Вы тут

"Кругасветнае падарожжа" стане магчымым дзякуючы праграме "Тэлепорт"


Ідэя вокамгненных перамяшчэнняў «вырасла» з мясцовага інтэрнэт-каталога. Распрацоўшчыкі — чацвёра маладых людзей з Брэста — падумалі, што напісаць каментарый пра якую-небудзь мясціну добра, але пабываць там куды цікавей. За паўгода стварылі апісанне праекта, дзе для «кругасветнага падарожжа» спатрэбіцца толькі камп'ютар і доступ у інтэрнэт. Мяркуецца, што чалавек заходзіць на сайт, выбірае краіну і атрымлівае анлайн-відэатрансляцыю з пэўнага горада. Праграма дапаможа пабываць у Маскве, зазірнуць у Мінск, паглядзець, якое надвор'е ў Берліне і скончыць падарожжа дзе-небудзь у Індыі. І ўсё гэта за некалькі гадзін. Прычым, не проста «зазірнуць у акенца», а атрымаць поўны агляд на 360 градусаў: можна павярнуцца кругом, паглядзець уверх і ўніз, а то і прашпацыраваць па вуліцы ў любы час і надвор'е — проста перамяшчаючыся ад камеры да камеры.


За рэалізацыю брастаўчане ўзяліся хутка. Праграміст Дзяніс Дземідзюк і web-праграміст Антон Пастаялка заняліся распрацоўкай сайта, Вольга Каласоўская, менеджар па рабоце з кліентамі, прымерала на сябе ролю маркетолага і адміністратара сайта, а Антон Любахінец, менеджар праекта, стаў адначасова адказным за яго тэхнічную частку.

З электронікай і праграмаваннем брэсцкі вынаходнік знаёмы даўно. Антон сам спраўляецца і з паяльнікам, і з камп'ютарнымі кодамі. Яшчэ студэнтам БрДТУ ён прынёс на міжнародны конкурс навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы «Таленты ХХІ стагоддзя» прыбор, які можа замяніць чалавеку з аслабленым зрокам кіёк і сабаку-павадыра. Прыстасаванне памерам і формай нагадвае наручны гадзіннік, яно ўмее вібрасігналам папярэджваць аб прадметах побач, чытае тэкст, калі навесці руку на старонку, і можа паслаць сігнал трывогі ў службу ратавання ці родным. Праект амаль скончаны, разумная машынка пратэставаная, засталося знайсці інвестараў, якія б захацелі запусціць яе ў вытворчасць. А пакуль хлопец не сядзіць на месцы і ў самым літаральным сэнсе будуе віртуальныя тэлепорты: шукае, адладжвае, дапрацоўвае анлайн-камеры і сеткавае абсталяванне. Тэорыю перамяшчэнняў у прасторы праз інтэрнэт каманда апрабуе ў Брэсце.

— Мы пакуль устанавілі 14 пастаянных анлайн-відэакамер у горадзе. Яны звычайныя, але ўжо збіраюць прагляды. З аглядам у 360 градусаў запісана некалькі ролікаў, усё відэа можна пабачыць на voblako.by, — расказвае Антон Любахінец. — За тры месяцы хочам скончыць мінімальную жыццяздольную мадэль. Гэта павінны быць 10 анлайн-відэакамер з поўным аглядам. Размешчаныя яны будуць у еўрапейскіх сталіцах і Маскве. Канешне, устанавіць некалькі сотняў відэакамер сіламі чатырох энтузіястаў нерэальна. Тым больш што для карыстальнікаў інтэрнэту прагляд відэа будзе бясплатным. У той жа час кожны горад напоўнены камерцыйнымі аб'ектамі. Мяркуецца, што камеры «Тэлепорта» будуць знаходзіцца на арэндаваных бізнесменамі будынках, а спецыяльная функцыя дазволіць прадпрымальнікам размяшчаць на арыгінальнай карцінцы рэкламу ў выглядзе дапоўненай рэальнасці, якую паглядзіць вялікая колькасць карыстальнікаў інтэрнэта.

Рэкламная інфармацыя не будзе замінаць людзям атрымліваць асалоду ад відаў, наадварот, стане дапаўняць іх і несці карысныя звесткі. Напрыклад, на Краснай плошчы вы зможаце ўбачыць віртуальнага гіда, які раскажа вам пра яе.

— Мы распытвалі нашых патэнцыйных партнёраў, і 37 працэнтаў бізнесменаў згодныя ўстанаўліваць камеры на арэндаваныя імі будынкі, — сцвярджае Антон. — Яшчэ мы пагаварылі з магчымымі карыстальнікамі і выйшла, што праект цікавы больш як 80 працэнтам апытаных. Нехта хоча зладзіць падарожжа і папярэдне паглядзець віды, некага цікавіць загружанасць дарог. Людзі спадзяюцца, што анлайн-відэа павысіць бяспеку ў горадзе. Некаторыя бацькі казалі, што змогуць адсачыць шлях дзяцей у школу і дамоў...

Таксама вынаходнікі задумаліся над праграмай для мабільнікаў, каб чалавек мог карыстацца тэлефонам яшчэ і як сродкам віртуальнай рэальнасці. Памясціць свой гаджэт у спецыяльную канструкцыю, падобную на акуляры, і вандраваць па свеце з «эфектам прысутнасці», не пакідаючы пры гэтым пакой. Ідэяй ужо зацікавіліся расійскія інвестары, цяпер каманда «Тэлепорта» вядзе з імі перамовы.

Магчыма, навагоднія віншаванні беларусы і расіяне змогуць перадаць адзін аднаму, памахаўшы рукой у камеру. Ва ўсякім выпадку, брэсцкія вынаходнікі на гэта спадзяюцца. А пакуль Антон з сябрамі ўдасканальвае сайт, якасць відэа і плануе новыя праекты «пра запас».

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zvіazda.by

Загаловак у газеце: У кругасветку — праз «Тэлепорт»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».