Вы тут

У Мінску 60 сямейных агрэсараў звярнуліся па псіхалагічную дапамогу


«Нашы кліенты — і рознарабочыя, і міліцыянеры, і дыпламаты, і артысты». З 2014 года ў Мінскім гарадскім цэнтры сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей праводзяць кансультацыі для мужчын, якія прымяняюць гвалт. За гэты час па псіхалагічную дапамогу звярнулася больш за 60 агрэсараў. У маштабах краіны (дый нават сталіцы) лічба зусім невялікая: па статыстыцы кожная трэцяя беларуска падвяргалася хатняму гвалту. Але, магчыма, у гэтых больш чым паўсотні сем'ях жыццё нарэшце зменіцца да лепшага.

Чаму агрэсары самі вырашаюць прыйсці да псіхолага? Наколькі эфектыўная карэкцыйная праграма? І ці ёсць гарантыя, што мужчына пасля праходжання тэрапіі больш ніколі не падыме руку на жонку?


На тэрапію прыходзяць па сваім жаданні

У аснове карэкцыйнай праграмы для мужчын-агрэсараў — Дулуцкая мадэль, якая ўжо больш за 30 гадоў паспяхова працуе па ўсім свеце. Яе прымяняюць у ЗША, Вялікабрытаніі, скандынаўскіх краінах, Польшчы, Украіне.

— Асноўная ідэя — гэта тое, што гвалт — засвоеныя паводзіны, — тлумачыць псіхолаг Мінскага гарадскога цэнтра сацабслугоўвання сям'і і дзяцей Раман КРУЧКОЎ, які займаўся адаптацыяй амерыканскай мадэлі для прымянення ў Беларусі. — Мужчына так ці інакш усведамляе, што ён робіць, а значыць, мусіць прыняць на сябе адказнасць. Заўсёды адказнасць на тым, хто б'е, таму што ў любы момант ён мае магчымасць стрымацца.

Праграма цягнецца ад 6 да 8 месяцаў. Агрэсары штотыднёва бясплатна наведваюць індывідуальныя тэрапеўтычныя сеансы, ходзяць на групы. Як правіла, праз паўтара-два месяцы мужчыны адмаўляюцца ад фізічнага гвалту. Астатні час ідзе «шліфоўка»: чалавеку дапамагаюць разабрацца, што яму трэба змяніць у сабе, як наладзіць адносіны з партнёркай. Псіхолагі вучаць мужчын новым спосабам камунікацыі, паказваюць, як скідваць эмацыйнае напружанне, тлумачаць наступствы гвалту для ўсёй сям'і.

Складана ўявіць, каб агрэсары па сваім жаданні ішлі на тэрапію, але... Раман Кручкоў кажа, што мужчыны звяртаюцца тады, калі гвалт становіцца праблемай і для іх. Аказваюцца пад судом за абразу ці катаванне, жанчына сыходзіць, дзіця пачынае капіраваць іх паводзіны.

Часта схадзіць да псіхолага агрэсараў просяць жонкі. Ці самі звяртаюцца ў цэнтр абсалютна па іншай праблеме, а ў працэсе высвятляецца, што ў іх сям'і ёсць хатні гвалт.

— Для некаторых ахвяр гэта з'яўляецца адкрыццём, — заўважае спецыяліст. — Яны жывуць, цвёрда разумеючы, што такія паводзіны — норма, таму што, напрыклад, у іх уласных сем'ях было тое ж самае. А чалавек можа сістэматычна прыніжаць жанчыну, сарамаціць, маніпуляваць, кантраляваць — гэта таксама формы гвалту.

Агрэсар сам ахвяра гвалту

Чаму мужчыны прыбягаюць да гвалту? Матывацыя простая: я прымяняю сілу, калі хачу, каб ты перастала рабіць тое, што робіш, ці зрабіла тое, чаго не хочаш. А іншымі сродкамі не атрымліваецца. Часцей за ўсё агрэсары прызнаюцца, што перад уласна актам гвалту яны адчувалі бяссілле. І злосць, што не ўдаецца ніяк настаяць на сваім.

Фізічны гвалт выкарыстоўваюць часам для эмацыйнай разгрузкі.

— Калі, працуючы з такім чалавекам, капаць углыб, у большасці выпадкаў удаецца ўстанавіць, што ён сам — ахвяра гвалту, — прызнаецца Раман Кручкоў. — Напрыклад, у дзяцінстве яго абражалі, высмейвалі. Неабавязкова тата агрэсар. Мамы часта прыніжаюць: «На каго ты падобны!», «Свіння такая!». Усё гэта падрывае самаацэнку маленькага чалавека. Плюс да ўсяго дзеці, як губка, убіраюць стыль зносін паміж бацькамі. Калі ёсць дысфункцыянальная камунікацыя, малыя гэта счытваюць і потым паўтараюць, у гульнях напрыклад. Гвалтоўным паводзінам усё ж такі вучацца.

Калі мужчына ўжо аднойчы прымяніў сілу, пытанне не стаіць так: ці зробіць ён гэта яшчэ раз? Ён у прынцыпе здольны на гвалт і гэта паказаў. Многія пры гэтым адмаўляюць праблему.

— Вы пераходзілі дарогу на чырвоны? Не ідзяце ж адразу самі плаціць штраф? Вось і там тое ж самае. На глыбінным узроўні яны не лічаць, што робяць нешта няправільнае. Так, яна дурніца, крычала, і я ёй паказаў, хто ў доме гаспадар.

Тэрапія патрэбна не толькі агрэсарам. Іх жонкам, якія чамусьці застаюцца ў гэтых адносінах, таксама неабходна працаваць над сабой. З імі псіхолагі займаюцца асобна.

— Калі мужчына пачынае наведваць праграму, многія лічаць, што справа зроблена. Ён перастае біць, жанчына расслабляецца... і ўсё вяртаецца. Змены патрабуюць намаганняў і часу. І мяняцца павінны абое. Я не кажу, што жанчына нясе частку адказнасці за тое, што яе б'юць. Не. Але калі яна не зразумее, у якіх умовах жыве і як ёй трэба рабіць, каб не быць ахвярай гвалту, то не думаю, што яе становішча надта палепшыцца, — каментуе псіхолаг.

Абавязалаўка павінна быць

Уласную статыстыку эфектыўнасці праграмы ў цэнтры пакуль не вядуць: выбарка не вельмі вялікая. Але замежны вопыт сведчыць: каля 75 працэнтаў мужчын пасля праходжання карэкцыі перастаюць прымяняць гвалт.

— А што з астатнімі 25-ццю?

— У нас няма мэты вылечыць усіх, хутчэй — даць магчымасць змяніцца. Мы не лічым гэта няўдачай. У нас дакладнае разуменне межаў. Мы робім тое, што неабходна тут, адказваем за гэта, а мужчына — за тое, што адбываецца дома. Калі, узброены ведамі, ён усё ж такі прымяняе гвалт, то гэта яго рашэнне, — кажа псіхолаг.

Раман Кручкоў быў на стажыроўцы ў Штатах па гэтай тэме, вывучаў, як працуе карэкцыйная праграма ў іх. У ЗША 30-40 працэнтаў агрэсараў прыходзяць на тэрапію па рашэнні суда, яшчэ 30 працэнтаў — тыя, хто не стаў чакаць, пакуль трапіць пад следства (яны звяртаюцца па рэкамендацыі сацыяльных службаў). Для амерыканцаў, дарэчы, праграма платная: адно наведванне каштуе каля 30-40 долараў.

Беларускіх мужчын прымусіць запісацца на тэрапію не могуць. У нас пакуль адсутнічае закон аб хатнім гвалце, які б, з аднаго боку, стаў моцнай матывацыяй для агрэсараў пайсці да псіхолага (бо дакладна прапісваў бы, што адносіцца да гвалту і якое за гэта пакаранне), з другога — дзейсным рычагом ціску.

— Гвалт сам па сабе не заканчваецца, яго трэба спыняць. За мяжой суддзя можа прымусова накіраваць чалавека на тэрапію. У нас я ездзіў па судах, расказваў аб праграме, прапаноўваў рэкамендаваць яе мужчынам. Думаеце, хоць з аднаго прыйшоў агрэсар? Суддзі спасылаюцца на тое, што няма адпаведнага дакумента... Ведаеце, хто накіроўвае? Загадчыца дзіцячага садка. Таму што ёсць 18-ы дэкрэт, па якім могуць адабраць дзяцей, і гэтага баяцца.

Раман Кручкоў упэўнены: нейкая абавязалаўка ўсё ж такі павінна быць. Бо знойдуцца тыя, хто да апошняга будзе ўпірацца, што гвалт у сям'і — не праблема. А праца толькі з ахвярамі не дапаможа цалкам выправіць сітуацыю. «Мужчына-агрэсар, выхавае сына з такімі ж устаноўкамі, а пасля гэты хлопчык вырасце і трапіць вашай дачцэ. Усё ўзаемазвязана».

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Адказнасць заўсёды на тым, хто б'е»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».