Вы тут

Чым можа дапамагчы фермерам дзяржава


У Мінскай вобласці зарэгістравана каля 800 прыватных сельгаспрадпрыемстваў. Толькі за апошнія пяць гадоў колькасць фермераў павялічылася на 35%. Гэтаму садзейнічае палітыка абласных улад. У прыватнасці, па даручэнні старшыні Мінаблвыканкама, у кожным раёне сфарміраваны фонд зямель для прадастаўлення сялянскім (фермерскім) гаспадаркам і людзям, што маюць вопыт прадпрымальніцкай дзейнасці. Тут можна арганізаваць вытворчасць экалагічна чыстай прадукцыі, заняцца агратурызмам. Карэспандэнт «Звязды» пабывала ў Стаўбцоўскім раёне ў паспяховага бізнесмена — кіраўніка фермерскай гаспадаркі «Мой сад» Уладзіміра Шчакалы і высветліла, як яму працуецца, з якімі праблемамі сутыкаецца, і, наогул, ці ёсць перспектывы ў фермераў вобласці.


Цяжка паверыць, што тут, непадалёку ад вёскі Цвіркі, яшчэ чатыры гады таму было пустое калгаснае поле. А цяпер раскінуліся дзівосны сад і плантацыі чорнай парэчкі. Уладзімір Аляксандравіч вырошчвае яблыкі і чорныя парэчкі польскай селекцыі сорту Tіsel. Чаму менавіта спыніўся на іх, тлумачыць так: чорная парэчка ўтрымлівае ўвесь комплекс вітамінаў, які не прысутнічае нават у аптэцы. Столькі спажыўных рэчываў няма ні ў адной ягадзе. Але беларусы пакуль гэтага не ацанілі. Спажываюць усё, што прыгожа выглядае, але не такое карыснае. Не цікавіць чорная парэчка і рознічны гандаль. Першыя два гады Уладзімір Шчакала спрабаваў дастукацца да сеткавых крамаў, але безвынікова. А вось у Расіі за прадукцыяй беларускага фермера пакупнікі стаяць у чэргах. Геаграфія продажу даволі шырокая — Анапа, Варонеж, Растоў-на-Доне, Арол, Самара, Санкт-Пецярбург, Масква. Парадокс, што свая прадукцыя не запатрабаваная на прасторах Айчыны. У той жа час імпарт гародніны і садавіны расце. Натуральна, што такая сітуацыя хвалюе як сельгасарганізацыі, так і фермераў.

Наконт пашырэння сваіх уладанняў Уладзімір Шчакала пакуль не задумваецца. «Сто гектараў зямлі мне дастаткова. Ахапіць больш — ні рук, ні сіл не хопіць. Галоўнае, правільна і эфектыўна асвоіць гэтыя плошчы і атрымаць тое, што хочацца», — кажа ён.

Што тычыцца падтрымкі фермерства, то яна ёсць. «Перш за ўсё дзякуючы Указу Прэзідэнта Беларусі №146, які даў магчымасць набываць сучасную тэхніку і абсталяванне ў ААТ «Прамагралізінг» пад два працэнты гадавых. Праблем з машынамі і агрэгатамі ў нас няма: маем 7 трактароў, неабходнае навясное абсталяванне. Акрамя таго, паводле дэкрэта кіраўніка дзяржавы малыя прадпрыемствы, зарэгістраваныя ў сельскай мясцовасці, вызваляюцца ад мытных плацяжоў, падатку на дабаўленую вартасць. Гэта вялікая падмога. Разам з тым пажадана, каб дзяржава падтрымлівала фермераў датацыямі, як, напрыклад, у Расійскай Федэрацыі. У адваротным выпадку не ўгонімся за суседкай, страцім рынкі збыту», — лічыць мой суразмоўца.

Уладзімір Аляксандравіч нібы зараджае людзей сваёй энергіяй, захапленнем справай, да якой прыйшоў не так даўно — 4 гады таму. Раней ён займаўся іншым бізнесам — грузаперавозкамі, але закрыў яго і пачаў новы з чыстага ліста. Ды за адносна кароткі прамежак часу зрабіў столькі, колькі іншыя дабіваюцца на працягу многіх гадоў. Уладзімір Шчакала асвоіў і няпрофільныя для садавода вытворчасці, у прыватнасці выпуск слупоў для саду, мадэрнізаваў кантэйнеры для захоўвання яблык. Можна было б іх купіць, але ў гэтым выпадку яны абышліся б значна даражэй. У фермера ўсё прадумана. І нават ахоўная паласа высаджана не з елкі, а з бярозы. Праз сем гадоў ён плануе здабываць сок.

— Што прывяло інжынера-энергетыка па спецыяльнасці да «Майго сада»: жаданне стаць багатым, рамантыка? — пацікавілася ў кіраўніка фермерскай гаспадаркі.

— Чалавек павінен нешта мяняць у сваім жыцці, нельга таптацца на адным месцы. Сямнаццаць гадоў у грузаперавозках, колькі можна! Там дасягнуў усяго, чаго хацеў. Захацелася нечага новага, цікавага. Перш чым пачаць справу, доўга прыглядваўся, думаў. Ёсць прымаўка, што на зямлі станеш гарбатым, а не багатым. Нядаўна паглядзеў па тэлебачанні інтэрв'ю кіраўніка фермерскай гаспадаркі «Цнянскія экапрадукты» Уладзіміра Адамовіча, які сказаў, што багатым яшчэ не стаў, але гарбатым — таксама. Гэтак жа і я», — засмяяўся Уладзімір.

Прадпрымальнік прызнаўся, што ў яго амбіцыйныя планы, як і ў любога бізнесмена, які хоча шмат дасягнуць. На працягу двух гадоў ён плануе пабудаваць сховішча для садавіны на 2,5 тыс. тон, праектная дакументацыя ўжо праходзіць экспертызу. Марыць ён і запусціць лінію па прыгатаванні сокаў прамога адціскання, а з макухі, што будзе заставацца, выпускаць яблычнае павідла. Словам, наладзіць безадходную вытворчасць. «Усе задумы хачу ажыццявіць на працягу 3-4 гадоў, бо ў часе абмежаваны, мне ўжо 50, доўга цягнуць не магу», — жартуе поўны энергіі і сіл мужчына.

Любы чалавек адчувае замілаванне ад аднаго погляду на сад у любую пару года: вясной, калі ён раскашуе ў бела-ружовай квецені, восенню, калі зачароўвае рознакаляровымі сакавітымі пладамі.

— Канешне, агортвае радасць, калі бачыш, як на тваіх вачах растуць дрэўцы. Але былі і расчараванні. Першы год, калі вёз на сваім грузавіку
5 тон яблыкаў, пайшоў град і пабіў іх. Слёзы наварочваліся на вочы, думаў, навошта мне ўсё гэта трэба, — прызнаецца Уладзімір Аляксандравіч.

Уладзімір Шчакала з тых людзей, хто жыве ў гармоніі не толькі з прыродай, але і са сваімі сумленнем, верай. Ён дапамагае па меры магчымасці мясцоваму праваслаўнаму прыходу, ходзіць у царкву.

— І аб чым вы просіце Бога? — пацікавілася ў яго. — Каб сад рос?

— Хутчэй за ўсё, каб Усявышні паслаў спрыяльнае надвор'е, — адказаў ён.

Пры дарозе, што ідзе паўз сад, узвышаецца невялікая капліца — яе пабудаваў Уладзімір Шчакала. «Калісьці пры ўездзе ў вёску стаялі праваслаўны і каталіцкі крыжы. Гэта навяло на думку ўзвесці тут святыню, каб людзі спыніліся, перахрысціліся, падумалі аб вечным», — адзначыў Уладзімір Аляксандравіч.

Дарэчы, ён не толькі пасадзіў сад, але і гадуе траіх дзяцей: двух дачушак і сына. Калі малы вырасце, магчыма, будзе на каго пакінуць справу.

У тэму

Аркадзь Казякоўскі, старшыня Стаўбцоўскага раённага Савета дэпутатаў:

— Поле дзейнасці для фермераў у раёне вялікае, створаны фонд свабодных зямель. Па меры неабходнасці мы можам выдзяляць іх ахвотным. Для гэтага патэнцыяльнаму фермеру неабходна распрацаваць бізнес-план, звярнуцца ў райвыканкам. Мы ўзгадняем від яго дзейнасці з Мінаблвыканкамам, пасля чаго афармляецца і рэгіструецца зямля. Зноў жа карпатліва вывучаем сітуацыю, выдзяляем участкі не для таго, каб яны зарасталі пустазеллем. У раёне зарэгістравана 30 сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак. У асноўным фермеры займаюцца раслінаводствам, жывёлагадоўляй — адзінкі, рыбаводствам — 1-2, садаводствам — 4. Самыя эфектыўныя з іх — «Мой Сад» і «Сула», якая вырошчвае бульбу. Яны прыносяць аддачу, ствараюць новыя рабочыя месцы, укараняюць прагрэсіўныя тэхналогіі. Тут усё прадумана: як пасадзіць, прывіць, даглядаць культуры, як найлепш выкарыстоўваць хімію ў разумных межах. Прадукцыя «Майго Сада» вытрымлівае любы лабараторны аналіз, яна прыдатная для прыгатавання харчавання, у тым ліку і дзіцячага. Таму няма праблем са збытам. Вось і нядаўна званілі з Піцера, хочуць купіць 400 тон яблыкаў.

— Чым могуць дапамагчы прыватным гаспадаркам раённы Савет, сельскія саветы дэпутатаў?

— Найлепшая дапамога — крэдыты для далейшага развіцця. Але гэта не ў нашай кампетэнцыі. Мы садзейнічаем у падборы ўчастка, работнікаў, рашэнні бытавых пытанняў, вядзём работу з людзьмі, калі яны незадаволеныя тым, што побач з іх вёскай чалавеку выдзелілі зямлю.

— І такія інцыдэнты здараліся?

— Ёсць у нас прыватнае ўнітарнае прадпрыемства «Профі-Аграцэнтр». Яно створана на базе неплацежаздольнай сельгасарганізацыі «Заямнаўскае». Аднойчы падвозіў да райцэнтра мясцовага жыхара, які абураўся, маўляў, аддалі дзяржаўную маёмасць бізнесменам. Давялося яму тлумачыць, што прадукцыя, якая тут вырошчваецца, застанецца ў Беларусі. Нават, калі яна будзе прададзена за мяжой, то грошы ўсё роўна паступяць у наш бюджэт. Па-другое, уласнік стварыў новыя рабочыя месцы для тутэйшых людзей. Па-трэцяе, у прыватным сектары пры фінансавых укладаннях укараняюцца прагрэсіўныя тэхналогіі. Ды і наогул, як паказвае практыка, калі на зямлю прыходзіць фермер, то ўзровень вытворчасці павышаецца. Акрамя таго, калі зямля не апрацоўваецца 2-3 гады, то яе адбіраем і перадаём таму, хто гаспадарліва да яе адносіцца. І чалавек пагадзіўся са мной, што сапраўды ў гэтым ёсць сэнс.

— Ці ёсць цікавасць у раёне да фермерства?

— Не скажу, што стаіць чарга. Але людзі звяртаюцца. Ёсць у нас і фізічныя асобы, якія маюць вопыт прадпрымальніцкай дзейнасці. Яны вырошчваюць агародніну, і даволі паспяхова. Забяспечваюць прадукцыяй школы, сады. А наогул з грамадзянамі трэба яшчэ працаваць, прыцягваць іх да справы. І ў гэтым могуць дапамагчы саветы дэпутатаў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Фота Васіля Зянько

Загаловак у газеце: Ёсць тавар. А дзе купец?

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Аляксандр Сотнікаў: «Чуткі пра „смерць“ наяўных моцна перабольшаны»

Аляксандр Сотнікаў: «Чуткі пра „смерць“ наяўных моцна перабольшаны»

Банкамат становіцца па-сапраўднаму шматфункцыянальнай прыладай.