«Мяне знялі з уліку беспрацоўных, але так і не прапанавалі падыходзячых вакансій», — паскардзілася ў рэдакцыю адна з чытачак. Мінчанка Наталля Малочка звярнулася па дапамогу ў службу занятасці два гады таму. За гэты час, як сцвярджае жанчына, ёй, настаўніку геаграфіі і біялогіі, не змаглі падабраць работу, якая б адпавядала яе кваліфікацыі. Органы па працаўладкаванні не выконваюць сваю задачу, абураецца Наталля Іванаўна. Праўда, калі мы пачалі разбірацца ў гэтай сітуацыі, аказалася, што ўсё не так адназначна.
Шукаю занятак па кваліфікацыі
Наталля мае вышэйшую адукацыю, скончыла аспірантуру ў педагагічным універсітэце. Там і працавала ў якасці метадыста. А ў жніўні 2014 года жанчыну звольнілі: не сталі працягваць кантракт.
У тым жа месяцы Наталля звярнулася ў службу занятасці Фрунзенскага раёна сталіцы. Хацела ўладкавацца метадыстам. Але ёй прапаноўвалі толькі нізкакваліфікаваную працу, ісці на якую Наталля не згаджалася. У выніку жанчыну знялі з уліку за адмову ад дзвюх і больш падыходзячых вакансій.
— Падставай стала мая адмова ад месца па броні прыёмшчыцы заказаў у хімчыстцы, — тлумачыць чытачка. — Але гэта вакансія не мае ніякага дачынення да маёй кваліфікацыі! Заробак там — 350 рублёў, а ў летнія месяцы, як мне паведамілі ў прадпрыемстве па тэлефоне, з улікам скарочанага працоўнага дня яшчэ меншы. На гэтую суму я не змагу карміць, апранаць, абуваць і лячыць сваіх траіх малалетніх дзяцей.
Жанчына хвалюецца, што цяпер яна да таго ж будзе лічыцца сацыяльным утрыманцам і вымушана будзе плаціць падатак, на які ў яе няма грошай.
— Няўжо ў нас чалавек з вышэйшай адукацыяй можа разлічваць толькі на працу па незапатрабаваных вакансіях з невялікім памерам заробку? — абураецца мінчанка.
Пра тое, ці спрабавала яна знайсці работу самастойна, Наталля прамаўчала.
«Беспрацоўная ад усяго адмовілася»
У гарадскім камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне расказваюць крыху іншую версію. У адпаведнасці з пажаданнем Наталлі Іванаўны, ёй падабралі 25 варыянтаў уладкавання ў якасці метадыста, спецыяліста, выхавальніка інтэрната і выдалі адпаведныя накіраванні на работу. Іншая справа, што наймальнікі ўзяць жанчыну адмовіліся, у асноўным праз неадпаведнасць кваліфікацыі.
Паколькі па спецыяльнасці месца знайсці не атрымалася, Наталлі прапанавалі яшчэ 20 вакансій па іншых прафесіях: лабарант, бібліятэкар, адміністратар, камплектоўшчык тавараў. Разглядаць іх беспрацоўная не стала: сказала, што гэта не адпавядае яе адукацыі і вопыту працы. У службе занятасці адзначаюць, што ўзровень аплаты на некаторых прапанаваных месцах быў большым за 400 рублёў у месяц.
— Аддзелам працаўладкавання не абмяжоўвалася права Наталлі Малочкі на выбар прафесіі ў адпаведнасці са здольнасцямі і прафесійнай падрыхтоўкай. Ёй садзейнічалі ў пошуку работы з улікам адукацыі, пажаданняў і вакансій, якія паступалі ад наймальнікаў Мінска. Паколькі пажаданні беспрацоўнай зводзіліся толькі да падбору месца метадыста, яе ўладкаванне было праблематычным, бо попыт на такіх спецыялістаў абмежаваны, — каментуе старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Жанна РАМАНОВІЧ.
Жанчыне прапаноўвалі таксама прайсці адукацыю па прафесіях, якія цяпер запатрабаваны на рынку, — «Бухгалтарскі ўлік і кантроль у прамысловасці», «Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных сістэм». Ад курсаў Наталля адмовілася.
Дапамогу па беспрацоўі шматдзетнай маці прызначылі. Памер выплат, вядома, невялікі, але са жніўня 2014-га па люты 2016-га сума набегла важкая — 462 рублі. Праўда, пералічыць гэтыя грошы жанчыне не змаглі. Наталля не адкрыла адпаведны рахунак у банку і не паведаміла яго нумар спецыялісту аддзела працаўладкавання, хоць ёй неаднойчы нагадвалі пра гэта.
Што да падатку за ўтрыманства, то наконт гэтага мінчанка можа не хвалявацца. Згодна з дэкрэтам №3, грамадзяне, якія выхоўваюць траіх і больш непаўналетніх дзяцей, таксама ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў, а таму плаціць збор ім не трэба.
Жанна Рамановіч упэўнена: яны зрабілі ўсё магчымае і дзейнічалі па правілах. Так, згодна з артыкулам 4 Закона аб занятасці, для беспрацоўных, якія стаяць на ўліку больш за 12 месяцаў, падыходзячай з'яўляецца любая аплатная работа, у тым ліку часовага характару, якая ўлічвае ўзроставыя і іншыя асаблівасці.
Да таго ж мінчанку некалькі разоў папярэджвалі, што за пастаянныя адмовы ад прапаноў яе маюць права пазбавіць статусу беспрацоўнай. Зноў стаць на ўлік у службу занятасці Наталля зможа праз год. А каб атрымаць садзейнічанне ў пошуку работы (а не статус беспрацоўнай), жанчына можа звярнуцца ў любы момант.
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.
Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.
Васілеўскія такія: на Зямлі і ў космасе ліхія!