Вы тут

Выйшла кніга "Анатоль Сыс. Берагі майго юнацтва"


Сыс, А.Ц. Берагі майго юнацтва: вершы, пародыі / Анатоль Сыс; уклад., прадм. Алесь Бяляцкі; маст. Дар’я Бунеева. — Мінск: Галіяфы, 2016. — 250 с.


Паэзія Анатоля Сыса, калі б іншай была моўная сітуацыя ў краіне, відавочна, перавярнула б свядомасць многіх чытачоў, на многіх паўплывала ва ўнутраных, духоўных пошуках. Мо яшчэ і таму зрабілася б гэта, што ў выпадку з Сысом, прачытаннем яго нямногіх кніг пачынаеш разумець, што Паэзія — гэта Жыццё. Напісаць верш — значыць: пражыць і словам адбіць, зафіксаваць і надаць перажытаму новы філасофскі статус. На жаль, так здараецца не часта... Бальшыня вершаваных, часам нават таленавітых версіфікацый, паэтычных уражанняў ад жыцця — усяго толькі погляд, усяго толькі маленечкі зрэз, усяго толькі ўражанне. Уражанне, пазбаўленае думкі і пошукаў, спадзяванняў і ўяўленняў, трывог і веры.

Караванам па бязмежнай пойме,

Праклінаючы халодны бляск вады,

Нібы айсберг рыжы, блудзяць коні,

Звар’яцеўшы ад пустой хады.

 

І, здаецца, што туман абрыдлы

Назаўжды закрэсліў пах зямлі,

Грывы мокрыя, як птушак скрыдлы,

Безнадзейна па вадзе плылі,

 

— так пачынаецца, вершам «Коні», першая кніга Анатоля Сыса, якая толькі што прыйшла да чытача. А планавалася, збіралася, пісалася шмат гадоў, нават некалькі дзесяцігоддзяў таму. «Коні» — верш з 1980, а мо нават і папярэдняга года. Сысу яшчэ толькі дваццаць з хвосцікам... Чытаем у прадмове да кнігі «Берагі майго юнацтва: “Увосень 2010 года, падчас штогадовага паэтычнага свята ў гонар Анатоля Сыса на радзіме паэта ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёна, я і зямляк Анатоля паэт і журналіст Сяржук Сыс даведаліся ад роднай сястры Анатоля Тамары Ціханаўны пра існаванне неразабранага архіва Анатоля Сыса. Падчас прагляду яго я заўважыў невядомыя вершы паэта. Для нас гэта было моцнай неспадзяванкай, неверагодным сюрпрызам, у які з першага разу цяжка было паверыць, бо Анатоль, жывучы ў Менску, неаднойчы распавядаў пра тое, што спаліў юнацкія вершы» (А. Бяляцкі). І далей: «Асобна ў невядомай спадчыне паэта можна вылучыць машынапіс зборніка вершаў пад назовам “Берагі майго юнацтва” (іншая верагодная назва — “Манускрыпт майго юнацтва”) з раздзеламі “Бераг правы” і “Бераг левы”. На жаль, старонкі пераблытаныя і няма зместу зборніка, таму нельга вызначыць як дакладна былі размеркаваныя вершы па гэтых раздзелах. Зборнік складаюць творы, напісаныя Анатолем Сысом падчас вучобы ў Гомельскім універсітэце ў канцы 70-х, пачатку 80-х гадоў... »

Такая вось гісторыя знойдзенай кнігі. Анатоль Сыс адпраўляў свой зборнік на рэцэнзію. Відаць, у Саюз пісьменнікаў Беларусі, бо застаўся шматок канверта са зваротным адрасам. Водгук Фёдара Яфімава аказаўся адмоўным. Магчыма, таму Сыс і адклаў кнігу ўбок, надрукаваўшы пазней толькі два вершы з машынапісу. Але ўкладальнік Алесь Бяляцкі пайшоў далей і дадаў у кнігу 2016 года яшчэ даволі істотны масіў паэтычных тэкстаў Анатоля Сыса — студэнцкія вершы, сярод якіх і вянок санетаў, пародыі, пераклады М. Лермантава, М. Гнездзіча. І як вынік атрымалася кніга «Берагі майго юнацтва», якая сапраўды дазваляе хаця б крыху іначай паглядзець на развіццё паэтычнага таленту, мастацкага мышлення Анатоля Сыса, легендарнага паэта сучаснасці, зоркі беларускай паэзіі памежжа XX — XXI стагоддзяў.

У свой час у інтэрв’ю дасведчанаму і востраму крытыку, літаратуразнаўцу Ганне Кісліцынай для часопіса «Крыніца» (год 2001) Антоль Сыс сказаў напрыканцы размовы: «Паэты заўсёды былі непатрэбныя. Але з’яўляліся, нават у тыя часы. Пра гэта не варта думаць. Выдаў кнігу, паставіў сваю вешку і ідзі далей. Пішы так, каб не было сорамна. Я пад кожнай сваёй літарай магу падпісацца».

Мяне ўсё ж зараз турбуе, чаму добры паэт, выдатны перакладчык беларускай паэзіі на рускую мову, уважлівы і досыць грунтоўны крытык Фёдар Яфімаў не разгледзеў талент ці не разгледзеў тады, у пачатку 1980-х гадоў, адметную асобу Анатоля Сыса, не разгледзеў паэта як з’яву. Безумоўна, раннія вершы «гарошкаўскага Гамера» ўспрымаюцца зараз праз прызму пазнейшых яго твораў. І ўсё ж...

 

Яшчэ фарбы не абсохлі,

Яшчэ пэндзаль у руках.

Думаю,

Што радзіў:

                     сябе на палатне,

                     ці палатно мяне радзіла.

Шукаю штучнасці ў рысах

                                               і знаходжу —

Эх, людзі, на партрэтах вы такія ж...

А можа мяне пальцы падвялі,

А можа гэта цені вінаваты —

                                                 я ж самавучка,

                                                  сам сабе натуршчык.

 

Гэта — радкі з верша «Аўтапартрэт» (твор напісаны ў Гомелі 25 сакавіка 1980 года). Паэт настойліва шукаў сябе, гэтым найперш тыя даўнія творы і цікавыя.

Рэцэнзент кнігі «Берагі майго юнацтва» ў «Літаратуры і мастацтве» Наста Грышчук заўважыла: «“Берагі...” паказваюць талент, які толькі-толькі адкрываецца, становіцца на ногі, спрабуе голас. Голас падлеткавы, які гучыць то пяшчотна, то зрываецца на бас. У гэтых зрывах, якія парушаюць цэласнасць зборніка, дысануюць, і ёсць той паэт, які застаўся ў беларускай літаратуры з “Агменем”, “Панам Лесам”, “Сысом”. Чаму ж ён адпачатку не даверыўся сабе, хаваўся за белым каўнерыкам? Магчыма, прычынай — натуральная патрэба мець настаўніка, некаму наследаваць?.. Ці сапраўды ўпэўненасць у тым, што заснежаныя пейзажы, пошук любові і лірычная задуменнасць — адзіна верны шлях? Тут можна толькі развесці рукамі.

Ты не менш і ў гэтым зборнічку, што ў свой час прыйшоўся б даспадобы рафінаваным філалагіням, заўважная будучыня паэта. Гэта Маці як цэнтр Сусвету, адзіны чалавек, варты любові, ахвяравання. Гэта Радзіма, якая заўжды поплеч з Маці, і часам вобразы іх непадзельныя. Часта падобныя вершы з палымянымі патрыятычнымі прызнаннямі гучаць не тое каб няшчыра — хутчэй, у іх болей юнацкага запалу, чым рэальнага ўсведамлення, што ж менавіта ты прамаўляеш. Ты малады, значыць, мусіш змагацца, а калі змагацца, дык за Радзіму. У юнага Анатоля Сыса гучанне крыху іншае, яму верыш...»

У гэтых супярэчлівых выказваннях крытыка, магчыма, часткова і ёсць пэўная логіка. Падмурак нават адразу не фарміруецца, што ўжо казаць пра тыя складнікі, што вядуць да вышынь. І ўсё ж не магу цалкам пагадзіцца з Настай Грышчук. Як, пэўна, і з адмоўным характарам рэцэнзіі Фёдара Яфімава на рукапіс першай кнігі Анатоля Сыса. Шчырасці, адкрытасці, няхай сабе часам і наіўнай, тут, у «Берагах... » хапае, яе звышдастаткова. На крайні выпадак яны, шчырасць, адкрытасць, такія паэтычныя, такія важкія, што многім вылізаным, вычасаным спевам сямідзясятых — васьмідзясятых мінулага стагоддзя ой як далёка да твораў з першай кнігі Анатоля Сыса!.. Нават спевам аблаўрэачаных, адзначаных, уганараваных... Тых, каго крытыка тагачасная славіла, чые вершы ў падручніках і хрэстаматыях займелі прапіску.

 

Для альпініста пакароная вяршыня,

Як для паэта пакароны верш,

Але,

Хто з дзівакоў найперш

Спакоем рызыкуе,

Паэт, шчыруючы нястрымнаю душой,

Ці скалалаз, аддадзены канатам?

Што заўтра,

                     Узнагарода ці адплата

За ночы ў скалах,

Вочы ў слязах?

Пра гэта мне адзін паэт сказаў,

І я падумаў:

Быць мне альпіністам

У стромкіх скалах антытэз і рыфм.

 

«Праграма» творчасці, праграма жыцця ў Паэзіі — вось чаго адчуванне ёсць у першай, даўняй кнізе Анатоля Сыса. Ёсць тое, на што пасля, шмат пазней пасля напісання Сысом першых вершаў, зверне ўвагу Леанід Галубовіч: «Анатоль Сыс — паэт, выкінуты з лона айчыннай Прыроды чарговай хваляй беларускага Адраджэння напрыканцы 80-х. Апроч сваёй маці, ён — дзіця нацыянальнай беларускай ідэі». Ён, Сыс, рабіў першыя крокі па творчасці, першыя крокі ў паэтычнай прасторы, а над ім вісеў цяжар праўды папярэднікаў і цяжар праўды будучыні. Трагедыя Сыса зусім не ў тым, што вонкава ён не адбыўся як, напрыклад, адбыўся Максім Багдановіч. Прыйдзе час — і яшчэ знойдзецца Сысу болей высокае месца, чым ён як Паэт займае зараз. Справа ў іншым: у тым, наколькі здольна разглядаць грамадства, чытач, няхай сабе і чытач, які заангажаваны беларушчынай, сапраўднае, сапраўдных... Сіла такіх паэтаў, як Анатоль Сыс, Мікола Купрэеў, знешне не дужа сімпатычных сытаму грамадству, у тым, што іх гучанне надоўга, незалежна, паўтаруся, ад таго як вонкава яны выглядалі, што — гарэлку ці сухое віно — пілі...

Сыс адбыўся, здзейсніўся. І як, у якіх акалічнасцях, абставінах, у якой атмасферы ён жыў — гэта ўжо іншае пытанне. Часам не такое істотнае, калі найперш заўважны вялікі талент, падараваны фізічнай істоце, падараваны чалавеку Богам. «Берагі майго юнацтва» — кніга, якая сведчыць, што першымі вершамі ў літаратуру, у беларускую паэзію, у беларускую культуру ўваходзіў Талент. І тут нельга пагадзіцца з паважаным рэцэнзентам «Літаратуры і мастацтва», якая на самым пачатку рэцэнзіі напісала: «Адкінем апошнія трыццаць гадоў. Забудзем, хто такі Анатоль Сыс. Мы ўбачым самы што ні ёсць пачаткоўскі зборнік — лірычны, патрыятычны, супярэчлівы. Сёння вагу яму надае імя аўтара, але не самі творы. Той Сыс яшчэ не дайшоў да трагічнага разлому, што адкрыў унікальны талент. Той Сыс упарта падладжваецца пад ціхі голас Багдановіча, эксперыментуе з санетам і іншымі строгімі паэтычнымі формамі, хоча быць рамантычным, вытанчаным, нават лагодным».

Сыс не падладжваўся. Ён проста пачынаў свой шлях. Вялікі шлях да чытача розных пакаленняў, шлях, які і сёння доўжыцца, і заўтра будзе прыкметным, заўважным сярод зоркавых дарог Паэзіі і Паэтаў. І чытача ў розных пакаленняў Сыс яшчэ займее ў разы болей, чым наклад кнігі, выдадзенай у 2016 годзе, — 299 асобнікаў...

Максім Жалезінка

Надрукавана ў часопісе "Маладосць"

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».