Вы тут

Саша Шапо адной выставай падвёў вынікі за 17 гадоў


Жанчына і каханне зноў становяцца цэнтральнымі матывамі — 18 жніўня ў Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася выстава графіка і скульптара Сашы Шапо «Сюіта №45». Прысвечаная жонцы экспазіцыя ў якасці эпіграфа мае выраз са Старога Запавету: «Моцнае як смерць каханне». Магчыма, на гэтым трымаецца не толькі сэнс выставы, але і светабудова ўвогуле.


Экспазіцыю, што ў самой назве мае адсылку да ўзросту (Аляксандру Шапо 45 гадоў), варта разглядаць, вядома ж, як падвядзенне вынікаў. 20 скульптур і 30 літаграфій, дзе самы ранні экспанат датуецца 1999 годам, а самы позні 2016-м, — гэта ілюстрацыя пэўнага перыяду мастака. Гратэск, эротыка, гумар — усё працятае шматзначнымі сімваламі і пачуццёвасцю. Што можна патлумачыць розумам і адчуць праз эмоцыі.

Сам аўтар, якога называюць мастаком-філосафам (хоць які творца філосафам не з'яўляецца?), акцэнтуе ўвагу на тым, што ў асэнсаванні Быцця галоўныя паняцці — гэта каханне і небыццё, што часам адно да аднаго прыроўніваецца. І каханне тут — гэта не толькі адносіны паміж мужчынам і жанчынай, але і любоў увогуле, бо простых і сціслых паняццяў у мастацтве, а тым больш у філасофіі, няма.

Таму паняцце кахання (усё ж больш кахання, а не любові) паварочваецца і разглядаецца тут з усіх бакоў, базуецца ў вобразах і архетыпах жанчын, дапаўняецца цытатамі з Бібліі і адсылкамі да міфалогіі.

Некаторыя работы з выставы ўжо вядомыя беларускаму наведвальніку (і не толькі беларускаму, творчасць Аляксандра Шапо захоўваецца за мяжой таксама), нешта выстаўлена ўпершыню. У 2008 годзе мастак стаў прызёрам прэстыжнай Міжнароднай трыенале друкаванай графікі Кочы ў Японіі, яго скульптурныя работы штодзень бачаць жыхары беларускіх, украінскіх, літоўскіх і расійскіх гарадоў.

Таямнічыя жаночыя (і не толькі) вобразы майстра, яго асэнсаванне базавых паняццяў Быцця, яго пачуцці і яго каханне да 25 верасня выстаўляюцца ў залах Нацыянальнага мастацкага музея.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Роўнасць паміж каханнем і небыццём

Выбар рэдакцыі

Культура

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны. 

Культура

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.