Чаму празрыстыя скрыні — не панацэя? Як падлічваюць галасы за мяжой? Ці можна чакаць, што праз некалькі гадоў у нас будзе ўведзена электроннае галасаванне? Пра гэта і многае іншае карэспандэнту «Звязды» расказаў Мікалай ЛАЗАВІК, сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.
— Хутка ўжо пачнецца папярэдняе галасаванне. Калі камісіі ў рэгіёнах пачнуць заказваць бюлетэні?
— Яны гэта пачнуць рабіць тады, калі ў іх будзе дакладная яснасць па зарэгістраваных кандыдатах. Зараз працэс рэгістрацыі кандыдатаў скончыўся, але некаторыя кандыдаты праяўляюць пэўную пасіўнасць. Яны не адкрываюць выбарчыя фонды, не аддаюць матэрыялы для публікацый сваіх перадвыбарных праграм у газеты. Гэта можа навесці на думку, што асобныя кандыдаты не збіраюцца ісці па цярністым перадвыбарным шляху да канца і можа так атрымацца, што яны здымуць свае кандыдатуры напярэдадні галасавання. Таму, натуральна, бюлетэні павінны быць дастаўлены на выбарчыя ўчасткі за дзень да пачатку папярэдняга галасавання — гэта значыць за шэсць дзён да пачатку выбараў.
Калі ж бюлетэні даставяць вельмі рана, то можа так здарыцца, што ў іх акажуцца тыя кандыдаты, якія знялі свае кандыдатуры. Таму спяшацца з бюлетэнямі не трэба. А каб выбаршчыкі ведалі, хто будзе балатавацца па выбарчай акрузе, у кожную паштовую скрыню будзе дастаўлена інфармацыйная лістоўка са звесткамі пра ўсіх кандыдатаў, што балатуюцца па выбарчай акрузе.
— Ёсць шэраг рэкамендацый ад міжнародных назіральнікаў па выніках прэзідэнцкіх выбараў мінулага года, якія Цэнтральная камісія прыняла ўжо напярэдадні парламенцкай кампаніі. Што гэта за рэкамендацыі?
— Калі казаць пра рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ, то іх у нас улічана — хаця б часткова —дастаткова шмат. Першае, пра што хачу сказаць, — гэта парадак фарміравання выбарчых камісій. Шмат заўваг было з боку міжнародных назіральнікаў: маўляў, часам фармальна праходзіць іх фарміраванне. Таму цяпер і тэрытарыяльныя, і акруговыя камісіі, і ўчастковыя фарміраваліся з максімальнай галоснасцю, адкрытасцю і пры абмеркаванні ўсіх прадстаўленых кандыдатур. Больш за тое, мы рэкамендавалі выканкамам і прэзідыумам Саветаў, якія фарміруюць выбарчыя камісіі, запрасіць на свае пасяджэнні назіральнікаў. Згодна з законам, назіральнікі могуць прысутнічаць менавіта на пасяджэннях выбарчых камісій, а камісій напачатку выбарчай кампаніі яшчэ няма. У той жа час некаторыя арганізацыі, якія пастаянна займаюцца маніторынгам выбараў, — напрыклад, Хельсінкскі камітэт — выказалі жаданне прысутнічаць на пасяджэннях выканкамаў і прэзідыумаў Саветаў. Мы рэкамендавалі, каб іх дапусцілі да гэтага назірання.
Другое, на пасяджэнні па фарміраванні камісій былі запрошаны ўсе суб'екты, якія прапаноўвалі кандыдатаў у склад камісій. Ім было прадастаўлена слова, яны маглі далажыць аб дзелавых і арганізацыйных якасцях тых прэтэндэнтаў, якіх яны рэкамендавалі ў склад камісій. Пасля па кожнай кандыдатуры праводзілася рэйтынгавае галасаванне — то бок тут была ўжо поўная адкрытасць, галоснасць пры фарміраванні выбарчых камісій.
Усе рашэнні выбарчых камісій па выбарчых спрэчках даводзіліся да ведама грамадскасці — гэта значыць размяшчаліся ў сетцы інтэрнэт. Акрамя гэтага, суды ўзялі на сябе абавязацельствы: публікаваць на сваіх сайтах рашэнні па ўсіх выбарчых спрэчках — гэта таксама павышае галоснасць выбарчага працэса.
Мы рэкамендавалі выбарчым камісіям падчас датэрміновага галасавання апламбаваць скрыні для галасавання аднаразовымі пластыкавымі пломбамі, але рэкамендацыя гэта для тых, у каго ёсць магчымасці.
— Гэта залежыць ад таго, наколькі «багатая» ўчастковая камісія?
— Так. Наступная рэкамендацыя — прадаставіць назіральнікам магчымасць атрымліваць у дні датэрміновага і асноўнага галасавання інфармацыю аб колькасці выбаршчыкаў, што ўключаныя ў спісы. Па законе такога права ў назіральнікаў няма, і на гэтай падставе ў некаторых камісіях не паведамляюць адпаведную інфармацыю назіральнікам. Зараз мы настойліва рэкамендуем, каб гэтую інфармацыю прадастаўлялі. Акрамя гэтага, просім, каб давалі інфармацыю і пра колькасць выбаршчыкаў, якія ўжо прагаласавалі, прынялі ўдзел у галасаванні. Мы рэкамендуем дазволіць назіральнікам прысутнічаць у акруговых камісіях пры прыёмцы пратаколаў ад участковых камісій. Справа ў тым, што назіральнікі прысутнічаюць на пасяджэнні камісіі. Калі ж прымаюцца пратаколы, то пасяджэння як такога няма. Але калі ў назіральнікаў ёсць інтарэс, то няхай сабе прыходзяць і на прыём пратаколаў.
Пры падліку галасоў на выбарчым участку члены ўчастковай выбарчай камісіі павінны размяшчацца з трох бакоў стала, за якім ідзе падлік галасоў, пакідаючы адзін бок, які павернуты да назіральнікаў, адкрытым — каб назіральнікі рэальна маглі назіраць за працэсам падліку галасоў.
Гэта асноўныя нашы рэкамендацыі акруговым і ўчастковым камісіям, якія грунтуюцца на рэкамендацыях БДІПЧ АБСЕ.
— Чым падлік галасоў у нашай краіне адрозніваецца ад падліку галасоў за мяжой?
— У кожнай краіне свой парадак. Ёсць краіны, дзе на ўчастку, напрыклад у Польшчы — я там быў на выбарах — пры падліку галасоў не прысутнічае ніхто, акрамя членаў участковай камісіі. Ні назіральнікі, ні кандыдаты, ні давераныя асобы, ні журналісты. Толькі члены камісій — і ніхто іншы.
У некаторых краінах права дазволіць або не дазволіць назіральнікам прысутнічаць пры падліку галасоў належыць участковай камісіі. Напрыклад, будучы на выбарах у Славакіі, я звярнуў увагу, што там па законе менавіта камісія вызначае: дапусціць ці не дапусціць назіральніка на падлік галасоў.
Ёсць краіны, дзе на выбарчым частку галасы нават не падлічваюцца. Скрыні з бюлетэнямі звозяцца ў цэнтр акругі — і там ужо вядзецца падлік галасоў. То бок у кожнай краіне гэта працэс своеасаблівы і рэгламентуецца нацыянальным заканадаўствам.
— Калі параўнаць краіны постсавецкай прасторы... Як у іх і як у нас? Ці падобныя нашы сістэмы падліку галасоў?
— Сістэмы падліку галасоў у нас таксама даволі разнастайныя. Дапусцім, у Грузіі, Малдове кожны бюлетэнь паказваецца ўсім прысутным у зале і прагаворваецца, за каго там пастаўлена адзнака. У іншых краінах працэдура падліку галасоў прыкладна такая ж, як і ў нас.
— Вопыт якіх краін можа быць карысным для нашай краіны пры правядзенні ўжо не бягучай выбарчай кампаніі, але будучых? Можа, ужо настаў час пагаварыць пра электроннае галасаванне?
— Вопыт любой краіны можа быць карысны. Ён можа быць або станоўчым, або адмоўным — гэта значыць, нешта трэба пераняць, а нешта — непажадана. Так што вывучэнне вопыту любой краіны пойдзе на карысць.
Што да больш прагрэсіўных формаў галасавання, такіх, як электроннае галасаванне, галасаванне з выкарыстаннем мабільных тэлефонаў... Ведаеце, наша Акадэмія навук у свой час распрацавала сістэму для электроннага галасавання. Але мы яе не закупілі з той простай прычыны, што выбары ў нас праводзяцца нячаста, а сама сістэма аказалася вельмі дарагой. Мы парэкамендавалі гэту сістэму Казахстану. Ён пачаў яе выкарыстоўваць, але праз некаторы час адмовіўся. Адной з асноўных перашкод на шляху ўкаранення электроннай сістэмы з'яўляецца недавер выбаршчыкаў да электронікі — асабліва выбаршчыкаў старэйшага пакалення. Моладзь з большым даверам успрымае розныя гаджэты — у тым ліку і сістэму электроннага галасавання. А сталыя людзі хочуць усё-такі патрымаць у руках бюлетэнь і апусціць яго ў скрыню для галасавання.
Забараніла электронную сістэму галасавання Германія — на ўзроўні Канстытуцыйнага суда было прынята рашэнне адмяніць электроннае галасаванне і вярнуцца да старой традыцыйнай формы галасавання. Самая вялікая прэтэнзія з боку спецыялістаў заключаецца ў тым, што магчымы пэўны ўплыў пры дапамозе сучасных камп'ютарных тэхналогій на вынікі электроннага галасавання. Гэта значыць, чалавек галасуе за кандыдата №1, а сістэма аддае гэты голас кандыдату №2. Выбаршчыкі нават не падазраюць пра гэта. У двух штатах Злучаных Штатаў Амерыкі была ўзбуджана справа наконт таго, што рэальныя вынікі галасавання былі цалкам адрозныя ад тых, што выдала камп'ютарная сістэма. Гэта значыць, праграма загадзя аддавала перамогу той партыі, да якой належаў кіраўнік фірмы, што вырабляла сістэмнае забеспячэнне для галасавання. Ды і хакерскія атакі магчымыя.
— Вельмі папулярнымі апошнім часам сталі празрыстыя скрыні для галасавання. А вы асабіста вітаеце іх з'яўленне?
— Я не стаў бы іх ідэалізаваць. Яны нядрэнна глядзяцца, я не маю нічога супраць празрыстых скрынь. Але гэта не рашэнне праблемы празрыстасці выбарчага працэсу.
— Ці ёсць у Цэнтральнай камісіі інфармацыя пра тое, на якой колькасці ўчасткаў ёсць такія скрыні?
— На мінулых выбарах амаль па ўсёй Віцебскай вобласці былі ўстаноўлены гэтыя скрыні. Ды і па краіне вельмі шмат было празрыстых скрынь. Але, паўтараю, гэта не рашэнне праблемы.
— Вы ўжо казалі пра тое, што і аднаразовыя пластыкавыя пломбы для запячатвання скрынь для галасавання, і празрыстыя скрыні па жаданні набываюць камісіі. А хто фінансуе камісіі?
— Справа ў тым, што ў нас некаторыя «прасунутыя» палітыкі кажуць, што, маўляў, можна выкарыстаць і заходнюю дапамогу, і прафінансаваць пэўныя выдаткі з уласнай кішэні... Выбарчая кампанія ў Беларусі фінансуецца толькі з дзвюх крыніц. Першая — дзяржаўны бюджэт. З яго фінансуецца работа камісіі, абсталяванне памяшканняў для работы камісіі, выданне метадычнай і інфармацыйнай літаратуры... Выкарыстанне нейкай замежнай дапамогі і нейкіх спонсарскіх сродкаў для абсталявання памяшканняў камісіі і іншага законам забаронена. Другая крыніца — сваю агітацыйную кампанію кандыдат вядзе за кошт сродкаў свойго асабістага выбарчага фонду. Натуральна, спонсарская дапамога можа выкарыстоўвацца самімі кандыдатамі для фарміравання свайго выбарчага фонду, але, зноў жа, гэта не павінна быць замежная дапамога.
Надзея ЮШКЕВІЧ
У карабля «Рудакова» малады капітан.
На пяты набор прыйшлі 142 заяўкі.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.