Вы тут

Якая роля чалавека ў жыццядзейнасці лесу?


Колькі разоў мы чулі, а можа, і самі прамаўлялі фразу — першародны лес. Найчасцей гучыць яна ў дачыненні да Белавежскай пушчы. А тым часам у 1842—1847 гадах праводзілася першае лесаўпарадкаванне Белавежскай пушчы. Якая сёння роля чалавека ў жыццядзейнасці лесу? Пра гэта карэспандэнту «Звязды» расказалі спецыялісты Белдзяржлеса.


Га­лоў­ны ін­жы­нер «Бел­дзярж­ле­са» Анд­рэй ТАР­КАН і ды­рэк­тар прад­пры­ем­ства «Го­мель­лесп­ра­ект» Мі­ка­лай КАТ­КОЎ кант­ра­лю­юць якасць пра­ве­дзе­ных ле­са­так­са­цый­ных ра­бот.

— Дзякуючы нашай рабоце, падтрымліваецца экалагічны баланс у прыродзе, у якой усё ўзаемазвязана. Лясы не растуць самі па сабе — іх ўпарадкаваннем займаюцца людзі. Ад таго, наколькі навукова абгрунтавана яны гэта робяць, залежаць памер лясных рэсурсаў, раўнамерны сцёк вод, захаванне ўрадлівых глеб, падтрымка біяразнастайнасці лясоў, — расказаў намеснік генеральнага дырэктара Белдзяржлеса Уладзімір Дзюбанаў. — Нашы спецыялісты працуюць таксама ў нацыянальных парках і запаведніках, ствараюць умовы для палявання. Наша галіна зусім не высокапрыбытковая, таму працуюць тут людзі, улюбёныя ў сваю работу. Зрэшты, у гэтым вы пераканаецеся, калі пагутарыце з нашымі калегамі.

Улічана кожнае дрэва

— Асноўная справа лесаўпарадкавання — інвентарызацыя лясоў з ацэнкай іх стану. Ажыццяўляецца яна раз у дзесяць гадоў — гэта агульнасусветная практыка. У Беларусі 118 юрыдычных асоб, што займаюцца лясной гаспадаркай. З іх 98 лясгасаў, сем — належаць Кіраўніцтву справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, па два лясгасы знаходзяцца на балансе міністэрстваў абароны і адукацыі, а таксама іншых дзяржаўных арганізацый, — увёў у курс справы вядучы спецыяліст па лесаўпарадкавальным праектаванні, навуковы кансультант вытворчага аддзела Міхал Кузьмянкоў. — Падчас інвентарызацыі нашы спецыялісты фіксуюць і аналізуюць усе змены, што адбыліся за дзесяць гадоў. Кажучы прафесійнай мовай, ажыццяўляецца таксацыя — вызначаецца аб'ём ссечаных дрэў і тых, якія растуць, запас насаджэнняў і прырост дрэў. Не будзе перабольшаннем сказаць, што ўлічана кожнае дрэва: парода, век, стан.

На падставе гэтых звестак складаецца лесаўпарадкавальны праект, у якім плануюцца мерапрыемствы па забеспячэнні рацыянальнага выкарыстання ляснога фонду, эфектыўнай работы лясной гаспадаркі, захавання асяроддзеўтваральных, водаахоўных, санітарна-гігіенічных, рэкрэацыйных функцый лесу. У праекце ўсё скрупулёзна падлічана — аб'ём карысных рэсурсаў лесу: нарыхтоўка драўніны, грыбоў, ягад. І калі дарункі лесу — грыбы і ягады — можа збіраць кожны чалавек, не забываючыся пра ўсталяваныя тэрміны збору, то высечка лесу — выключна ў кампетэнцыі лясніцтва. У лесаўпарадкавальным праекце ўсё збалансавана: калі запланавана сячэнне дрэў, значыць, распісаны і абавязковыя мерапрыемствы па аднаўленні лесу — задзейнічаны гадавальнікі і прымаюцца пад увагу натуральныя метады аднаўлення лясных насаджэнняў. Апроч таго, плануюцца работы па ўпарадкаванні лясоў: санітарныя высечкі, рэканструкцыя, абарона ад хвароб і шкодных насякомых, прыбіранне загрувашчанасці, ахова ад пажараў. Аналіз лесаўпарадкавальных праектаў дазваляе абгрунтаваць патрэбу ў гадавальніках, насенні.

Вядома, на тэрыторыі Беларусі ёсць не толькі буйныя лясныя масівы, а і лясочкі па паўгектара пасярод поля, але і яны таксама ў базах звестак Белдзяржлеса.

— Строга сочым за пытаннямі экалогіі: у лесаўпарадкавальным праекце адзначаны пляцоўкі, на якіх забаронена гаспадарчая дзейнасць — усталяваны адмысловы рэжым лесакарыстання, аховы і абароны. Такія пляцоўкі лясоў ёсць па ўсёй краіне, ну а тэрыторыя нацыянальных паркаў уся падпадае пад спецрэжым, — працягвае Міхал Кузьмянкоў. — Можна сказаць, што лесаўпарадкавальны праект — гэта асноўны закон для працаўнікоў нашай галіны. Несанкцыянаваныя работы ў лясах праводзіць нельга! У 2015 годзе праведзены аўтарскія нагляды за ажыццяўленнем лесаўпарадкавальных праектаў у 12 лесагаспадарчых установах Мінлясгаса, лесаўпарадкаванне ў якіх праводзілася ў 2009 і 2010 гадах.

Мы бачым, што выкананне праектаў забяспечвае добрую дынаміку ляснога фонду: 39,7% тэрыторыі Беларусі — гэта лясы.

Лясгасам перадаюць землі з нізкай ураджайнасцю, тыя, якія нерэнтабельна выкарыстоўваць у сельскай гаспадарцы. Больш за ўсё лясоў на Гомельшчыне — 47% тэрыторыі, найменш — на Брэстчыне — 36%. Гэта не значыць, што ў Брэсцкай вобласці дрэнна працуе лясная гаспадарка, проста там больш зямель адведзена пад сельгасугоддзі. Ад прыродных умоў залежыць і тое, якія пароды дрэў лепш прыжывуцца ў той ці іншай мясцовасці.

Стыхія нарабіла бяды

Ліпеньскі разгул стыхіі ўнёс істотныя карэктывы ў працу лясной гаспадаркі Беларусі і асабліва Мінскай вобласці. Ад урагану пацярпелі лясы Смалявіцкага, Чэрвеньскага, Бярэзінскага, Дзяржынскага, Мінскага і Стаўбцоўскага раёнаў.

За лічаныя дні спецыялісты Белдзяржлеса вызначылі аб'ёмы бяды, і адразу ж пачалася работа па расчыстцы лесу. Гэта трэба неадкладна зрабіць яшчэ і таму, каб пацярпелая ад стыхіі драўніна не страціла таварных якасцяў. Пасля такіх маштабных стыхійных бедстваў, а цяперашні ўраган — наймацнейшы за апошнія дзесяцігоддзі, уносяцца карэктывы ў лесаўпарадкавальныя праекты. Прынамсі, у тую частку, што тычыцца работ па аднаўленні лесу.

Начальнік вытворчага аддзела Белдзяржлеса Раман Бузуноўскі расказаў, што буралом пашкодзіў больш за 90 квадратных кіламетраў лесу. У Беларусі добры парк лесагаспадарчай тэхнікі, таму многія работы па ліквідацыі наступстваў стыхіі механізаваны. Аднак распрацоўка бураломаў — гэта першы этап, другі — аднаўленне пашкоджаных лясных масіваў.

Ма­біль­ная геа­ін­фар­ма­цый­ная сіс­тэ­ма, на якой дак­лад­на бачна і ле­са­гас­па­дар­чая кар­та, і дак­лад­нае раз­мя­шчэн­не таксатара.

Што яднае лес і космас

Белдзяржлес вырабляе і картаграфічную прадукцыю для патрэб лясной гаспадаркі. Канчатковы вынік — карты друкуе машына, падобная на велізарны прынтар. Карты ламінуюцца і іх называюць ужо планшэтамі. З імі працуюць «у полі» спецыялісты лясной гаспадаркі.

Але як складаюцца карты? Адкуль атрымліваюць дакладную інфармацыю?

— У СССР здымка лясных масіваў ажыццяўлялася з самалётаў, здымкі рабілі на плёначны аэрафотаапарат, — расказаў вядучы інжынер аддзела дыстанцыйнага зандзіравання і маніторынгу лясоў Сяргей Цай. — Тады атрымліваўся проста малюнак. Дарэчы, гэта было не таннае задавальненне, бо сама плёнка прыстойна каштавала, плюс яе праяўка. У нейкі момант мы вымушаны былі заказаць касмічную здымку, бо стала немагчыма купіць плёнку. Аказалася, што касмічная здымка добра паказвае пажары, стыхійныя бедствы, пра лясны ж масіў дае толькі агульнае ўяўленне. Да таго ж гэта вельмі дарагая паслуга.

Ужо чатыры гады мы супрацоўнічаем з Беларускім прадпрыемствам сельскагаспадарчых аэрафотагеадэзічных пошукаў, у арсенале гэтай арганізацыі магутны лічбавы аэрафотаапарат. Адпаведна, здымкі перадаюцца адразу на сервер. Цяпер якасць і інфарматыўнасць аэрафотаздымкі на некалькі парадкаў вышэй, чым у СССР. Мы маем выяву, якая дазваляе ідэнтыфікаваць пароды дрэва, а таксама дакладныя геаграфічныя каардынаты.

Калі трэба зрабіць аператыўную здымку лесу, запускаюцца беспілотнікі. У прыватнасці, з іх былі зняты ўсе пляцоўкі, якія пацярпелі ад ліпеньскай стыхіі.

Варта адзначыць, што ў цэлым узровень камп'ютарызацыі Белдзяржлеса высокі. Інжынеры-таксатары працуюць з картамі-планшэтамі і камп'ютэрамі-планшэтамі. Даныя яны ўводзяць уручную, а вось апрацоўваюцца тыя ўжо ў аўтаматычным рэжыме. Спецыялісты аддзела дыстанцыйнага зандзіравання і маніторынгу лясоў распрацавалі шэраг камп'ютарных праграм для лясной галіны. Летам супрацоўнікамі гэтага аддзела па замове Мінлясгаса праводзіўся маніторынг пажараў у лясах з ацэнкай іх наступстваў на аснове выкарыстання матэрыялаў касмічнай здымкі, у тым ліку і з беларускага касмічнага апарата (БКА).

Наша агульнае багацце

— Не магу сказаць, што вы пазнаёміліся з нашымі кабінетнымі работнікамі, бо вельмі часта яны выязджаюць у камандзіроўкі, — падвёў вынікі Уладзімір Дзюбанаў. — А ўявіце нашых інжынераў-таксатараў, якія ў камандзіроўках праводзяць не менш за паўгода.

Магу сказаць без лішняй сціпласці, што дзякуючы нашым спецыялістам захоўваецца экалагічны каркас тэрыторыі ўсёй краіны. Мы робім свой унёсак і ў развіццё турыстычнай галіны — усё больш замежнікаў прыязджае ў нашы запаведнікі, развіваюцца паляўнічыя гаспадаркі.

Больш за ўсё цешыць тое, што, па ацэнках Сусветнага банка, у Беларусі адсотак самавольных высечак лесу вельмі нізкі. Часам бываюць такія кур'ёзы: праводзіцца планавая высечка лесу, а жыхары найбліжэйшай вёскі ці дачнага кааператыва звяртаюцца са скаргамі, маўляў, сякуць лес. Тлумачым людзям, што на сваім агародзе яны збіраюць саспелы ўраджай, так і саспелае дрэва трэба высякаць, тым больш што на яго месца будзе пасаджана адно, а то і два маладыя дрэўцы. Нашы людзі любяць і шануюць родную прыроду, разумеюць, што гэта наша агульнае багацце.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Лес. Стварэнне рук чалавечых

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.