Вы тут

Постаць паэткі Еўдакіі Лось вачыма яе сына


Яна нарадзілася 1 сакавіка, таму сваёй першай кнізе паэзіі дала сімвалічную назву «Сакавік». Знакавай аказалася і назва апошняга зборніка — «Лірыка ліпеня»: аўтаркі не стала 3 ліпеня, праз некалькі месяцаў пасля выдання згаданай кнігі. Еўдакія Лось была адной з самых яркіх і значных паэтак свайго часу. Дзясяткі кніг вершаў, дзіцячых твораў, перакладаў, мноства дзяржаўных узнагарод, шырокае прызнанне публікі і павага калег, бясконцыя вандроўкі і сустрэчы з чытачамі... На жаль, лёсам ёй не было наканавана дажыць да восені ўласнага жыцця: паэтка пайшла ў лепшы свет, калі ёй было ўсяго 48, а яе сыну Дзмітрыю — толькі 14. Менавіта з Дзмітрыем Ласём мы сёння згадваем Еўдакію Якаўлеўну — не яскравую прамоўцу на трыбуне, а клапатлівую маці.


— Я памятаю маму досыць добра, вельмі добра памятаю тое, што яна ў мяне ўклала, — пачынае гутарку Дзмітрый Алегавіч. — Гэта і любоў да чытання, і яе ўласны прыклад стараннай вучобы: мама скончыла педінстытут, Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Я слаба веру ў дар, але калі паразважаць: колькі дзяўчат з добрых, забяспечаных сем'яў выбіраюць не зусім правільны шлях у жыцці, не займаюцца творчасцю, не маюць вялікіх талентаў. Ганаруся тым, што мая мама здолела развіць свой талент. Далёка не кожны становіцца пісьменнікам, паэтам, вучоным, мастаком. А яна — простая жанчына з Ушаччыны, якая расла ў пасляваенны час, — змагла дасягнуць многага.

Дзмітрый Лось прызнаецца, што разуменне значнасці мамінай працы прыйшло не адразу:

— Калі быў зусім малы, не мог зразумець, чым яна займаецца: у сяброў бацькі былі інжынерамі, настаўнікамі, урачамі, вадзіцелямі тралейбуса — адразу бачна, як чалавек зарабляе. А мая мама ўвесь час сядзела за машынкай. Нешта надрукуе, напіша — потым парве старонку. Думаў, мне вельмі не пашанцавала. Але ўжо пазней, калі падрос, пачаў чытаць кнігі, зразумеў, што мама мае вялікі талент. Гадоў у пяць навучыўся чытаць, а ў трэцім-чацвёртым класе ўжо знаёміўся з класікай беларускай, рускай, сусветнай літаратуры. «Вайну і мір» адолеў у 8-м класе. І сёння чытанне — найлепшы занятак для мяне ў вольны час.

Натуральна, Дзмітрый чытаў і ўсе кнігі Еўдакіі Лось. Сёння беражліва іх захоўвае, а некаторыя асобнікі — з вельмі цёплымі і шчымлівымі аўтографамі-парадамі для сына — яму асабліва дарагія.

Сам Дзмітрый таксама спрабаваў пісаць вершы.

— Некаторыя з іх нават друкаваліся ў «Маладосці» і «Бярозцы», многія выдатныя творцы таго часу добра адгукаліся пра мае творчыя спробы, — кажа ён. — Калі маці памерла, напісаў некалькі вершаў, але потым жыццё пайшло так, што зусім стала не да паэзіі.

Еў­да­кія Лось у ма­ла­до­сці.

— А якой была знакамітая паэтка дома, у сям'і? — пытаюся.

— Сапраўды, у свой час яна была вельмі вядомым чалавекам. Мела дзяржаўныя ўзнагароды, але сама сябе на п'едэстал не ставіла. На сваю выдатнасць і вядомасць глядзела нібыта збоку, ніколі ёй не карысталася. Яна ж па сутнасці простая жанчына, нарадзілася ў вёсцы. Мы ездзілі на адпачынак у Крым, у Дубулты на Балтыйскае мора. Да мяне была вельмі строгая, але вельмі добрая. Ніколі не песціла, хоць і не зневажала, не ганяла з пугай. Мама часта была ў паездках, а я жыў у той час з бабуляй. Але з кожнай вандроўкі ў Грузію, Арменію, Чэхаславакію, Францыю, Венгрыю, Прыбалтыку мама прывозіла мне падарункі — нацыянальныя сувеніры. Сама ж пасля кожнай паездкі пісала і цыклы вершаў, навеяныя падарожжамі.

Дзмітрый Алегавіч кажа, што Еўдакія Якаўлеўна вельмі часта распавядала яму пра дзяцінства, пра свайго брата, які загінуў падчас вайны:

— Яны жылі ва Ушацкім раёне Віцебскай вобласці. Падчас акупацыі хату спалілі. Мая бабуля Наталля засталася з трыма дочкамі. Жылі ў зямлянках, есці не было чаго. Здаралася, капалі мерзлую бульбу на палях. А старэйшы мамін брат, які працаваў настаўнікам у школе, у 1941 годзе пайшоў дабравольцам на фронт. Яму было 19. Скончыў курсы маладых камандзіраў у Омску, у званні лейтэнанта загінуў ва Украіне, пахаваны там жа. Мама пра яго вельмі многа расказвала і прысвяціла загінуламу брату шмат вершаў.

Многія пісьменнікі ва ўспамінах пра Еўдакію Лось адзначаюць, што яна з ахвотай іх падтрымлівала, дапамагала.

А Уладзімір Караткевіч неяк нават назваў яе Жытніцай — «істотай з беларускага фальклёру, якая жыве ў каласах і памірае толькі тады, калі апошні чалавек сабраў свой ураджай. Яна дапамагае ўсім, і дух яе жыве нават у тым пучку жыта, які выносяць вясною на Юр'я ў поле».

«...Гэ­тую ка­шу­лю вы­шы­ваю сы­ну па сва­ёй ах­во­це, па свай­му па­чы­ну». Зна­ка­мі­ты верш Еў­да­кіі Лось яе сын ве­дае на па­мяць. На гэ­тым фо­та­здым­ку 10-га­до­вы Дзі­ма ў той са­май ка­шу­лі, якую для яго сшы­ла і вы­шы­ла ма­ма. 1973 год.

— Сапраўды, яна вельмі многім пісьменнікам дапамагала, — пацвярджае Дзмітрый Алегавіч. — Апекавалася Жэняй Янішчыц. Яна некаторы час, калі ёй было 20, нават жыла ў нашай кватэры, я яе памятаю добра. Маці Жэню настаўляла, падтрымлівала, давала творчыя парады. Галіна Каржанеўская таксама часта ў нас бывала. Нават ёсць такі вядомы фотаздымак, на якім паэткі разам: мая мама, Яўгенія Янішчыц, Галіна Каржанеўская, Раіса Баравікова і Ніна Галіноўская. Гэта я іх сфатаграфаваў у нас дома, калі мама святкавала дзень нараджэння.

Лёс склаўся так, што сам Дзмітрый Алегавіч выбраў прафесію, далёкую ад творчасці. Ён жартуе:

— Напэўна, сапраўды на дзецях Бог адпачывае. Хоць у школе і ў акадэміі іграў у аматарскім тэатры, мне нават раілі паступаць у тэатральна-мастацкі інстытут у Маскву, але я выбраў іншы шлях. Паступіў у акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў у Омску, і потым ужо не да вершаў было. Ды і не хацелася іх пісаць.

Дарэчы, яшчэ не ўсе рысы творчай індывідуальнасці Еўдакіі Лось вядомыя чытачу. Яе дзённікі і ліставанне надрукаваныя толькі фрагментамі, а архівы, што захоўваюцца ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры і Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, не цалкам вывучаныя. Чакае выдання і кніга ўспамінаў пра Еўдакію Якаўлеўну, складзеная яе сястрой.

— Яна памерла амаль што 40 гадоў таму. Лічы, цэлае жыццё прайшло. А творы мамы дагэтуль друкуюцца, — кажа Дзмітрый. — Пра яе памятаюць, нячаста, але ўспамінаюць. Значыць, чалавек нездарма жыў на гэтым свеце.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Фота з сямейнага архіва Дзмітрыя ЛАСЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».