Вы тут

Не хапае школьнай формы для акселератаў


На самым буйным у Магілёве школьным базары каля гандлёвага цэнтра Парк-сіці ў Казіміраўцы сёння шматлюдна. Канцтавары, адзенне і абутак для дзяцей і падлеткаў, у тым ліку дзелавога стылю, сумкі, партфелі, школьна-пісьмовыя прылады, кнігі, навучальныя дапаможнікі — тавары на любы густ і кашалёк. Сваю прадукцыю з 10 раніцы да паловы восьмай вечара па буднях і да 18.00 у выхадныя дні тут прапаноўваюць каля 70 суб'ектаў гандлю. А ўсяго да паслуг жыхароў Магілёўскай вобласці, якія збіраюць дзяцей у школу, сёння працуе 75 школьных базараў, з якіх 23 пастаянна, астатнія — у выхадныя дні.


Прадпрыемствы адказна падышлі да падрыхтоўкі да школьнага сезона. Напрыклад, толькі бабруйская «Славянка» сёлета прапаноўвае каля 50 мадэляў школьнага адзення. Гэта той самы вытворца, які смела эксперыментуе ў сучасных умовах і прапануе кожны раз нешта новае. Менавіта гэта фабрыка адной з першых у краіне пачала выпускаць касцюмы для школьнікаў з кішэнямі для мабільнікаў, якія за кошт спецыяльнай тканіны затрымліваюць электрамагнітнае выпраменьванне. Піск цяперашняга сезона — мадэрнізаваная рэтра-форма савецкіх часоў. Як кажа дырэктар прадпрыемства Тэймураз Бачарышвілі, заказ быў атрыманы ад некалькіх навучальных устаноў горада Барысава. Камплекты з чорнымі і белымі фартухамі, з каўнярамі, якія адшпільваюцца, сапраўды выглядаюць вельмі прыгожа і элегантна.

Шыюць тут касцюмы і для хлопчыкаў-акселератаў 2, 3 і нават 4 паўнаты. Але дэфіцыт адзення для поўных дзяцей усё роўна адчуваецца.

Галіна, маці 12-гадовага Максіма, пакуль вывучае асартымент. Уздыхае, што знайсці варыянт, які падыходзіў бы для яе сына, нават пры такой разнастайнасці праблематычна. Хлопчык пойдзе ў 7 клас, але рост у яго 170 сантыметраў, а памер 54. Мяркуе, што замест дзелавога касцюма прыйдзецца купляць штаны і пінжак асобна, прычым у аддзеле для дарослых мужчын. У выніку камплект з кашуляй пацягне прыкладна на 200 рублёў. Туфлі маці разлічвае купіць за суму ў межах 60-80 рублёў. Сумка, у залежнасці ад формы і матэрыялу, можа абысціся ў 27-70 рублёў. А яшчэ патрэбны красоўкі, спартыўны касцюм. Плюс усе астатнія школьныя «дробязі» ў выглядзе сшыткаў, канцтавараў і іншых неабходных для вучэбнага працэсу рэчаў.

Таццяна Глазкова, настаўніца, збірае ў школу траіх дзяцей — сына-другакласніка і дачок дзевяці- і дзесяцікласніцу. Асноўныя закупкі яшчэ наперадзе, але грошы на самае неабходнае ўжо ёсць. Болей чым 150 рублёў выдзелена па месцы вучобы дзяцей, па 7 базавых велічынь на кожнага школьніка пералічылі маці па месцы яе працы ў школе №34, плюс дапамогу акажа прафкам таксама па месцы працы.

— Гэта вельмі добрая падтрымка, — кажа шматдзетная маці. — Мы зыходзім з таго, што на кожнага нашага вучня прыйдзецца патраціць каля 200-300 рублёў. Гэта прыкладна столькі, колькі нам выдзелена дапамогі. Усім, у тым ліку дзяўчатам, збіраемся купіць штаны (можна будзе сэканоміць на калготках), абутак, па некалькі белых кашуль на кожнага, а таксама спартыўныя касцюмы сыну і адной з дачок, бо леташні стаў ёй крыху малы ў плячах.

Па словах Таццяны, ад вялікіх выдаткаў іх ратуе толькі тое, што дочкі пагодкі. Некаторыя рэчы старэйшай, якая сёлета паступіла ў вышэйшую ўстанову, засталіся ў спадчыну малодшым. А яшчэ сям'я адсочвае зніжкі ў крамах. Напрыклад, атрымалася за паўцаны — усяго за 33 рублі — купіць старэйшай дачцэ туфлі. Там жа зніжкі для тых, хто купляе некалькі пар абутку запар.

— Наогул цэны на рэчы не вельмі адрозніваюцца ад леташніх, — з веданнем справы кажа маці. — Вось на што прыйдзецца патраціцца, дык гэта на метадычную літаратуру. Рабочыя сшыткі каштуюць прыкладна 3,5-4 рублі адзін, а іх трэба купіць па кожным прадмеце.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Медыя

Запушчаны мультымедыйны партал VІDEOBEL.BY

Запушчаны мультымедыйны партал VІDEOBEL.BY

Ён прапаноўвае грамадска-палітычны відэакантэнт, галоўныя навіны і ўсе тэлеканалы анлайн.

Гандаль

Чым сёлета здзівяць сельгаскірмашы?

Чым сёлета здзівяць сельгаскірмашы?

Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.