Вы тут

Як стаць сапраўдным студэнтам?


Парады першакурснікам.

Я студэнтка. Новы калектыў, выкладчыкі, само жыццё... І яно не падобна на тое, да якога я прывыкла за адзінаццаць гадоў вучобы ў школе... Закончыўся ўжо год навучання. Цяпер нас па праве можна назваць сапраўднымі студэнтамі! Гэта мы на першай лінейцы не ведалі, як выглядаюць будучыя аднагрупнікі і як завуць куратара, гэта мы блукалі па калідорах у пошуках патрэбнай аўдыторыі, гэта мы не ўяўлялі, што такое сесія, але ўжо загадзя яе баяліся. І вось першы год нашага студэнцтва падышоў да канца. Даўся ён нялёгка — прыйшлося прывыкнуць да новага рытму, асвоіцца, бо замест урокаў — пары, замест настаўнікаў — выкладчыкі, ды і сістэма ацэньвання адрозніваецца ад школьнай. Шмат што змянілася за гэты год. Колькі новых і цікавых рэчаў я спазнала, з колькімі незвычайнымі людзьмі пазнаёмілася, колькі месцаў наведала і чаму толькі не навучылася!


Галоўнае — мець жаданне

— Вялікі горад — больш магчымасцяў, — расказвае студэнтка другога курса факультэта міжнародных адносін БДУ (спецыяльнасць «Лінгвакраіназнаўства») Настасся Пуціліна. — Я стараюся не ўпускаць нічога: хаджу на розныя выставы, трэнінгі, майстар-класы, у тэатры. Вядома, не забываю і пра вучобу. Год таму я выбрала гэтую спецыяльнасць, таму што зацікавілася кітайскай мовай і культурай, і ніколькі не шкадую аб сваім рашэнні. Вучыцца няпроста, але пры жаданні ўсё магчыма — і адпачыць, і добра здаць сесію.

Студэнцкае жыццё моцна адрозніваецца ад таго, да чаго я прывыкла: больш свабоды, але і больш адказнасці. Мне вельмі пашанцавала з асяроддзем, таму адаптацыя да новых умоў прайшла хутка. Са мной у групе вучыцца 29 чалавек (з іх толькі адзін хлопец). Памятаю, як 1 верасня ўсе стаялі на лінейцы і разглядалі адно аднаго: усе такія розныя, ніхто нікога не ведае. А цяпер мы ўжо адзін дружны калектыў і гэта выдатна. Спадзяюся, што праз пяць гадоў кожнага з аднагрупнікаў змагу назваць калегам і сябрам.

Адказнасць і праца штодня

Студэнтка другога курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Паліна Хадорык адзначае, што першакурснікі хоць і адрозніваюцца ад школьнікаў, але і на бывалых студэнтаў яшчэ не падобныя.

Старшакурснікі больш сур'ёзныя, а ў тых, хто яшчэ і працуе, проста на лбе напісана: «Гэта маё жыццё, якое я ўладкоўваю сам». Паліна — будучы менеджар-культуролаг. «Не ведаю, як іншым, але мне вучоба не здаецца нечым непад'ёмным, — дзеліцца студэнтка. — Калі ў школе за намі ўвесь час бегалі і прымушалі вучыцца, то цяпер уся адказнасць за ўласную адукацыю кладзецца на цябе. Я прывыкла вучыцца, працаваць над сабой і сваімі памылкамі. Яшчэ важна, каб выкладчык бачыў тваю працу на працягу семестра, тады здаць сесію лягчэй. Дзесьці можна нешта недавучыць па тэорыі, але паказаць свае веды на практыцы. Неад'емная частка студэнцтва — жыццё ў інтэрнаце. Там здорава, калі ты чалавек таварыскі і суседзі ў цябе добрыя. Мне вось пашанцавала і з групай, і з суседкамі: мы хутка пазнаёміліся, але пазнаваць адна адну працягваем да гэтага часу».

На маё пытанне, як змянілася яе жыццё за гэты год, Паліна адказала, што стала больш самастойнай, бо цяпер за яе ніхто не паклапоціцца пра вячэру ці прыборку. Жыццё ўдалечыні ад бацькоў вучыць адказваць за свае дзеянні і не скідваць адказнасць на іншых. З пераездам зразумела, што любіць свой родны горад, хоча лепш яго пазнаць і ўнесці свой уклад у яго развіццё. Яшчэ аказалася, што яна не любіць гатаваць, але вадой сыты не будзеш, таму давялося вучыцца. «Самастойнае жыццё выдатна дапамагае зразумець, што ўсяму можна навучыцца, трэба толькі захацець», — кажа другакурсніца.

Знайсці агульную мову

— Першая сесія прайшла як у тумане, — падзялілася сваімі ўспамінамі Дар'я Вараб'ёва, студэнтка факультэта англійскай мовы Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. — Я нават апамятацца не паспела, як яна ўжо была здадзена. Усё было не так страшна, як мне расказвалі. Вучоба — толькі адзін са складнікаў студэнцтва. У нашым універсітэце вельмі шмат гурткоў, секцый, праводзіцца мноства розных мерапрыемстваў, пра якія нам расказалі на першым жа сходзе. Я прымаю ўдзел у дзейнасці валанцёрскага атрада «Мы — дзецям» і тэатра «Разам у казку». Акрамя гэтага, у вольны час гуляю па горадзе, чытаю, сустракаюся з сябрамі. Вядома, я сумую па доме. Жыць адной аказалася больш складана, чым я думала. Цяпер трэба самой вырашаць мноства бытавых пытанняў. Першы час у Мінску прыйшлося здымаць кватэру. Памятаю, як плакала, калі з'ехалі бацькі, і я засталася адна ў пустым пакоі. Потым прывыкла і асвоілася, да мяне часта прыходзілі сябры, так што самотна мне не было. Цяпер жыву ў інтэрнаце. Мне падабаецца, бо побач заўсёды ёсць нехта, хто можа дапамагчы, ёсць з кім пагаварыць і ўрэшце — у каго пазычыць соль ці падручнік.

«Не трэба баяцца сесіі»

Кожны год студэнтамі становяцца тысячы выпускнікоў школ. Першы год вучобы — важны этап у жыцці кожнага з нас. Усе па-свойму адаптуюцца да новай ролі: хтосьці лёгка і хутка, а некаму ў гэтым патрэбна падтрымка збоку. «Хто можа дапамагчы першакурснікам асвоіцца ў ВНУ?» — спытала я ў педагога-псіхолага Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі Вольгі Казловай.

— Іх заўсёды лёгка адрозніць ад астатніх студэнтаў, — гаворыць Вольга Рыгораўна. — Яны выглядаюць трохі збянтэжанымі, з асцярогай заходзяць у кабінет, але, з іншага боку, ім усё цікава. Яшчэ адна асаблівасць: прывыкшы за 11 гадоў да школьнай формы, яны яшчэ паўгода і тут прытрымліваюцца дзелавога стылю ў адзенні, а ўжо пасля першай сесіі пераходзяць на джынсы. Першы год вельмі паказальны, гэта своеасаблівая стартавая пляцоўка. Здольных студэнтаў відаць адразу. Таму трэба не саромецца праяўляць сябе і зарабляць аўтарытэт. Трэба ўліцца ў новы калектыў. Для гэтага неабходна ведаць сабе цану, але і не быць агрэсіўным. Часам здаецца, што на новым месцы ўсё будзе па-іншаму, але насамрэч, калі ў школе былі праблемы праз нізкую самаацэнку ці залішнюю ганарлівасць, то без працы над сабой сітуацыя можа паўтарыцца і ва ўніверсітэце. Бывае такое, што ўчарашнія школьнікі не могуць ужыцца з суседзямі па інтэрнаце або з аднагрупнікамі. Тут ужо прыходзяць на дапамогу старэйшыя таварышы: куратар, выхавальнікі, сацыяльныя педагогі. Разам яны шукаюць прычыну праблемы і імкнуцца яе вырашыць. Я ведаю выпадкі, калі з-за такіх непаразуменяў і недамовак студэнты проста забіралі дакументы з ВНУ.

Многія баяцца сесіі і адчуваюць напярэдадні яе велізарны стрэс. Тут важна не панікаваць, а дакладна паставіць перад сабой задачу і вызначыць шляхі яе рашэння. Кожны выпрацоўвае свой метад падрыхтоўкі: адны «зазубрываюць» тэорыю, іншыя больш увагі надаюць практыцы. Магу сказаць адно — калі рыхтавацца на працягу ўсяго семестра і праяўляць цікавасць да вучобы, то «валіць» вас на экзамене ніхто не стане.

...Я студэнтка. Наперадзе ў мяне чатыры гады, каб пасталець, стаць спецыялісткай у выбранай сферы, той, кім хочуць бачыць мяне бацькі і кім я — сама сябе. А пакуль я ўсяго толькі студэнтка...

Арына Кагалёнак, студэнтка ІІ курса Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі.

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Навука

На што здольныя тэхналогіі трэцяга тысячагоддзя?

На што здольныя тэхналогіі трэцяга тысячагоддзя?

Ад распрацоўкі лекаў да беспілотных аўтамабіляў.

Без рубрики

Як прайшоў фінал конкурсу «Сям’я года»

Як прайшоў фінал конкурсу «Сям’я года»

Самыя таленавітыя, дружныя, крэатыўныя!

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.