Вы тут

Ці правільна размешчаны сцірты саломы?


З вёскі Долкінды Нясвіжскага раёна ў рэдакцыю звярнуўся Аляксандр Кандратавіч Гуліцкі. Расказаў пра тое, што літаральна побач з дамамі населенага пункта размешчана жывёлагадоўчая ферма гаспадаркі «Новае жыццё», недзе метраў за 300. Па словах заяўніка, да яе пачалі звозіць салому. У чым тут Аляксандр Кандратавіч убачыў праблему і нават небяспеку?


— Сцірты складваюць вельмі доўгія, напэўна, метраў па 500 даўжынёй. Яны суседнічаюць вельмі шчыльна. А як, барані Божа, пажар? Да дамоў жа зусім нічога, — даводзіў нам вясковец.

Каб разабрацца ў сітуацыі, мы тут жа звязаліся з начальнікам Нясвіжскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Віталем Бокунам. Той выслухаў скаргу заяўніка і папрасіў крыху часу, каб можна было ўсё праверыць з выездам на месца. Недзе праз дзве гадзіны Віталь Вячаслававіч сам звязаўся з рэдакцыяй і паведаміў наступнае.

— Мы выязджалі да Аляксандра Кандратавіча, размаўлялі з ім. Сапраўды, побач з вёскай размешчаны сцірты саломы. Аднак усё зроблена ў адпаведнасці з нормамі і правіламі пажарнай бяспекі. Калі сцірты, згодна з імі, павіны размяшчацца ад будынкаў на адлегласці не менш як 50 метраў, насамрэч ад найбліжэйшага будынка да іх 70-100 метраў. Вытрыманы і іншыя патрабаванні: ад ліній электраперадач да саломы не менш за 15 метраў. Тое ж можна сказаць і пра адлегласць да дарогі — усё адпавядае нормам і правілам, — сказаў Віталь Бокун.

Далей начальнік Нясвіжскага аддзела па надзвычайных сітуацыях дадаў, што Аляксандр Кандратавіч падчас размовы прызнаўся ў сапраўднай прычыне свайго звароту ў рэдакцыю. «Раней з акна дома ён мог бачыць аўтакраму, якая прыязджала ў вёску. А цяпер сцірты саломы замінаюць».

Праз некалькі хвілін Віталь Вячаслававіч зноў набраў нумар рэдакцыі і сказаў, што паспрабуюць дамовіцца з кіраўніцтвам гаспадаркі, каб частку саломы перанеслі ў іншае месца. Хоць, паўторымся, ніхто не абавязаны гэтага рабіць, паколькі сцірты размешчаны без аніякіх парушэнняў нормаў і правілаў пажарнай бяспекі.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Сцірты саломы размешчаны без аніякіх парушэнняў»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?