Вы тут

Тамара Цябут пра бацьку, прафесію ўрача і прызванне жыць з радасцю


Доктар навук, прафесар медыцыны, выкладчыца Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, аўтарка больш як двухсот навуковых прац, практыкуючы кардыёлаг і крыніца кіпучай жыццёвай энергіі — адзін чалавек, Тамара Цябут. І гэта ўсё не дзіўна, бо яна сапраўдная дачка свайго бацькі — Дзмітрыя Васілевіча Цябута, які быў камандзірам партызанскай брыгады, а пасля вайны — старшынёй Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. Мы пагаварылі з Тамарай Дзмітрыеўнай пра бацьку, прафесію ўрача і прызванне жыць з радасцю.


«Калі возьмеш на сябе ўсю праблему, не зможаш дапамагчы»

— Давайце пачнем з простага. З якім настроем вы сёння прачнуліся?

— Апошнія гады я кожную раніцу прачынаюся ў добрым настроі. Таму што яна адзіная, яна непаўторная... А жыццё такое, што ніколі не ведаеш, якім будзе наступны дзень. Як бы наіўна гэта не гучала, але трэба радавацца кожнаму з іх.

— Бывае такое, што вам вельмі не хочацца ісці на працу?

— Вы ведаеце, мне, мабыць, пашанцавала, бо з першага дня ў мяне няма стомленасці ад таго, што раблю. Я заўсёды працавала з добрымі людзьмі, і гэта вельмі падтрымлівала і натхняла. Магчыма, часам захліствае паток папер — гэта зусім не маё. Але сваю працу навуковую, выкладчыцкую, лячэбную я раблю з задавальненнем.

— А маральнай стомленасці няма?

— Адназначна, не. На гэту тэму я вельмі люблю распавядаць гісторыю пра свайго бацьку. Калі я атрымала дыплом, ён мяне павіншаваў і пажадаў спаць спакойна на працягу ўсяго жыцця. Я тады ўсё смяялася: «Але ж дзяжурства ў бальніцы — гэта ж найлепшае месца для камфортнага сну». А ён меў на ўвазе зусім іншае: спаць спакойна, таму што не адчуваеш пакут сумлення з-за таго, чым займаешся. Цяпер я магу ацаніць усю мудрасць яго пажадання.

Я ў прафесіі ўжо больш за 40 гадоў і не магу сказаць, што за гэты час у мяне былі канфлікты з калегамі ці з пацыентамі. Дапамагае пэўная вытрымка і разуменне таго, што таму, хто да цябе звярнуўся, значна горш.

— Вам увесь час даводзіцца сутыкацца з цяжкімі жыццёвымі становішчамі іншых людзей. Наколькі гэта на вас ўплывае?

— Ёсць такое паняцце — перанос праблемы пацыента на сябе. Мне дапамагае тое, што я вучылася на кафедры медыцынскай псіхалогіі і псіхатэрапіі. І многія праблемы, якія ўзнікаюць у доктара, калі ён не можа падзяліць «сваё» і «чужое», у той жа час не страціўшы пачуцця суперажывання, былі там растлумачаны. Я лічу, што гэты курс псіхалогіі павінен праходзіць кожны студэнт медыцынскай ВНУ, таму што, калі чалавек не валодае такімі ведамі, у яго фарміруецца сіндром эмацыйнага выгарання. Вядома, урач не павінен быць абыякавым, але калі ён ўсю праблему пацыента забярэ на сябе, то проста не зможа яму дапамагчы.

— Былі моманты, калі вас не пакідала думка: а ці правільна я ўсё раблю?

— Разумееце, ёсць пацыенты са стандартным дыягназам, а ёсць складаныя хворыя. Мы такія выпадкі абмяркоўваем і адзін, і два, і тры разы, склікаем кансіліумы, разбіраем іх з медыкамі-слухачамі на лекцыях, думаем, ці правільна праводзілі лячэнне, а за прафесарам часта вырашальнае слова. У кожнага лекара ёсць умоўная кніга такіх «цікава-складаных» клінічных выпадкаў, да якой ён вяртаецца ўсё жыццё.

— Гэта значыць, спаць спакойна ўсё ж удаецца?

— Так. У мяне дэфіцыт сну, я магу спаць усюды. У аўтобусе, стоячы, абы паспаць (смяецца).

Дзмітрый Васілевіч Цябут, легендарны камбрыг.

«Паміж пацыентам і ўрачом павінен быць кантракт»

— З трох напрамкаў вашай працы: выкладчыцкага, навуковага і лячэбнага, які вам найбольш блізкі?

— Іх нельга падзяліць — гэта трыадзінства. Наша кафедра кардыялогіі і рэўматалогіі не тэарэтычная, а практычная: урачы прыязджаюць для таго, каб на справе павысіць кваліфікацыю. Я вельмі доўга дзяжурыла, перастала, толькі ўжо стаўшы доктарам навук у 2002 годзе, бо выкладаць экстранную кардыялогію, не працуючы менавіта з гэтым пацыентам, немагчыма. А якім ты будзеш навуковым супрацоўнікам, калі не будзеш ведаць, што ж трэба ў гэтай навуцы для ўрача-практыка? Такая разнастайнасць дзейнасці дапамагае ўвесь час трымаць сябе ў тонусе, павышаць свой прафесійны ўзровень.

На шчасце, у нас ёсць магчымасць ездзіць на міжнародныя канферэнцыі, кангрэсы, ды і ў Беларусі цяпер праводзіцца мноства форумаў. У маі быў Еўразійскі кангрэс па рэўматалогіі, у снежні будзе чарговы з'езд па кардыялогіі.

— Беларускім медыкам ёсць чым падзяліцца?

— Безумоўна, у развіцці кардыялагічнай навукі за апошнія гады быў зроблены вялізны крок наперад. Мы не адстаём ад еўрапейскіх краін і па вядзенні пацыентаў з вострым каранарным сіндромам, і па трансплантацыі сэрца. Сёння ў Беларусь прыязджаюць шматлікія пацыенты з іншых краін менавіта на трансплантацыю. Рыхтуецца перасадка комплексу сэрца-лёгкія, а такія аперацыі пакуль адзінкавыя ў свеце.

Сказаць, што ўсё бліскуча і больш няма чаго рабіць, безумоўна, нельга. Па-першае, гэта сведчыла бы аб спыненні развіцця, а значыць, і паступовым спыненні жыцця; па-другое, гэта няпраўда.

— У якім напрамку трэба рухацца?

— Акцэнт трэба рабіць не толькі на лячэнні, але і на першаснай прафілактыцы. Даследаванні паказалі, што праца з фактарамі рызыкі значна больш важная, чым укараненне самых сучасных тэхналогій. Трэба ўважліва сачыць за ціскам, узроўнем халестэрыну, пазбаўляцца ад шкодных звычак, не забываць аб фізічнай актыўнасці. І, вядома, абавязкова праходзіць штогадовыя агляды.

У большасці пацыентаў такая пазіцыя: я прыйшоў да ўрача, ён мне прызначыў таблеткі, яны дапамаглі — добры ўрач. А праз год мне стала дрэнна. Чаму мне стала дрэнна? Дрэнны доктар? Ды не, таму што, прапіўшы 1-2 упакоўкі таблетак, пацыент, напрыклад, з артэрыяльнай гіпертэнзіяй працягвае курыць, мець лішнюю масу цела і сядзець вечарамі ля тэлевізара, пазбягаючы фізічнай нагрузкі.

Я лічу, што павінен быць кантракт паміж пацыентам і ўрачом: імкнешся да здароўя — выконвай усе прадпісанні, не — дык не марнуй чужы час. А абавязак кожнага чалавека, калі ён хоча, каб яго дзяржава квітнела, — быць здаровым.

Партызаны брыгады імя К.Варашылава.

«Як вам падзякаваць?» — «Памаліцеся»

— Калі вы адчулі цікавасць да медыцыны?

— Паверце, заканчваючы школу, я не думала ісці ў медыцынскі інстытут, як гэта сёння ні смешна, але я збіралася паступаць на факультэт журналістыкі. Перавярнула маё жыццё старэйшая сястра, якая ўжо тады працавала ўрачом і ў гэтую ж прафесію настойліва цягнула мяне. Можа быць, гэта быў водгалас таго, што ўся яе група вывучала на мне, маленькай дзяўчынцы, косці і рабіла пробныя перавязкі. Але ў 17 гадоў у мяне быў «важкі» (смяецца) аргумент, чаму я не магу паступаць у медыцынскі: баюся трупаў!

Прывезлі мяне ў анатамічку, я іду і кажу сабе: страць прытомнасць, страць прытомнасць. Не страчваецца! «Ну, раз не падаеш — пойдзеш у медінстытут», — так усё і вырашылася.

— Цяпер вы ўпэўнены, што медыцына — гэта ваша прызванне?

— Напэўна, так. Але я не абмяжоўваю жыццё толькі гэтым. Перыяд інтэнсіўнай працы, калі я нічога не бачыла, акрамя медыцыны, прайшоў. Цяпер я вярнулася да таго, што вельмі любіла рабіць у маладосці. Я хаджу ў тэатры, на канцэрты, выстаўкі, пачала шыць мяккія цацкі, рабіць паштоўкі, зноў села за швейную машынку. Ёсць пакліканне жыць, жыць з радасцю.

— Якімі якасцямі, на ваш погляд, трэба валодаць, каб стаць добрым урачом?

— Першае, што бы я ўвяла пры паступленні ў медыцынскія ВНУ, — гэта псіхалагічнае тэсціраванне. Нельга чалавека неўраўнаважанага, які не ўмее суперажываць, пускаць у гэту прафесію. Патрэбна моцнае жаданне развівацца, ніколі не спыняцца на дасягнутым, а вось амбіцыйнасць у нашай справе хутчэй прыносіць шкоду.

Не варта саромецца пытацца, таму што ўсё ведаць немагчыма. Калісьці на 4 курсе інстытута прафесар Аўдзей мяне вельмі добра гэтаму навучыў. Мы абследавалі брушную поласць з дапамогай апарата. Усе па чарзе глядзяць, я таксама падышла: нешта чырвонае прамільгнула, а потым — суцэльная цемра. Прафесар пытаецца: «Што бачыце?» А як жа гэта ўсе бачылі, а я не? Я добра ведала тапаграфічную анатомію і пачала яму расказваць, што я магла б там убачыць. А ён смяецца і кажа: «Праблема медыцыны вырашана, калі нават пры выключанай лямпачцы студэнт можа паставіць дыягназ».

— Вы верыце ў лёс, прадвызначэнне?

— З узростам так. Тое, што не залежыць ад нашых дзеянняў, ведаў, прысутнічае і ў медыцыне, і ў паўсядзённым жыцці. Але сказаць, што я чалавек глыбока веруючы, я б не змагла: для гэтага трэба ведаць у рэлігіі значна больш. Але ў тым, што ёсць пэўная сіла, якая нас падтрымлівае і суправаджае, я не сумняваюся.

Тамара Дзмітрыеўна ківае на мноства абразоў, што размясціліся за яе спінай на этажэрцы: «Пацыенты дараць. А гэта ж падарунак, ад якога нельга адмовіцца. Вось мой першы абразок — Божая Маці Лекарка. Ён асабліва каштоўны для мяне, таму стаіць на стале. А тут Еўфрасіння Полацкая, звязаная з месцам майго нараджэння, — землякі прывезлі разам з малітвай Опцінскіх старцаў. У цяжкія часы яна мне вельмі дапамагае. Вера павінна быць, без веры чалавек не жывы.

— Не крыўдна, што лечыць урач, а людзі дзякуюць Богу?

— Гэта нармальна. На пытанне аб тым, як вам падзякаваць, я сама заўсёды адказваю: схадзіце ў царкву, памаліцеся за сваіх родных, за доктара.

«Рабі як мы, рабі з намі, рабі лепш за нас»

— Які ваш першы ўспамін з дзяцінства?

— Вельмі добра памятаю, як мы ездзілі збіраць грыбы. Тата быў выдатным грыбніком — лясны чалавек. Я ж ніколі гэтых грыбоў не бачыла. А ён казаў: вось тут паглядзі і вунь там. Першы ўспамін, які прыходзіць ў галаву, — мы знайшлі вялізны грыб. Мабыць, ён быў і не такі вялікі, але мне здавалася, што ён у палову мяне. Шкада, што тады не было фотаапарата, хоць гэты баравік-гігант і сёння стаіць перад маімі вачыма.

Тата вадзіў нас «партызанскімі» сцежкамі; яны маглі быць у любым лесе, на дачы; потым мы сядзелі каля агню, пяклі бульбу, ён расказваў пра сваіх сяброў. Але гэта былі вельмі далікатныя апавяданні, ён нас бярог.

— Хто аказваў на вас найбольшы ўплыў у дзяцінстве?

— Выхаваннем займалася пераважна бабуля, таму што бацькі ўвесь час працавалі. У мяне дзве старэйшыя сястры, чытаць-пісаць мяне вучылі менавіта яны, а потым я нават на спатканні з імі бегала.

Тата быў для нас героем. І яго пісталет, і яго кабура, партупея, і ваенная форма — усё выклікала шчырае дзіцячае захапленне. Ён быў чалавекам справядлівым, пра гэта кажуць і людзі, якія з ім працавалі. Тата мог ускіпець, павысіць голас, але вельмі хутка адыходзіў і пачынаў вырашаць праблему. Мама была чалавекам больш строгім, патрабавала ад нас дысцыпліны. Але ў дзяцінстве нас ніколі не каралі. Быў толькі жорсткі лозунг: вы павінны рабіць так, каб нам не было сорамна. Я сёння смяюся і кажу: «Што ж вы нам не тлумачылі тады, ад чаго вам можа быць сорамна?»

— Ці ёсць пытанні, якія вы  зараз хацелі б задаць свайму бацьку?

— Іх велізарнае мноства. Спачатку ўсё адкладваеш на потым, здаецца, будзе трэба — спытаю, а потым становіцца непапраўна позна. Я б хацела менавіта з яго вуснаў пачуць аповед аб прарыве блакады ў 1944 годзе, манеўр, за які бацька, камандзір брыгады, атрымаў ордэн Кутузава І ступені № 489 — гэта ўзнагарода, якая прысуджалася вышэйшым армейскім чынам. Так бы хацелася даведацца, як ён разважаў, як ён усё планаваў...

— Сам бацька неахвотна расказваў?

— Ды часу ўсё неяк не было. Калі ён вадзіў нас па партызанскіх сцежках, то расказваў пра тое, што можа быць цікава дзецям. Пазней ён напісаў некалькі кніг пра партызанскую барацьбу і пасляваеннае аднаўленне гаспадаркі. Здавалася, што, прачытаўшы іх, усё ведаеш. Але жывыя зносіны нішто не заменіць.

Вы бачылі сустрэчы былых партызанаў: столькі маладога запалу, столькі радасці, столькі песень, столькі ўспамінаў. Горкія хвіліны, якія ім давялося перажыць, прывілі ім усеабдымную любоў да жыцця.

Падчас працы на чале Мінскага аблвыканкама ў бацькі практычна не было выхадных, ён заўсёды быў у руху, ездзіў па вобласці, часам і мяне браў з сабой, таму аб тым, як Мінская вобласць атрымала 2 ордэны Леніна, я ведаю не па чутках, памятаю людзей, якія працавалі з ім у той час, — Палякоў, Раханаў, Малюковіч, Матуз, Бяляўская, Голубеў, Цвірка. Побач з бацькам заўсёды былі яго нязменныя вадзіцелі — Сакулевіч, Лашук, Трапянок, Малчан, Семеж. Усе гэтыя людзі любілі Міншчыну і рабілі ўсё для яе росквіту .

— Складана было адпавядаць бацькам?

— Гэта было абсалютна натуральна. Нам не трэба было нікуды цягнуцца. Мы проста жылі і працягваем жыць па негалосным прынцыпе, прынятым у сям'і: рабі як мы, рабі з намі, рабі лепш за нас.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Добры ўрач спіць спакойна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?