У Беларусі пяты раз, упершыню за 20 гадоў, адзначылі белагаловага сіпа. Фота замежнага госця недалёка ад балота Ельня, што на Віцебшчыне, зрабіў грамадскі эколаг і пастаянны аўтар часопіса «Родная прырода» Валерый Кавалёнак.
— Пра незвычайную птушку велізарных памераў мне паведаміў адзін з мясцовых пастухоў Алег Урбановіч, — расказвае Валерый Кавалёнак. — Ён адшукаў мяне праз маці, што жыве недалёка, у вёсцы Васількова.
Каб дабрацца да месца «візіту», патрэбен быў час, але і птушка не спяшалася адлятаць. Прыехаўшы на пашу, Валерый Кавалёнак зрабіў здалёк некалькі кадраў незвычайнага госця, каб не спудзіць яго і захаваць гэту сустрэчу ў гісторыі.
— Спярша мне здалося, што гэта грыф, але я не мог зразумець, адкуль ён тут з'явіўся, — працягвае Валерый Тэафілавіч. — Пакуль я разглядаў птушку і выбіраў лепшае месца для «фотасесіі», яна ўважліва сачыла за маімі дзеяннямі. І як толькі адчула, што да яе наблізіўся, адразу ж узмахнула крыламі і ўзляцела.
Але на гэтым сустрэча не скончылася — маладая птушка, якая сапраўды, як пазней высветлілася, аказалася адным з прадстаўнікоў роду грыфаў, прызямлілася каля статка кароў. Па словах сведак, белагаловы сіп прыляцеў сюды разам з двума бусламі і, адчуваючы небяспеку, шукаў абароны ў гэтых птушак. Наступным вечарам разам з беларускімі крылатымі сябрамі ён пакінуў Віцебшчыну і паляцеў у паўднёвым напрамку.
***
Белагаловы сіп — буйная драпежная птушка сямейства ястрабіных з доўгімі шырокімі крыламі, шырокім хвастом і непрапарцыянальна маленькай, пакрытай белым пухам галавой. Распаўсюджаны ў засушлівых горных і раўнінных ландшафтах Паўднёвай Еўропы, Азіі і Паўночнай Афрыкі, таксама гняздуецца ў гарах Каўказа. Арэал і агульная колькасць птушак гэтага віду пастаянна скарачаецца.
У Беларусі белагаловы сіп адзначаўся чатыры разы — у 1924, 1979, 1983 і 1996 гадах. 17 жніўня 2016 года адбылася пятая рэгістрацыя гэтага прадстаўніка крылатых драпежнікаў.
Вераніка КОЛАСАВА
«Залатая падаплёка крылаў... »
Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны.
На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».
Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.