Вы тут

Выйшла новая кніга Дзмітрыя Матвейчыка


Здаецца, пра паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага нам вядома досыць шмат, але звесткі часцей грунтуюцца на творах мастацкай літаратуры, чым на выніках навуковых даследаванняў. За вобразамі паўстанцаў, рамантызаваных Уладзімірам Караткевічам, Людмілай Рублеўскай, Адамам Мальдзісам, Алесем Наварычам, хаваюцца хутчэй выдуманыя героі, а не сапраўдныя людзі. Новы біяграфічны слоўнік, складзены кандыдатам гістарычных навук, загадчыкам аддзела публікацыі дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Дзмітрыем Матвейчыкам, дапаможа выправіць многія недакладнасці ва ўспрыманні вабразаў паўстанцаў, адказаць на важныя пытанні і нават знайсці ў ліку ўдзельнікаў паўстання сваіх продкаў.


Над гэтай кнігай Дзмітрый Матвейчык працаваў каля васьмі гадоў. Разгледзеў больш як семсот архіўных спраў, склаў сем тысяч (!) біяграфій тых асоб, хто актыўна падтрымаў паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Таму і аб'ём біяграфічнага слоўніка «Удзельнікі паўстання 1863 — 1864 гадоў», што не так даўно пабачыў свет у выдавецтве «Беларусь» пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі, не можа не ўражваць.

Цікава, што гэтая кніга — не першае выданне, якое стала спосабам прадставіць фонды Нацыянальнага гістарычнага архіва (а менавіта тут захоўваюцца справы, што тычацца падзей паўстання на тэрыторыі Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губерняў).

— У нашым архіве раней выйшаў зборнік дакументаў, прысвечаны паўстанню 1863—1864 гадоў, яго ўкладальнікам таксама выступіў Дзмітрый Матвейчык, — кажа дырэктар Нацыянальнага гістарычнага архіва Дзмітрый Яцэвіч. — Зборнік быў адным з нешматлікіх у нашай краіне выданняў, што дакументальна расказваў пра падзеі паўстання на тэрыторыі Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губерняў. І вось новая работа. Нягледзячы на тое, што гэтыя кнігі маюць адну тэматыку, іх сутнасць кардынальна розная. Зборнік прадставіў дакументы традыцыйным шляхам, а біяграфічны слоўнік стаў новай прыступкай у вывучэнні паўстання і лёсаў яго ўдзельнікаў.

Чаму ўвагу даследчыка прывабілі менавіта ўдзельнікі паўстання і чаму вынікі працы прадстаўленыя менавіта ў форме біяграфічнага слоўніка?

— Падзеі 1863—1864 гадоў у беларускай гістарыяграфіі вядомыя досыць добра, але недастаткова добра даследаваныя, — тлумачыць аўтар кнігі Дзмітрый Матвейчык. — Асабліва слаба вывучаныя сацыяльны стан паўстанцаў, падзеі ў пэўным рэгіёне. Поле для працы тут шырокае, і адзін з самых плённых кірункаў — біяграфістыка. Траўгута, Каліноўскага многія ведаюць, яшчэ некалькі дзясяткаў імёнаў паўстанцаў назавуць, а астатнія яго ўдзельнікі застаюцца невядомымі. Можна сцвярджаць, што слоўнік мае на мэце вырашэнне дзвюх задач: персаніфікацыі паўстання, расповеду пра тое, хто ў ім удзельнічаў і якія наступствы ў яго лёсе мела гэтая падзея, а таксама было важна ўвесці ў навуковы ўжытак дакументы, што захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве, даць магчымасць іншым даследчыкам таксама працаваць з імі.

Кніга «Удзельнікі паўстання 1863 — 1864 гадоў» можа быць карыснай і кожнаму беларусу: па іменным паказальніку можна вызначыць, ці падтрымалі заклік Кастуся Каліноўскага вашы продкі, а па геаграфічным — прасачыць, якія падзеі адбываліся падчас паўстання ў вашым родным горадзе ці вёсцы. Цікава будзе пачытаць гэтую кнігу і пісьменніку: тут бясконцая крыніца сюжэтаў, і самае галоўнае, што героі кожнай звычайнай ці амаль фантастычнай гісторыі — рэальныя асобы, якія сапраўды жылі на нашай зямлі.

Мы папрасілі Дзмітрыя Матвейчыка скласці агульны партрэт, пэўнага кшталту «фотаробат» паўстанца. Вось што атрымалася:

— Сацыяльны стан — зацверджаны або незацверджаны дваранін. Ён хутчэй небагаты, нават бедны. Сельскі жыхар (гараджан сярод паўстанцаў было не так многа). Як правіла, гэта параўнальна малады чалавек ва ўзросце ад 20 да 35 гадоў. Мужчына, хоць і ўдзел жанчын таксама не выключаны: яны актыўна ўдзельнічалі ў агітацыйнай кампаніі, а ўжо падчас паўстання збіралі і перапраўлялі ў атрады медыкаменты або забяспечвалі лекамі ўжо параненых палонных паўстанцаў у шпіталях.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Гісторыю ствараюць людзі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».