Вы тут

Даследаванне беларускіх кніг эпохі Сярэднявечча


Першыя рукапісы на Беларусі пачалі з’яўляцца па меры распаўсюджвання на нашых землях хрысціянства. Кнігі былі патрэбныя Царкве, яе святарам ды іерархам, для богаслужбы, навучання вернікаў і духоўнага дасканалення манахаў. Таму за пачатак адліку мы абіраем менавіта канец Х стагоддзя, то бок час, калі з прычыны прыняцця хросту кіеўскім князем Уладзімірам, хрысціянская вера пачынае пранікаць і да нас, а менавіта — на землі Полацкага княства (згадайма трагічную гісторыю Рагнеды і легенду пра паходжанне назвы Заслаўя).


Але чаму за верхнюю мяжу мы абралі менавіта сярэдзіну XVI стагоддзя? Мы абмяжоўваем нашае даследаванне 1550-мі гадамі таму, што распаўсюджванне друкарства і звязанае з ім пытанне выданняў з аднаго боку, а таксама наступ пратэстанцтва ды «літаратурная» і «адукацыйная вайна» з ім каталіцызму — з другога, цалкам змянілі формы існавання і бытавання кнігі як увогуле ў свеце, так і на беларускіх землях.

Заўважнага ўплыву на айчынную кніжную культуру гэтыя з’явы пачынаюць дасягаць толькі ў другой палове XVI стагоддзя, а больш дакладна, у 1560—70-х гадах — гэта значыць тады, калі ўжо пачынае ўсталёўвацца і развівацца новы тып кнігавыдання ды кнігагандлю, калі з навукі за мяжой масава вяртаюцца нашы студэнты, а ў Вялікае Княства Літоўскае прыходзяць езуіты і шырока ўкараняюць тут сістэму адукацыі новага тыпу; урэшце, калі самотны ды кволы колісь атожылак Скарынавага варштата паступова разрастаецца ў магутнае дрэва айчыннага кнігадруку са шматлікімі галінамі-друкарнямі і густой лістотай выданняў. На грамадска-палітычнай плоскасці змены гэтага перыяду «запячатала» ў 1569 годзе Люблінская унія, падпісанне якой — іронія лёсу! — супала па часе з заснаваннем езуітамі ў Вільні першага калегіума.

Мусім таксама адразу вызначыцца з тым, што мы маем на ўвазе пад тэрмінам «беларускія землі». Цалкам зразумела, што дзяржаўныя межы далёка не заўсёды пакрываюцца з фактычнай мяжой заўважнага (як кажуць навукоўцы, «кампактнага») рассялення прадстаўнікоў той ці іншай нацыі. Таму, гаворачы пра беларускія землі ў мінуласці, было б недарэчна абмяжоўвацца тэрыторыяй сучаснай Рэспублікі Беларусь — бо тады па-за нашай увагай застаюцца вялікія і яшчэ нават у пачатку ХХ стагоддзя беларускамоўныя тэрыторыі з буйнымі на той час культурнымі і кніжнымі цэнтрамі.

Будзем абапірацца на працы філолагаў у галіне вывучэння арэалу распаўсюджанасці беларускай мовы, — а перад усім, на складзеную яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя прафесарам Яўхімам Карскім «Этнографическую карту белорусского племени». Гэта азначае, што мы таксама бяром пад увагу Беласток з Беласточчынай, што знаходзіцца на захад, Вільню з Віленшчынай — на паўночны захад, і Смаленск са Смаленшчынай — на ўсход ад межаў Рэспублікі Беларусь.

Што датычыцца паўднёвай мяжы распаўсюджвання беларускіх гаворак, дык Карскі праводзіў яе больш на поўнач адносна сённяшняй мяжы нашай краіны; аднак, на думку іншых даследчыкаў (напрыклад, Вітаўта Тумаша), тэрыторыя рассялення беларусаў на поўдні з увагі на этнаграфічныя прыкметы супадае у агульных рысах з дзяржаўнай мяжой сучаснай Беларусі. Прымем гэтае меркаванне за адпраўны пункт для вызначэння гранічнай рысы беларускіх земляў з паўднёвага боку.

Пра тое, што нашы продкі мелі зачаткі пісьма яшчэ да прыняцця хрысціянства, мы ведаем з паведамлення чарнарызца Храбра: «Прежде убо славяне еже суще погани, не имаху писмен, но чертами и нарезаньми читаху и гадаху». Тым не менш няма дакладных сведчанняў або пераканаўчых аргументаў пра наяўнасць у іх уласнай кніжнасці або бытаванне кніг у гэты перыяд.

Хрысціянства, праросшы з іўдзейскай культуры і ўзгадаваўшыся ў асяродку культуры грэка-рымскай, пераняло ад антычнай цывілізацыі шмат уласцівасцяў — а перад усім, прывычку да ўжывання пісанага слова. Не беручыся ў прапанаваным артыкуле асвятляць цалкам гісторыю пісьменства на нашых землях, адзначым, аднак, наяўнасць шматлікіх знаходак XI — ХІІІ стагоддзяў, звязаных з уменнем нашых продкаў чытаць і пісаць. Гэта выяўленыя падчас археалагічных раскопак у розных беларускіх гарадах прылады для пісьма, надпісы на побытавых рэчах ды манументальных помніках, кніжныя зашчапкі і г. д.

Кнігі мелі вельмі высокі аўтарытэт сярод ўсходніх славян. Услаўленне кніжнасці і вучонасці (што ў вачах нашых продкаў азначала, бадай, тое самае) чырвонай ніткай праходзіць праз усю ўсходнеславянскую літаратурную спадчыну — як перакладную, так і арыгінальную. Сведчаннем гэтаму і «Слова пэўнага калугера пра чытанне кніг» у «Ізборніку 1076 г. » («Добро есть братие почетанье книжьное: паче вьсякомоу хрьстьяноу ... »); і сапраўдны гімн кніжнасці ў «Аповесці мінулых гадоў» («Велика бо бываеть польза от ученья книжного; книгами бо кажеми и учими есмы пути покаянью, мудрость бо обретаем и въздержанье от словес книжных. Се бо суть реки, напаяюще вселенную, се суть исходяща мудрости ... »).

Да гэтага славаслоўнага хору далучаюцца і айчынныя аўтары — напрыклад, Кірыла Тураўскі ў «Слове, каб не забывалі настаўнікаў сваіх» параўноўвае настаўніка са святым і гаворыць пра маральны абавязак вучня памінаць яго ў малітвах, «понеже ... путь показал есть, и дверь отворил райскую видением поведания, и ключа дал разума книжнаго».

Паводле літаратурных помнікаў ХІІ—ХІІІ стагоддзяў навучанне чытанню і кніжным ведам, прынамсі, у буйных культурных цэнтрах, не бачыцца нечым выключным: пра гэта гаворыцца як пра шырока распаўсюджаную справу. Напрыклад, у «Жыціі Аўрамія Смаленскага» мы чытаем пра святога: «И егда же бе отрочатем Христовою благодатию в возраст смысла пришедшу, родители же его даста книгам учити; не бо унываше отрача, яко и прочия дети, но скорым прилежанием извыче; сему же на игры со инеми не исходити, но на божественное и на церковное пение и почитание прежде инех притекая …».

Нават дзяўчаты маглі атрымаць адпаведную сваёй эпосе кніжную адукацыю, хоць гэта, бадай, здаралася ўжо радзей і было прэрагатывай вярхоўкі грамадства, як мы бачым тое з «Жыція Ефрасінні Полацкай»: «Случи же ся девици сей ученне быти книжному писанию, еще не достигше ей в совершен возраст телесного естества...» У цытаваным фрагменце пісьменнік, як здаецца, падкрэслівае менавіта тое, што св. Ефрасінні здарылася навучыцца пісьменству яшчэ ў дзіцячым узросце — а значыць, уласна гэта было нехарактэрна для тае эпохі. Трэба думаць, прадстаўніцы пекнай паловы зазвычай атрымлівалі адукацыю толькі дасягнуўшы сталага ўзросту, і, відаць, у сувязі з неабходнасцю выканання тых ці іншых абавязкаў — напрыклад, малітвы і пабожнага чытання ў манастыры.

Натуральна, што і сярод прадстаўнікоў мужчынскага полу — нават у выпадку вышэйшых слаёў — адукаванасць была далёка не пагалоўнай. Таму чытанне не магло заставацца актам асабовым; значна часцей яно мусіла набываць сацыяльны аспект — які, у прыватнасці, рэалізоўваўся падчас набажэнства ў святыні (нездарма аўтар аднаго са спісаў «душазбаўчых» кніг пасля пераліку іх адзначае: «Сія книгы подобает чести и слушати ученія их»).

Пры гэтым чытанне дапаўнялася тлумачэннем прачытанага, без якога кніжныя тэксты цяжка было зразумець мала прывычным да інтэлектуальнай працы вернікам: «И оттоле [Аўрамій] вниде во град и пребысть во едином монастыри у Честного Креста, и ту начаша боле приходити, и учение его множайше быти ... Украси же церковь иконами и завесами, и свещами, и мнози начаша от града приходити послушати церковнаго пения и почитания божественных книг, бе бо блаженный хитр почитати и даст бо ся ему благодать не токмо почитати, но и протолковати, якоже мнозем несведущим от него сказана — и всем разумети и слышащим, к сему изъуст и памятию сказая ...».

Менавіта таму — як у цытаваных вышэй фрагментах, так і ў шэрагу іншых твораў (напрыклад, у «Жыціі Кірылы Тураўскага»: «добре извыче святых книг учению») — пры згадцы пра навучанне заўсёды падкрэсліваецца яго кніжны характар; заўсёды маецца на ўвазе не проста ўменне чытаць ці пісаць, але таксама і здольнасць зразумець чытанае ды выкарыстаць набытыя веды ў жыцці.

Аднак, толькі ведання літараў і ўмення складаць іх у словы для гэтага было недастаткова: па-першае, царкоўнаславянскую кніжную мову нашы продкі ўжо не разумелі так добра, як колішнія неафіты Кірылы і Мяфодзія; а па-другое, каб успрыняць тэкст, чытач мусіў авалодаць яшчэ і пэўнай сістэмай паняццяў, якія дазволілі б яму ўзняцца над літаральным значэннем слоў, зразумець іх містычны сэнс.

Такое стаўленне да вучонасці, перад усім, звязана з тым, што тагачасная айчынная адукацыя мела філасофска-тэалагічны характар. Чытанне было заклікана выступаць выхавальнікам, праваднікам на шляху да збаўлення. Навучыцца кнігам азначала успрыняць, засвоіць (гэта значыць, «зрабіць сваёй») запісаную мудрасць. Тыя, каму ўдавалася гэтага дасягнуць, кардынальна змянялі сваё жыццё, пакідалі даброты мінучыя і сыходзілі ў манастыр, каб «збіраць скарбы духоўныя».

Гэткае рашэнне, напрыклад, прыняла княжна Прадслава, зрокшыся свайго высокага становішча і прыняўшы пострыг пад імем Ефрасінні. Так зрабіў Кірыла Тураўскі, «богату родителей сын», які «не любляше богатьства ... паче всего прилежаща божественных писаний, добре извыче святых книг учению», а таму «по времени ... отшед в монастырь и бысть мних». Так учыніў і Аўрамій Смаленскі, якому «родителя же яже остависта богатство», але ён яго «убогим роздаде»; сам жа «богодухновенныя же книги и святых жития почитая… И утаився всех, Богу наставляющу, отшед … и острижеся».

Кніжная мудрасць спадарожнічала сваім абранцам ды настаўляла іх і пасля пастрыжэння; чытанне Святога Пісьма, патэрыкоў і маральна-павучальных твораў давала ім сілы ісці абраным шляхам: «И бысть оттоле [Аўрамій] по благодати Христове болий на подвиг и на вся труды подвизася, и мыслию воспоминая святаго града Иерусалима и гроб Господень, и вся честныя места, яко избавитель Бог и Спас всего мира идеже страсть прият нашего ради спасения, и вся честная места и преподобных отец пустыня, идеже суть подвиг и труд совершивше: дивнаго начальника всем и возсияша равна ангелом великаго мню Антония, бывшаго крепка храбра и победившаго силою крестною духи неприязненыя; Илариона, бывшаго ученика его и по нем — светлаго в постницех чюдотворца Евфимиа, и иже по них — Савву и Феодосия архимандрита, и старейша всех наставника черноризцем сущим окрест Иерусалима».

Аднак, нават на той час кніг было напісана ўжо шмат, і сарыентавацца ў іх было няпроста. Няўжо ж ніхто з кніжнікаў не паспрабаваў упарадкаваць і сістэматызаваць вартыя чытання кнігі, скласці спіс найбольш важных твораў? Безумоўна, сярод іх былі такія, хто імкнуўся палегчыць сваім паплечнікам і аднадумцам нялёгкае ўзыходжанне на вяршыню мудрасці.

Так найбольш раннія ва ўсходніх славян рэкамендацыйныя спісы змешчаны ўжо ў «Ізборніку Святаслава» 1073 года, які, паводле меркавання рэдкалегіі факсімільнага выдання гэтага манускрыпта, з’яўляецца «помнікам культуры трох усходнеславянскіх народаў: рускага, украінскага і беларускага». Сапраўды, тэксты, што перакладаліся або ад пачатку ствараліся ў мітрапалітальным Кіеве і былі тым ці іншым чынам звязаныя з практыкай грэка-візантыйскай Царквы, распаўсюджваліся па ўсіх усходнеславянскіх — а ў тым ліку і беларускіх — землях. Сёння вядомыя 24 спісы гэтага помніка; некаторыя з іх бытавалі і на нашых землях (напрыклад, г. зв. «віленскі»). Гэта дае нам поўнае права разглядаць змешчаныя ў зборніку матэрыялы ў сувязі і з айчыннай кніжнасцю.

Дарэчы, адзначым, што тэкстаў такога роду ў «Ізборніку Святаслава» 1073 года змешчана некалькі — гэта, па-першае, твор «Пра святыя кнігі» Яна Дамаскіна; па-другое, аналагічная паводле зместу вытрымка з казанняў Рыгора Багаслова; і нарэшце, ліст Ісідора Пілузіёта пра «60 кніг».

Спіс Яна Дамаскіна досыць невялікі як з увагі на аб’ём, так і на колькасць згаданых назваў; ахоплівае ён, пераважна, кананічныя кнігі Святога Пісьма. Са Старога Запавету Дамаскін называе 20 тытулаў, дзелячы іх на 4 «пяцерыкі» або «пентатэухі» (славянскі пракладчык цалкам атаясамлівае абодва тэрміны, ужываючы іх узамен адзін аднаго). У гэтым спісе прапушчаны т. зв. «Малыя прарокі», якія, відаць, мусілі пад адзінай назвай уваходзіць у групу прароцкіх кніг (дзе прысутнічаюць толькі чатыры тытулы замест дакляраваных пяці). Разам з тым, у пераліку зрэдку можна заўважыць і дэўтэра-кананічныя тэксты (напрыклад, «Мудрасць Сіраха»). Падсумоўвае гэтую частку спіса ацэнка-рэкамендацыя, дадзеная Янам Дамаскіным старазапаветным кнігам: «Добры оубо соуть и лепотьны...». Заканчваецца спіс поўным пералікам кніг Новага Запавету.

Нам, прывычным да сучасных выданняў Святога Пісьма, дзе ўсе боганатхнёныя кнігі сабраныя разам, можа падацца незразумелай патрэба складання такога роду спіса. Аднак у разгляданы перыяд Біблія найчасцей трапляла да айчыннага чытача (падобна, як і да грэцкага ў часы Дамаскіна) яшчэ не ў выглядзе суцэльнага комплексу, а паасобнымі часткамі, што складаліся з адной або некалькіх кніг. Менавіта таму нават Скарына публікуе сваю «Біблію рускую» ў выглядзе асобных кніжак, хоць і забяспечвае іх — на падабенства заходнееўрапейскіх друкаваных выданняў — супольным тытульным аркушам.

Вельмі блізкім паводле свайго зместу да апісанага вышэй з’яўляецца і рэкамендацыйны бібліяграфічны спіс, падрыхтаваны Рыгорам Багасловам — ён таксама змяшчае толькі кнігі Св. Пісьма. Аўтар, патлумачыўшы напачатку, чаму мусіў заняцца гэтым пытаннем («Нъда оубо нештюжими прелиштаються книгами»), пералічае далей тэксты, што ўваходзяць у склад Старога і Новага Запавету. Зрэшты, таксама як і ў Дамаскіна, не ўсе з іх тут названыя (напрыклад, прапушчаны Апакаліпсіс). Разам з тым, Рыгор Багаслоў, не паленаваўся згадаць у сваім спісе ўсіх прарокаў (як вялікіх, так і малых) пайменна.

Спіс Ісідора Пілузіёта больш шырокі і цікавы ў параўнанні з двума папярэднімі. Ён, праўда, таксама не згадвае Апакаліпсіса, але напрыканцы называе цэлы шэраг дэўтэра-кананічных кніг, якіх няма ў Дамаскіна — напрыклад, Макавейскія і Тавіт. Тут яскрава праяўляецца рэкамендацыйны характар гэтага тэксту: на першае месца вынесены кнігі, на думку аўтара, больш важныя, — то бок, кананічныя. Далей ідуць дэўтэра-кананічныя пісанні. Урэшце ж, напрыканцы спіса, з новага радка (каб, крый Божа, чытач не паблытаў!), пададзены пералік кніг «съкровьныихъ» (гэта значыць, таемных, забароненых). У ліку апошніх Ісідор пералічае кнігі Адама, Яноха, Малеха, Патрыярхаў, апакрыфічнае евангелле Варнавы і інш. — усяго 24 назвы.

Згадку пра тое, што праблема чытання кніг, не ўхваленых Царквой, на Беларусі таксама была актуальнай, мы сустракаем ужо ў Жыціі Аўрамія Смаленскага: закід у чытанні «глубінных» (то бок, гэтых самых «съкровьныихъ») кніг становіцца адным з падставовых абвінавачанняў у бок святога («И начаша ови клеветати ко епископу ..., а инии глаголяху на нь: «Глубинные книги почитает»). Такім чынам, мы можам сцвярджаць, што разам з хрысціянствам на нашых землях з’явілася не толькі само чытанне, але і зачаткі цэнзуры.

Індэксы забароненых кніг у спісах, непасрэдна звязаных сваім паходжаннем або бытаваннем з беларускімі землямі часоў Аўрамія да нас, на жаль, не дайшлі (або, прынамсі, не фігуруюць у літаратуры прадмета як айчынныя) — хоць, як ужо адзначалася, тэксты, змешчаныя ў «Ізборніку Святаслава» 1073 года, хутчэй за ўсё, чыталіся ды перапісваліся таксама і ў нас. Верагодна, што «хадзілі» на нашых землях і тыя тэксты, што дайшлі толькі ў больш позніх спісах.

Адзін з такіх пазнейшых спісаў змешчаны ў зборніку 1500—1501 гг. разам з «Псальтырам» і складаецца з пераліку кніг «ісцінных» ды «ложных». Гэты манускрыпт сёння захоўваецца у Нацыянальнай бібліятэцы Польшчы ў Варшаве, а паходзіць ён з кнігазбору полацкай Сафійскай бібліятэкі, адкуль быў вывезены пасля адваявання Полацка ў маскоўцаў войскамі Стэфана Баторыя ў 1579 годзе.

У літаратуры сустракаюцца звесткі і пра іншую рэдакцыю гэтага тэксту; яна таксама прысутнічае ў манускрыптах беларускага паходжання. У прыватнасці, піша пра яго Дабранскі ў «Описании рукописей Виленской Публичной библиотеки» пры разглядзе «Ізмарагда» ХVІ стагоддзя з колішніх збораў Жыровіцкага манастыра, прычым, цытуе досыць вялікі фрагмент. Сустракаюцца згаданыя пералікі кніг і ў айчынных манускрыптах пазнейшага часу.

Прысутнасць гэтага тэксту ў манускрыптах з розных кнігахоўніц Беларусі даўніх часоў дазваляе нам сцвярджаць, што тагачасныя айчынныя кніжнікі былі добра з ім знаёмыя. У наш час згаданыя спісы з Варшаўскай бібліятэкі былі апублікаваныя Шчапавым у дадатку да складзенага даследчыкам каталога «Восточнославянские и южнославянские рукописные книги в собраниях Польской Народной Республики». Звернемся да названай публікацыі, каб больш уважліва прыгледзіцца да гэтага цікавага помніка.

Тэкст азагалоўлены: «Правило св. апостол и св. отец о книгах которые чести ил[и] которых не чести Лаодикійскаго собора» і складаецца са спісаў кніг, як рэкамендаваных, так і забароненых Царквой. Адразу зазначым, што час і месца стварэння яго выклікае сумненні. У прыватнасці, сабор у горадзе Лаадыкія, што знаходзіўся ў Фрыгіі, адбываўся ў сярэдзіне ІV стагоддзя (верагодна, у 363—364 гг.), а шэраг згаданых у спісе аўтараў жылі значна пазней (напрыклад, Ян Дамаскін, Ян Экзарх, Ян Лествічнік, Рыгор Папа Рымскі і інш.). Гэта дазваляе зрабіць выснову, што ўкладальнік імкнуўся дадаць свайму паказальніку аўтарытэтнасці за кошт прыпісвання яго аўтарства Айцам Царквы, хоць насамрэч тэкст быў складзены (або, прынамсі, істотным чынам адрэдагаваны) значна пазней. Па-за тым, сам Шчапаў мяркуе, што ў гэты спіс уключаны і «старажытнарускія кнігі», але не ўказвае, якія менавіта ён мае на ўвазе.

Рэкамендацыйная частка гэтага спіса, у параўнанні з апісанымі вышэй, з’яўляецца даволі вялікай. Найперш у спісе пералічаны кнігі Бібліі, сярод якіх сустракаюцца і зборнікі, што змяшчаюць звесткі ці фрагменты, са Св. Пісьма ўзятыя (такія як «Шасцідзён» ці «Палея»). Затым ідуць творы хрысціянскіх аўтараў — пераважна, грэцкіх — таксама наперамен з рознага роду, зборнікамі (у тым ліку складзенымі ўжо называнымі ў спісе аўтарамі: напрыклад, «Ян Златавусны» — «Маргарыт» і «Златая чепь»).

Нельга не адзначыць вялікую эрудыцыю аўтара тэксту і яго знаёмства з асноўнай хрысціянскай літаратурай і пісьменнікамі грэцкага свету. Каб праілюстраваць гэта, наважымся працытаваць прынамсі частку назваў і аўтараў. Так, аўтар раіць чытаць наступныя творы і зборнікі (пералічым іх у адвольным парадку): «Шестодневець, Палея, Крыница, Асае, Диоптра, Лимонисъ, Патерикы Египетскы, Александрьскыи, Римскы, Киевскы, Синаискыи, [книгы] рекомыи Златоструи, Судебникъ, Стифата, Златая чепь, Женчюгъ, Глубина, Бисеръ, Бисеріе бисером, Пандокъ, Стословец, Маргарит, Лапсаик, три вопрошенія философ; Пчела, [книга] рекомая Матица, Приточник, Прологъ, Гранографъ, Летописец, Cъстав, Соборникъ Анастасеи Синаискыя горы, Правила, Синоксарь, Словоположникъ, Притчи притчем, Гаданіе притчям».

Сярод хрысціянскіх пісьменнікаў аўтар рэкамендуе такіх як «Іоанъ Златоустъ, Іоанъ Дамаскын, Іоанъ Эксархъ, Іоанъ Лествичникъ, Григореи Богословъ, Григореи Папа Римскы, Григореи Акраганьскы, Григорей Синаитъ, Іоан Богословъ, Симеон Новый Богословъ, Кирил Іерусалимьскы, Кирил Александрьскыи, Афанасей Александрьскы, Дионисей Ареопагит, Ефрем Сирин, Исаак Сиринъ, Климент папа Римскы, Василеи Великыи, Василеи Новыи Панагирикъ, Дорофеи Никоніискыи, Нілъ, Максим, Павел Рьскый, Ісидоръ Пилусіискыи, иже і̃ тысящь, посланіи написа во вселению; Феодоръ Студіискыи и оглашенія его, Феодоръ Едесскыи, Іосиф Матафіискы; Козма Дикоплов, Козма Халкидоньскыи, Сихии, Петръ Дамаскын, Дорофеи, Іаков Жидовинъ, Варлам, Сімеон Богопріимец, Авраам Евдодіи, Каіафъ, Генадеи, Нифонтъ, Андреи Іродивыи, Данило Странникъ». Падсумоўваецца спіс словамі: «Сія книгы подобает чести и слушати ученія их».

Такім чынам, мы можам пабачыць, што большасць пералічаных тэкстаў актыўна бытавалі і перапісваліся на нашых землях (а з 2-й паловы ХVІ стагоддзя выходзілі нават друкам), хоць да сённяшняга дня ацалела іх зусім мала. З вядомых сёння згадаем, перш за ўсё, славуты Супрасльскі рукапіс ХІ стагоддзя, у склад якога ўваходзілі, у прыватнасці, казанні Яна Златавуснага са «Златой чепи», а з больш позніх манускрыптаў назавём «Беседу Григорія Папы Римского» ХІV стагоддзя, «Слово Исаака Сирина» 1428 года і «Поученія Ефрема Сирина» 1492 года.

Па-за тым, думаецца, што некаторыя прысутныя ў спісе назвы сапраўды можна атаясамліваць з усходнеславянскімі творамі, як напрыклад, кнігу «Данило Странникъ» — з «Хаджэннем ігумена Данііла» або «Летопісец» — з тым ці іншым летапісамі (хоць, напрыклад, гэта можа быць і «Хроніка» Амартола, зрэшты, таксама, паводле Вацлава Ластоўскага, вядомая і ў беларускім спісе ХІІІ стагоддзя).

Вернемся, аднак, непасрэдна да нашых спісаў. Не менш доўгім за пералік рэкамендаваных кніг з’яўляецца і пералік кніг забароненых. Пачынаецца ён заўвагай, што свецкім людзям забараняецца складаць і спяваць у царкве ўласныя псальмы (мабыць, такая з’ява была дастаткова пашыранай, калі выклікала адмысловую забарону), а таксама, што «иже кто лженаписаныя и нечестивыа полагает книгы, глаголя святым, сам да извръжется, а книгы да сожгутся».

Далей жа пералічваюцца апокрыфы — сёння больш ці менш вядомыя; дамо тут кароткую вытрымку, каб прадэманстраваць каларыт тэксту (літары пад цітламі азначаюць парадкавы нумар славянскай азбукай): «А ложная же писанія суть сія и имена книгамъ ихъ: первое Адам, в̃ Енох, г̃ Лямек, д̃ Патриарси, е̃ молитва Іосіева, s̃ Адам, з̃ завет Моисеов криво складеныи, и̃ Псальмы Соломони, θ̃ Ильино обавленіе, і̃ Исаево виденіе; аі̃ Софоніево виденіе; ві̃ Захарьино обавленіе; гі̃ Іаковая повесть, ді̃ Петрово обавленіе; еі̃ Апостольстіи обиходи; sі̃ Варнавина повесть; зі̃ Деяніе Павлово лжею складено; ні̃ Павлово объявленіе; θі̃ Ученіе Климентово; к̃ еуангеліе от Варнавы; ка̃ еуангеліе от Фомы; кв̃ Парапаліменоны ложныя; кг̃ Ереміино сказаніе и о плененіи Іерусалімли, что орла слали из Вавулона в Іерусалімъ съ грамотою; … о китоврасе, что поведаютъ о нем: станъ коневеи, а глава человечая и брата его Соломону нарицають, басни, кощуны; лs̃ о Соломоне и младеньстве его; … Писанія Іеремія, попа болгаръскаго, что Христосъ плугомъ оралъ; м̃ молитвы лживыя о трясавицехъ.» Тлумачэнні пра змест тых ці іншых апакрыфічных кніг паказваюць, што ўкладальнік спіса быў добра знаёмы з іх тэкстамі. Гэтую частку спіса аўтар падсумоўвае наступнымі словамі: «Суть межу писанія Божественнаго словеса насеяная невежамъ на соблазн ...».

Некаторыя з названых тут кніг таксама дайшлі да нас у беларускіх спісках: напрыклад, Ластоўскі паведамляе пра пісанае ў ХVІ стагоддзі «Слова Иеремии презвитора яко Христос плугом орал». Яно, дарэчы, першапачаткова ўваходзіла ў склад зборніка апокрыфаў, бо на рэштках апошняга аркуша прысутнічае загаловак «Книги Еноха». Верагодна, ужо ў гэты час на нашых землях былі вядомыя і адрасаваныя чытачам-каталікам індэксы забароненых кніг Лацінскай царквы, аднак на сённяшні момант выявіць звесткі пра іх не ўдалося.

У канцы ХV — 1-й палове ХVІ стагоддзя істотным чынам пашыраецца пісьменнасць сярод прадстаўнікоў розных слаёў грамадства, у тым ліку тых, якія раней зацікаўлення адукаванасцю не выказвалі. Напрыклад, з дзённіка Фёдара Еўлашэўскага мы даведваемся пра некаторыя асаблівасці навучання чытанню і пісьму ў сем’ях дробнай шляхты ды баярства у гэты час: «А в пятом року почато ме бавить наукою рускою, кгды ж в тых часех в тэй нашей строне не было еще инших наук. И для того ж пришло ми зостать з рускою и полскою наукою, и по жидовску написать умелом. Але тое писмо их не потребуе умеентности езыка эбрайского, або хоть немецкого; кгды ж вжо тепер Библия жидовская немецким езыком, а литерами их выдана, чого полским езыком учинить бы се не могло для ортокграфеи, якей в ынших языкох не маш.»

У гэты час далучаецца да адукацыі і прагне чытаць кнігі нават мяшчанства. Найяскравейшы прыклад гэтаму дае той агульнавядомы факт, што ў пачатку XVI стагоддзя полацкі мешчанін Францішак Скарына здолеў не толькі атрымаць у замежных універсітэтах адукацыю ды ступень доктара, але і заснаваў першую беларускую друкарню. Скарына не быў самотны у сваіх паглядах, пра што сведчыць падтрымка ягоных пачынанняў прадстаўнікамі віленскага патрыцыяту (згадайма надпісы на пражскіх друках: «А то ся сталося накладом Богдана Онкова сына, радцы места віленского» і да т. п.).

Надзвычай выразным паказчыкам літаратурнай адукаванасці грамадства ў гэты час з’яўляецца факт стварэння літаратурных твораў не для друку, а для выказвання ў штодзённым жыцці сваіх пачуццяў ці паглядаў. Напрыклад, пісанне сатырычных твораў у сярэдзіне XVІ стагоддзя становіцца такой масавай з’явай, што згадкі пра яго мы знаходзім нават у хроніках. Так, з летапісу Рачынскага можна даведацца, што калі Жыгімонт Аўгуст у 1548 годзе прыехаў у Вільню і публічна абвясціў пра свой шлюб з Барбарай Радзівіл, то «ўсім людзям і ўсёй зямлі тое шлюбаванне каралеўскае было вельмі няміла, ... і многія пашквілюсы пісалі аб тым, у замку да сцен і да ратушы, і да панскіх дамоў да варот прыбівалі, каторыя многія і да караля былі прынесены». Калі б адукаванай была толькі невялічкая купка грамадскай эліты, уявіць падобную карціну было б па-просту немагчыма.

Падсумоўваючы назіранні над прадстаўленым вышэй матэрыялам, скажам некалькі слоў пра кола чытання нашых продкаў. Першапачаткова яго дыяпазон ахопліваў па-за літургічнай ды малітоўнай літаратурай у асноўным кнігі Святога Пісьма і творы хрысціянскіх аўтараў — як грэцкіх, так і ўсходнеславянскіх. Гэта пацвярджаюць і літаратурныя помнікі — напрыклад, з «Жыція Аўрамія Смаленскага» мы даведваемся, што святы «Богодухновенныя же книги и святых жития почитая… (…) Изо всех любя часто почитати поучение преподобного Ефрема и великаго вселенскаго учителя Иоанна Златоустаго и Феодосия Печерскаго (…) и вся святых богодухновенных книг, жития и словеса проходя и внимаше, почиташе день и нощь…».

Але разам з тым, нават царкоўныя іерархі не цураліся чытання і цытавання антычнай (пераважна, грэцкай) класікі. Напрыклад, прадстаўнік смаленскае кніжнасці, Клімент Смаляціч, ствараючы ў ХІІ стагоддзі сваё палемічнае «Пасланне да Фамы прасвітара», спасылаўся ў ім не толькі на хрысціянскія аўтарытэты (як, напрыклад, на Яна Златавуснага), але і на Гамера ды старажытных філосафаў: «аз писах от Омира, и от Аристотеля, и от Платона, иже во елиньскых нырех славне беша».

Айчынная кніжнасць Сярэднявечча выразна падзяляецца на дзве часткі, мяжа паміж якімі праходзіць па досыць шырокай храналагічна паласе: ад сярэдзіны ХІІІ стагоддзя да 2-й паловы ХІV стагоддзя. Арыгінальнае ўсходнеславянскае пісьменства і кніжная вучонасць, якія пачалі развівацца пасля прыняцця хрысціянства, перажываюць у гэты час заняпад як вынік неспрыяльных прыродных фактараў і знішчэння мангола-татарамі найбуйнейшых кніжных цэнтраў — а што для нас актуальна, Кіева ды Смаленска. Ва Усходняй Русі (якая пазней пачне называцца Маскоўшчынай) узровень адукаванасці духавенства знізіўся да такой ступені, што святары нават не рызыкавалі самастойна рыхтаваць казанні, чытаючы замест іх на набажэнстве «словы» Яна Златавуснага і іншых духоўных аўтараў са зборнікаў кшталту Павучальнага Евангелля або Златавуста — пра гэта нам паведамляюць замежныя падарожнікі ў Маскоўшчыну яшчэ нават у ХVI стагоддзі (гл., напрыклад, апісанні падарожжаў Р. Гейдэнштэйна і С. Гербештэйна).

Мангола-татарскія выправы ХІІІ стагоддзя не абмінулі і Беларусь; гэтаксама і ваенная экспансія паганскай Літвы прыводзіла да вынішчэння насельніцтва, а ў тым ліку яго найбольш адукаванай часткі — святарства. Натуральна, гэта не магло не адбіцца на стане айчыннай кніжнасці. Таму, хоць і ў ХIV стагоддзі, і пазней, на чале Літоўскай мітраполіі не раз станавіліся адукаваныя іерархі, якія пакідалі па сабе казанні (як, напрыклад, Рыгор Цамблак), аднак, трэба думаць, што агульны ўзровень адукаванасці праваслаўнага духавенства і ў нас быў не нашмат вышэйшы, чым у Маскоўшчыне.

Уваходжанне беларускіх земляў у 2-й палове ХІV стагоддзя ў арбіту ўплываў заходнееўрапейскай цывілізацыі прывяло да паступовага пашырэння чытацкага дыяпазону продкаў. Паступова на Беларусь пачынае пранікаць спачатку лацінамоўная літургічная, тэалагічная і духоўная кніга, а пазней — і літаратура свецкая. Кнігі становяцца больш даступнымі і нярэдка знаходзяцца ва ўладанні не толькі царкоўных інстытуцый ды вышэйшай арыстакратыі, але і прадстаўнікоў сярэдніх слаёў грамадства, якія чым далей, тым болей праяўляюць цягу да адукаванасці. Напрыканцы разгляданага перыяду беларусы ўжо імкнуцца атрымліваць ад чытання не толькі мудрасць ды веды, але і асалоду; таму актыўна пачынаюць звяртацца і да мастацкай літаратуры, а ў прыватнасці, да антычнай класікі і да рыцарскіх раманаў — «Александрыі», «Троі» ці іншых да т. п. твораў.

Загаловак у газеце: «ДОБРО ЕСТЬ БРАТИЕ ПОЧЕТАНЬЕ КНИЖЬНОЕ...» Чытанне кніг на Беларусі ў Сярэднявеччы (канец Х — сярэдзіна XVI ст.)

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.