Вы тут

З Бразіліі ўжо вярнуліся ўсе нашы спартсмены


Удзельнікі галоўных стартаў адразу ж па прылёце траплялі ў рукі шматлікіх журналістаў. Мы сабралі самыя цікавыя думкі і ўражанні беларусаў ад Гульняў у Рыа.


Уладзіслаў Ганчароў, алімпійскі чэмпіён па скачках на батуце:

— Пасля Алімпіяды адчуваю велізарную стомленасць. Калі казаць пра арганізацыю Гульняў у Бразіліі, то яна была слабая. Для мяне гэта першы ўдзел у такім турніры, таму, можа, я не так адчуў гэта, як вопытныя спартсмены, якія неаднаразова адзначалі, што сёлетняя Алімпіяда саступала папярэдняй.

Пасля залатой узнагароды матывацыя ў мяне не знікла, заўсёды ёсць да чаго імкнуцца. Выйграў адзін медаль, трэба старацца заваяваць другі.

Аляксандра Герасіменя, бронзавая прызёрка Алімпіяды-2016 (плаванне):

— Мы прыехалі і зразумелі, што людзям, якія жывуць у Бразіліі, не патрэбна Алімпіяда. Ім яна проста ў цяжар. Вядома, былі і добрыя моманты. Бразільцы вельмі яркія, вясёлыя, увесь час фатаграфаваліся. Але ўсё роўна я засталася ў шоку ад Бразіліі. Калі праязджалі фавэлы, бачылі разбураныя дамы, жудасна.

Алімпійская вёска была не гатовая прыняць такую колькасць людзей, кармілі нас дрэнна. Перасушаны рыс, чорная макарона, мяса, якое не жуецца. Чулі, як на вуліцы да людзей падыходзілі з пісталетамі. Адчуваеш, што, калі раптам нешта здарыцца, табе ніхто не дапаможа. Гэта ўсё сапсавала настрой і не дазваляла адчуць атмасферу свята. Я ўсё ж такі лічу, калі Алімпіяда праходзіць у такіх сітуацыях, то, напэўна, яе праводзіць не варта.

Што тычыцца мяне асабіста, то пасля Гульняў буду старацца больш часу ўдзяляць сям'і і асабістаму жыццю. Тым не менш пакуль са спортам заканчваць не збіраюся. Ёсць жаданне пабіць не толькі асабістыя рэкорды.

Марына Літвінчук, бронзавая прызёрка Алімпіяды ў Рыа ў байдарцы-чацвёрцы:

— Не перадаць, што гэтыя медалі для нас значаць. Нам трэба было падняцца на п'едэстал для адчування ўласнай моцы. Каб даказаць: нашу каманду не зламаць ніякімі «паддывановымі» гульнямі. А зараз мы ўжо строім планы на наступны чэмпіянат свету і нават далей.

Марыя Мамашук, сярэбраная прызёрка Алімпіяды-2016 (вольная барацьба):

— «Золата» — гэта самае лепшае, што можа зрабіць спартсмен для сваёй краіны. Вядома, сярэбраны медаль — гэта таксама добры вынік, але станавіцца другім заўсёды горка. Я прашу прабачэння за такі фінал у маім выкананні (0:6). Камусьці, магчыма, ён здаўся бязвольным з майго боку. Гэта не так. Я хацела выйграць вырашальную сутычку і цяпер сябе моцна дакараю за такое паражэнне. Буду працягваць далей працаваць над сабой, бо гэта дастаўляе мне задавальненне. Для пачатку хачу адпачыць трошкі, сустрэцца з сябрамі, з якімі з-за збораў і спаборніцтваў бачуся не так часта, як хацелася б.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: А цяпер — хатняе заданне

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.