Вы тут

У Дзень горада жыхароў Мінска чакае паўмарафон


Многія памятаюць, якім маштабным ён быў летась, калі сабраў каля 20 тысяч удзельнікаў! А што цікавага, незвычайнага чакаць бегунам і гледачам ад забегу сёлета? Аб гэтым мы і пагутарылі з Аляксандрам Бут-Гусаімам, генеральным сакратаром Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.


— Адчуваецца, што людзі ў нашай краіне пачынаюць даволі актыўна бегаць, — кажа спадар Аляксандр. — Яшчэ гадоў пяць таму ўбачыць чалавека, які бегае ў парку, было рэдкасцю. Многія лічылі яго за дзівака. А цяпер усё мяняецца. Людзі не саромеюцца, займаюцца здаровым ладам жыцця. Дзякуючы гэтаму ў нас пашыраецца каляндар спаборніцтваў, з'яўляюцца новыя бегавыя клубы. І мы разлічваем, што на старт мінскага паўмарафону выйдзе прыблізна 20 тысяч чалавек. На 18 жніўня на дыстанцыю ў 21 кіламетр ужо зарэгістравалася больш за 2 тысячы чалавек, на 10 — больш чым 1,2 тысячы ўдзельнікаў. Колькасць зарэгістраваных на пяць кіламетраў назваць пакуль складана, але мы плануем, што гэтую адлегласць прабягуць звыш 14 тысяч чалавек. І гэта яшчэ не канчатковыя лічбы. Многія пакідаюць рэгістрацыю на апошні момант. Кожны ўдзельнік, які фінішуе, атрымае памятны медаль. Акрамя таго мы правядзём асобную спартыўную праграму для дзетак.

— Ці шырокая геаграфія ўдзельнікаў сёлетняга паўмарафону?

— Пабягуць прадстаўнікі звыш 30 краін. Сярод іх будуць даволі моцныя замежныя спартсмены — з Кеніі, Эфіопіі, Украіны... Пабяжыць і Вольга Мазуронак, пераможца мінулага забегу. Нядаўна яна заняла пятае месца на Алімпійскіх гульнях і чарговы раз даказала, што з'яўляецца спартсменам высокага ўзроўню з сур'ёзнымі вынікамі. Плануецца, што пабягуць даволі моцныя Марына Даманцэвіч і Настасся Пузакова, Ніна Савіна... Мы ўжо маем шэсць заявак ад мужчын, чые вынікі лепшыя за леташнія. Напярэдадні паўмарафону мы абвесцім імёны элітных спартсменаў.

— Іх спрабуеце зацікавіць найперш матэрыяльна?

— Тры тысячы долараў за перамогу — гэта даволі сур'ёзныя грошы для паўмарафону. Спартсменам ёсць за што змагацца. Таму і маем заяўкі ад даволі моцных бегуноў, на якіх выходзілі праз менеджараў. Мы не зацікаўлены, каб у нас беглі выключна афрыканцы. Аднак, калі чалавек зарэгіструецца самастойна, ніхто не будзе перашкаджаць ягонаму ўдзелу. Але бегуны ўсё роўна павінны прадстаўляць розныя краіны. У наступным годзе мы плануем падаць заяўку ў Міжнародную федэрацыю лёгкай атлетыкі на атрыманне нашым паўмарафонам прэстыжнага бронзавага статусу. І ўдзел вядомых спартсменаў на прыняцце падобнага рашэння таксама можа паўплываць. Мы павінны быць прадстаўлены на бронзавы ўзровень спартсменамі з эліты з розных краін.

— Калі не памыляюся, якасць мінскай трасы ўжо прынята на міжнародным узроўні.

— Так, наша траса прайшла сертыфікацыю ў 2005 годзе і атрымала сертыфікат ІAAF- AІMS (Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі і Асацыяцыі міжнародных марафонаў і прабегаў. — Аўт.). І калі ў Мінску ўстановяць рэкорд, гэта толькі пойдзе на карысць нашаму паўмарафону. Людзі зразумеюць, што траса даволі хуткая і на ёй можна добра прабегчы. І я, як удзельнік многіх паўмарафонаў і марафонаў, пацвярджаю яе добры ўзровень.

— Пытанні з медыцынскай дапамогай і аховай правапарадку ўжо вырашылі?

— Так. Рух будзе абмежаваны на ўсёй адлегласці трасы падчас забегу. Плануем, што яго перакрыюць за гадзіну да пачатку спаборніцтваў. На трасе запрацуюць чатыры пункты аказання медыцынскай дапамогі. Валанцёры — навучэнцы медыцынскага каледжа — будуць перамяшчацца на веласіпедах і сачыць за станам здароўя ўдзельнікаў. Абавязкова арганізуем і пункты харчавання. Бегунам плануем прадаставіць бананы і пітную ваду. Пасля фінішу ўсім удзельнікам зробяць масаж ног. Будуць працаваць душавыя кабінкі.

— Якія «фішкі» рыхтуеце для ўдзельнікаў і гледачоў?

— Безумоўна, зладзім канцэртную праграму, адбудзецца выстаўка прадукцыі нашых партнёраў... На вялікіх экранах каля Палаца спорту плануем правесці жывую трансляцыю паўмарафону. Уздоўж трасы падрыхтуюць спецыяльныя забаўляльныя пляцоўкі. Некаторыя з іх падчас леташняга паўмарафону карысталіся папулярнасцю. Напрыклад, каля цырка, дома-музея І з'езда РСДРП. Мы іх вырашылі пакінуць. Але раскрываць усе карты не буду. Лепш прабегчы і ўбачыць усё на свае вочы. Навінак сапраўды шмат.

 

Забег адбудзецца 4 верасня ў 11:00. Зарэгістравацца, падрабязна азнаёміцца з умовамі і аплаціць стартавы ўнёсак можна на сайце mіnskhalfmarathon.by Для школьнікаў, пенсіянераў удзел ў пяцікіламетровай дыстанцыі будзе бясплатным.

Тарас ШЧЫРЫ

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Сталіца «абуе» красоўкі

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.