролі, выкананыя ёю ў кіно і ў тэатры, — станоўчыя, ні адной адмоўнай. А сакрэт яе поспеху вельмі просты: Макарава ніколі і нікога не іграла, ні ў каго ніколі не пераўвасаблялася, а жыла на экране ўласным жыццём, так магутна запаўняючы ўсю экранную прастору, як быццам гэта былі эпізоды яе асабістага жыцця, як быццам усё гэта яна перажыла сама... І практычна ўсе яе ролі, у тым ліку і эпізадычныя, былі вельмі яркімі і запаміналіся надоўга.

Можна сказаць, Галіна Макарава ўсё жыццё выконвала адну ролю — мяняліся толькі прапанаваныя рэжысёрамі абставіны. Для гэтага трэба быць не толькі вялікай актрысай, але і вялікім чалавекам. Менавіта таму на «Ленфільме» яе празвалі «Жан Габэн у спадніцы», параўноўваючы тым самым не з кім-небудзь, а з галоўным сімвалам французскага кіно.

Яна была не толькі цудоўнай актрысай, але і надзвычайна добрым чалавекам. Дапамагала заўсёды і ўсім. Дапамагала грашыма, а магла прывесці з вуліцы незнаёмага чалавека толькі таму, што яму не было дзе начаваць. Праўда, часы тады былі іншыя, але і ў тыя часы мала хто адважыўся б так зрабіць.

Аднойчы ў кватэры Макаравай пачуўся званок. На парозе стаяў мужчына з кветкамі і каробкай цукерак. Бянтэжачыся і чырванеючы, ён стаў прамаўляць словы падзякі. Аказваецца, напярэдадні ён вяртаўся дадому «падпіўшы». Але да хаты не дайшоў, заснуў на лаўцы ля пад'езда Макаравай. Галіна Кліменцьеўна, вяртаючыся з вячэрняга спектакля, убачыла небараку. Не змагла прайсці міма — вынесла яму падушку і коўдру. Ды яшчэ ноччу выглядвала ў акно, каб ніхто яго не пакрыўдзіў. Раніцай ён акуратна склаў на лаўцы пасцельныя рэчы, а потым вярнуўся ў гэты двор з кветкамі. Суседзі адразу зразумелі, пра каго ідзе гаворка, і паказалі кватэру Макаравай.

Яна ўдастоілася звання народнай артысткі БССР, а потым і народнай артысткі СССР. На другое званне ніяк не разлічвала, паколькі была беспартыйнай.

— Памятаю, тата выходзіць з хаты, у руках трымае газету «Известия» і крычыць маці: «Галка, табе прысвоілі званне народнай артысткі СССР», — успамінае дачка.

Славу Галіна Макарава ўспрыняла спакойна. Здавалася, у яе жыцці нічога не змянілася: яна па-ранейшаму хадзіла за прадуктамі ў крамы і на рынак, ездзіла ў грамадскім транспарце і марыла пра новыя ролі.

Народная артыстка была цалкам пазбаўлена адчування ўласнай выключнасці, вызначалася рэдкай сціпласцю, страшэнна не любіла хадзіць па «высокіх» кабінетах і нешта прасіць.

— Толькі двойчы мама пагадзілася на гэта, і тое таму, што я і брат яе вельмі прасілі, — прызнаецца Таццяна Паўлаўна. — Першы раз, калі я выйшла замуж, у мяне ўжо нарадзілася старэйшая дачка. Упяцярых стала цеснавата ў двухпакаёвай кватэры. Тады яна пахадайнічала аб дадатковай жылплошчы, і нам з мужам далі асобную кватэру. А другі раз для Эдуарда мама папрасіла дазвол на набыццё машыны.

— Яна аддавала сябе цалкам тэатру, сям'і, людзям, — працягвае Таццяна Паўлаўна. — Не ўмела любіць сябе. Я часта ёй паўтарала: «Мама, ты вядомы чалавек. Цябе пазнаюць на вуліцы. Трэба больш надаваць увагі знешнасці». Часам яна саступала майму ціску: купляла нейкія дыхтоўныя рэчы. Але было відаць: гэта зусім не тое, што прыносіць ёй сапраўдную радасць.

Калі вельмі стамлялася, любіла адзіноту і цішыню. З задавальненнем вышывала. А яшчэ любіла працаваць на дачы, высаджваць кветкі, глядзець, як яны распускаюцца. Адных півоняў у яе расло некалькі дзясяткаў. У Мінску ў двары свайго дома Галіна Кліменцьеўна пасадзіла клёны, разбіла кветнік. Ставіла летам на балконе раскладушку і начавала там — пільнавала, каб хто не зрэзаў яе цюльпаны. Машыны ў Макаравай не было. Не хапала грошай. І на дачу, за 30 кіламетраў ад Мінска, яна ездзіла на электрычцы. Часта — позна ўвечары, пасля спектакля. З цяжкімі сумкамі, з саджанцамі. Ехала ў ноч, каб прапалоць градкі або паліць кветкі — за імі ж догляд патрэбны.

Калі здымалася ў «Дзяніскіных апавяданнях», пазнаёмілася з адным работнікам цырка, які даглядаў сланоў. У яго яна часам купляла гной і вячэрняй электрычкай везла на дачу. Прама ў электрычцы ў яе гэты гной аднойчы і скралі, калі яна, стомленая, задрамала. «Дорага б я дала, каб убачыць чалавека, які сцягнуў мае сумкі!» — смяялася яна потым.

Двор дома, у якім жыла Макарава, намаганнямі актрысы выглядаў не горш, чым яе дача. Уражанне псавала толькі сметніца, прыбраць якую жыхары дома прасілі гарадскія службы доўга і беспаспяхова. Аднойчы ноччу гэтая памыйніца ўспыхнула. У цьмянай цемры пажарныя не бачылі, як таямніча мігцела — то ўспыхваючы, то знікаючы — чырвоная кропка «беламорыны» на адным з балконаў. Праз шмат гадоў Галіна Кліменцьеўна прызналася, што гэта яна яе падпаліла. Выйшла ноччу, плюхнула газы і падпаліла... Пасля пажару на ранейшае месца сметнік ужо не вярнуўся.

З першым мужам Іванам Макаравым.

Памерла Галіна Кліменцьеўна раптоўна на сваёй любімай дачы ў дажджлівы вераснёўскі дзень.

Напярэдадні адзначалі дзень нараджэння ўнука Ягора, засядзеліся. А Галіна Кліменцьеўна так рвалася на дачу, што, калі дзеці не змаглі яе адразу адвезці, нават расплакалася. Перад ад'ездам выйшла на балкон і агледзела двор, у якім пасадзіла ледзь не ўсе дрэвы. А погляд у яе быў нейкі адсутны...

На дачы яна пражыла некалькі дзён.

— У той дзень ішоў лівень, я сказала мужу прывезці яе хоць сілай, — успамінае Таццяна Паўлаўна. — Я месца сабе не знаходзіла, а муж закапаўся, паехаў толькі ўвечары. Вартаўнік нам потым расказаў, што раніцай ён да яе прыйшоў, дапамог прапаліць печку, мама часнок перабірала. А ў абед ён убачыў, што дзверы прыадчынены, зайшоў, а яна на канапе адкінуўшыся сядзіць. Побач — папяроса недакураная.

Яна панічна баялася пакутлівай смерці, баялася быць камусьці цяжкім клопатам. Муж Павел пасля інсульту праляжаў паралізаваным сем месяцаў, вось і яна, нагледзеўшыся на гэта, казала, што, калі апынецца ў такім становішчы, — наглытаецца таблетак. Яна вымаліла ў Бога лёгкую смерць.

...За месяц да смерці Галіны Кліменцьеўны нарадзілася яе ўнучка. Назвалі малую Агатай. Творчы пачатак вызначае ўсіх дзяцей, унукаў і праўнукаў Галіны Кліменцьеўны. Працягнуць акцёрскую дынастыю хацела старэйшая дачка Таццяны — Анастасія. У дзяцінстве Макарава часта брала яе ў тэатр і на здымкі. Анастасія здымалася ў эпізодах фільмаў «Дрэвы на асфальце», «Час выбраў нас», «Лепш быць прыгожай і багатай». Пасля школы паступала ў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, але правалілася. Было крыўдна, але Галіна Кліменцьеўна, даведаўшыся пра няўдачу, зусім не засмуцілася. Старэйшы сын Галіны Макаравай, Эдуард, жыве ў Маскве. Пайшоўшы на пенсію, Эдуард Макараў арганізаваў невялікую майстэрню па вырабе дачнага інвентару. А яшчэ ён выдатна гатуе. Калі сваякі сустракаюцца ў Маскве ці Мінску, то стол накрывае звычайна Эдуард Іванавіч. У яго трое дзяцей і трое ўнукаў. Адзін з сыноў Эдуарда Макарава, Іван, стаў гукарэжысёрам.

Таццяна Паўлаўна Пекур акрамя заняткаў музыкай са школьных гадоў займалася плаваннем, фігурным катаннем. Сур'ёзных поспехаў дасягнула ў лёгкай атлетыцы — была чэмпіёнкай БССР па лёгкаатлетычным мнагабор'і. Скончыла Мінскі інстытут замежных моў, рэжысёрскія курсы. Доўгія гады працавала на тэлебачанні.

Дзеці, унукі і праўнукі Галіны Кліменцьеўны сёння жывуць у розных гарадах і нават краінах, маюць розныя прафесіі і захапленні. Але ўсе яны з гонарам лічаць сябе макараўскім кланам.

Анатоль СЛАНЕЎСКІ

slaneuski@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».