Вы тут

Сталічнае жыццё паэта


З маленства адарваны ад Бацькаўшыны Максім жыў марай аб ёй. Калі пачуў народныя песні ў выкананні цётак, Марыі і Магдалены, абудзілася цяга да свайго, роднага, ― генная памяць. Юны Максім самастойна вывучыў беларускую мову і гадоў з дзесяці пачаў пісаць на ёй вершы. Гадамі выпеставанай, выпакутаванай ідэяй было вярнуцца на Беларусь і працаваць на карысць свайго народа.


ВЯРТАННЕ ЯК ТРЫУМФ

Здзейсніць задуманае ён змог толькі пасля заканчэння вучобы ў Яраслаўскім ліцэі ў верасні 1916 года. Адам Ягоравіч успамінаў: «Як звычайна, у паездку я яго сабраў сам. З трывогай я яго адпускаў, але не было як даць рады: радзіма была цэнтрам яго прыцягнення, туды вабілі яго ўсе жывыя цікаўнасці і сімпатыі. Я разлічваў на іх жыватворнае ўздзеянне, прытым ён пераконваў мяне, што яго ўладкуюць у Мінску ў плане задавальнення жыццёвых патрэб як можна лепш».

Максім Багдановіч вяртаўся на радзіму прызнаным паэтам. Пачаўшы друкавацца ў «Нашай ніве» ў 1907 годзе, заваяваў усеагульную любоў і прыхільнасць, а выхад яго адзінага прыжыццёвага зборніка паэзіі «Вянок» у 1913 годзе быў вельмі высока ацэнены крытыкамі. Прыезду ў Мінск папярэднічала перапіска з дачкой Ядвігіна Ш., беларускай пісьменніцай Вандай Лявіцкай.

Тут яго чакалі. Блізкая сяброўка Максіма Зоська Верас пісала:

«Нарэшце ў канцы верасня ці мо ў пачатку кастрычніка М. Багдановіч прыехаў. Спаткаў яго А. Смоліч і прывёў у “Беларускую хатку”, дзе мы цэлай грамадой чакалі іх з нецярплівасцю.

Сардэчны, скромны і просты, М. Багдановіч адразу заваяваў агульную сімпатыю. Ужо ў канцы вечара здавалася, што ён даўно з намі, што ўсім блізкі і дарагі. Тым больш трывожыла яго бледнасць і бліскучыя ад гарачкі вочы. Кашляў зусім мала. Пасля гарбаты сядзелі нядоўга. Трэба было змучанаму дарогай адпачыць. На кватэру адвялі Багдановіча Смоліч, Фальскі і Галубок.

Дагаварыліся, што Багдановіч будзе сталавацца ў “Беларускай хатцы”, дзе будзе мець не толькі абеды, але і снеданні, і вячэры. Мая маці была ў той час загадчыцай сталоўкі, і мы жылі тут на месцы. Так што мы з Багдановічам бачыліся па тры разы на дзень, а вечары, як заўсёды, праводзілі разам з цэлай нашай грамадкай. Галубок, Фальскі, Смоліч, Багдановіч, часта Ядвігін Ш., я…»

У той час, калі Максім вярнуўся на Бацькаўшчыну, ішла Першая сусветная вайна. Усе, хто толькі мог, з’язджалі ў пошуках ратунку, эвакуіраваліся. Яго ж не спалохала тое, што Мінск быў прыфрантавым горадам, ― усе свае сілы ён хацеў пакласці на алтар служэння Айчыне.

Да сябе, да свайго здароўя Максім ставіўся абыякава. Адмаўляўся піць гарбату з цукрам. На пытанне здзіўленай Зоські Верас адказваў: «…Вельмі перажываю тое, што я бяссільны памагчы тым, хто цяпер, падчас вайны, церпіць голад. Асабліва шкадую дзяцей… Калі я адмаўляю сабе таго, што люблю (бо, прызнацца, люблю салодкую гарбату), мне здаецца, што я раблю нейкую ахвяру, і гэта мяне хоць крыху пацяшае…». Праз тры месяцы Багдановіч прынёс больш як паўпуда цукру, каб перадалі дзецям бежанцаў. Ён працаваў сакратаром харчовага камітэта мінскай губернскай управы, а яе супрацоўнікі, акрамя заробку, атрымлівалі «паёк», пераважна цукар ― вось Максім і аддаў назапашанае.

Акрамя таго, М. Багдановіч актыўна ўдзельнічаў у працы Беларускага камітэта дапамогі ахвярам вайны.

ШЭДЭЎРЫ Ў СВЯТЛЕ ГАЗНІЦЫ

Пасяліўся Максім у доме Рэдзькі на маленькай ціхай вуліцы Малагеоргіеўскай, наймаў пакой (цяпер ― «Беларуская хатка», музей Багдановіча, адзіны будынак у горадзе, чые сцены помняць Максіма. ― Т. Б.). Суседзямі паэта былі Змітрок Бядуля з сёстрамі Рэняй і Чэрняй. Іх злучыла цёплае сяброўства, пра што З. Бядуля пакінуў успаміны:

«…Каля шасці месяцаў да самага выезду ў Ялту Багдановіч жыў у мяне.

Нягледзячы на слабое здароўе, М. Багдановіч прыняў службу ў земстве, дзе надта шмат працаваў. У вольны ад службы час ён або сядзеў у Пушкінскай бібліятэцы, або дома і займаўся літаратурнай працай. Сядзеў пры керасінавай лямпе штодня да гадзін 3-4 ночы. <…>

Ён страшна захапіўся тады беларускай народнай творчасцю. Чытаў ён мне цэлы цыкл сваіх вершаў на народныя матывы, паміж іншым і верш “Страцім-лебедзь”.

Яго рабочы стол быў праўдзівай лабараторыяй паэтычнай творчасці. Ён мог папраўдзе свядома гартаваць і шліфаваць свае паэтычныя перлы, бо быў чалавекам з еўрапейскім выхаваннем: ведаў старакласічныя і новыя еўрапейскія мовы і меў з чаго браць прыклады для маладой беларускай паэзіі».

Падчас мінскага перыяду паэт стварыў такія шэдэўры, як паэма «Страцім-лебедзь» і верш «Пагоня», напісаў «Агляд працы за першы год Мінскага Аддзела Беларускага таварыства для помачы пацярпеўшым ад вайны», артыкул «Голас з Беларусі». Акрамя гэтага, Максім працаваў над артыкулам «Беларускі бежанскі прытулак» (застаўся няскончаным) і разам з А. Смолічам і З. Верас — над чытанкай для пачатковай беларускай школы. Напісаў апавяданні «Гарадок», «Сярод глухой пушчы…», нарыс «Аб веры нашых прашчураў».

У канцы снежня ў Маскве асобнай брашурай выйшаў змястоўны гістарычны артыкул М. Багдановіча на рускай мове «Белорусское возрождение», і гэты ж артыкул у перакладзе на ўкраінскую мову (ёсць верагоднасць, што пераклад зрабіў сам аўтар) выйшаў у Вене.

АПОШНЯЕ СВЯТА

Надыходзіў новы, 1917, год. Яго святочная сустрэча ў кампаніі беларускіх сяброў была першай і апошняй для Максіма Багдановіча. Сабраліся ўсе дзеячы беларускага адраджэння, хто быў у Мінску, у «Беларускай хатцы»: пісьменнікі Ядвігін Ш., Альберт Паўловіч з дачкой Уладзяй і зяцем, Фабіян Шантыр, паэт Язэп Фарботка, вучоны Аркадзь Смоліч, публіцыст Аляксандр Уласаў, ксёндз Вікенцій Гадлеўскі, тэатральныя дзеячы Усевалад Фальскі і Уладзіслаў Галубок, адвакат Чавусаў, архітэктар Лявон Дубяйкоўскі, Зоська Верас і яе маці, загадчыца сталоўкі ў «Беларускай хатцы», Эмілія Сівіцкая, Ян Крыўка, а таксама краязнавец і калекцыянер Рамуальд Зямкевіч.

У той час здароўе Максіма вельмі пагоршылася. Але, як згадваў Зм. Бядуля, «…нягледзячы на хваробу, ён і далей працаваў не толькі днём, але і ноччу; працаваў у гарачцы, пры высокай тэмпературы ў 38 ― 39 градусаў». Паэт прадчуваў, што засталося яму няшмат, імкнуўся зрабіць як мага больш, не шкадуючы сябе. 21 лютага Мінская губернская харчовая камісія разглядзела прашэнне М. Багдановіча «аб адпачынку для папраўлення здароўя і дапамозе на лячэнне». Было прынята рашэнне «прадаставіць двухмесячны адпачынак з захаваннем утрымання і выдаць аднаразова на лячэнне сродкі ў памеры 200 рублёў». 23 лютага Максім атрымлівае грошы і ў канцы месяца ад’язджае ў Крым.

Але гэта не дапамагло. У ноч на 25 мая яго не стала.

ЛЁСЫ СЯБРОЎ

Згадваючы вяртанне паэта ў Беларусь, мы не можам не сказаць пра тых, хто быў з ім побач. Адзінай доўгажыхаркай сярод тых, з кім сябраваў у Мінску Максім Багдановіч, была Зоська Верас (1892 ― 1992). Яна рэдагавала дзіцячыя часопісы, удзельнічала ў выданні беларускага календара, пісала свае творы. З 1923 года і да апошніх дзён жыла ў лесе пад Вільняй. Туды, у яе «лясную хатку», з’язджаліся ўсе, хто цікавіўся беларускай гісторыяй і адраджэннем. З. Верас стала той, хто звязаў два стагоддзі ў сваім лёсе і хто пакінуў найбольш поўныя ўспаміны пра мінскі перыяд жыцця паэта.

Змітрок Бядуля рашуча падтрымаў Лютаўскую рэвалюцыю 1917 года. У яго творчасці ўзмацнілася ідэя нацыянальнай дзяржаўнасці Беларусі. Бядуля ўваходзіў у арганізацыйнае бюро Беларускай народнай партыі сацыялістаў, вітаў адкрыццё Усебеларускага з’езда. У 1918 ― 1920 гадах вёў актыўную публіцыстычную і палітычную дзейнасць з незалежніцкіх пазіцый, выступаў у абарону дэмакратыі, крытыкаваў бальшавікоў, якія недаацэньвалі ў практычным правядзенні сваёй палітыкі нацыянальнае пытанне і дапускалі гвалт. Памёр пісьменнік у 1941 годзе падчас эвакуацыі каля Уральска ў Расіі.

Ядвігін Ш. удзельнічаў у рабоце «Беларускай хаткі», быў другім віцэ-старшынёй Мінскага аддзела Беларускага таварыства дапамогі пацярпеўшым ад вайны. Прадаставіў свой маёнтак у Карпілаўцы для размяшчэння дзіцячага прытулку з Мінску. Стаў адным з заснавальнікаў і тэхнічным рэдактарам часопісаў «Саха» і «Лучынка», ставіў спектаклі, за ўласны кошт выдаў зборнік «Беларускія жарты». Але цяжкія матэрыяльныя ўмовы прывялі да хваробы. Зіму 1918 г. Ядвігін Ш. праляжаў у мінскім шпіталі. Вясной, як годам раней М. Багдановіч, выехаў з горада, каб больш не вярнуцца. Не дапамагло яму і лячэнне ў Закапанэ. Пісьменнік памёр у 1920 годзе ад туберкулёзу горла ў Вільні.

Аркадзь Смоліч быў абраны ў Беларускі нацыянальны камітэт у 1917 годзе, увайшоў у Выканаўчы камітэт Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый, удзельнічаў ва Усебеларускім з’ездзе, быў адным з ініцыятараў абвяшчэння БНР. Удзельнічаў у стварэнні Таварыства беларускай школы, у 1922 годзе ў Мінску загадваў планава-эканамічным аддзелам Наркамата земляробства БССР, у 1923 г. ― кафедрай у БДУ і Інбелкульце. А. Смоліч стаў вядомым вучоным у галіне эканомікі, сельскай гаспадаркі, картаграфіі, а ў 1927 годзе атрымаў званне прафесара. У 1930-м ― арыштаваны па справе Саюза вызвалення Беларусі і сасланы ў Пермскую, а затым ― у Цюменскаю вобласць. У 1937 г. А. Смоліча арыштавалі паўторна і праз год прыгаварылі да вышэйшай меры пакарання.

Усевалад Фальскі з’яўляўся адным са стваральнікаў беларускага прафесійнага тэатра, быў старшынёй Першага беларускага таварыства драмы і камедыі і Мінскага таварыства працаўнікоў мастацтва. У 1918 г. удзельнічаў у стварэнні маскоўскай Беларускай секцыі РКП(б), быў камісарам замежных спраў Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі. У 1919-м ― двойчы арыштаваны савецкай ўладай, а ў 1921-м займаў пасаду намесніка загадчыка аддзела мастацтваў, вучонага сакратара Акадэмічнага цэнтра Наркамата асветы БССР. У тым жа годзе зноў арыштаваны. Прыгавораны да 5 гадоў катаржнай турмы. З 1925 года жыў у Кіеве, працаваў дырэктарам драматычнага тэатра, перапісваўся з Інбелкультам. Далейшы лёс невядомы.

Уладзіслаў Галубок быў першым артыстам БССР, які атрымаў званне народнага. З 1917 года працаваў акцёрам і рэжысёрам Першага беларускага таварыства драмы і камедыі, з 1920-га ― кіраўніком Драматычнай секцыі культурна-асветніцкай секцыі «Папараць-кветка» ў Слуцку, у 1920 ― 1922 гг. ― загадчыкам мастацкага аддзела ў Наркамаце асветы БССР. У 1920 годзе стварыў і быў мастацкім кіраўніком Трупы беларускіх артыстаў пры Беларускім рабочым клубе ў Мінску. З’яўляўся членам літаб’яднання «Маладняк» і «Полымя», напісаў каля 40 п’ес на сацыяльныя, гістарычныя і бытавыя тэмы, сюжэты для якіх браў з народнага жыцця і фальклору. З канца 1920-х гадоў на творчасць Галубка пачаліся ганенні і ў 1937 годзе ён быў рэпрэсіраваны. Паводле афіцыйных звестак, памёр ад гіпертанічнай хваробы.

Лявон Заяц, які жыў у адным двары з М. Багдановічам і часта заходзіў да яго, быў палітычным дзеячам. На Усебеларускім з’ездзе 1917 года яго выбралі членам Рады, а з 1918-га ― ён у складзе Народнага сакратарыята Беларусі. З 1919 года займаў пасады загадчыка канцылярыі і дзяржаўнага сакратара ў Народнай Радзе БНР. З 1925 г. ― кансультант Наркамфіна ў БССР. У 1930 годзе быў арыштаваны па справе «Саюз вызвалення Беларусі», а ў 1935-м ― арыштаваны паўторна. Памёр падчас следства ў турме.

Усе яны былі адданымі сынамі сваёй Бацькаўшчыны. Іх магутны талент раскрыўся ў літаратуры, навуцы, тэатральнай, грамадскай і палітычнай дзейнасці. Іх служэнне ідэі нацыянальнага адраджэння, высокая місія жыць і змагацца за тое, каб мы зараз помнілі, хто такія і адкуль, прынесла плён. Так, яны акружалі паэта, былі разам з ім ― але і самі па сабе кожны з іх быў велічынёй. Пераломны час нараджае плеяды яркіх асоб, на якіх мы таксама не можам забывацца.

Таццяна БУДОВІЧ-БАРАДУЛЯ

Вынаска:

Калі Максім Багдановіч вярнуўся на Бацькаўшчыну, ішла Першая сусветная вайна. Усе, хто толькі мог, з’язджалі ў пошуках ратунку. Яго ж не спалохала тое, што Мінск быў прыфрантавым горадам, ― усе свае сілы ён хацеў пакласці на алтар служэння Айчыне.

Іван Пратасеня. «Максім Багдановіч і Зоська Верас у Мінску. 1916 год».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.