Вы тут

Каго найперш чакаюць у інтэрнатах


Пры згадванні БДУІР у многіх юнакоў і дзяўчат загараюцца вочы. І не дзіва, бо тут рыхтуюць ІТ-спецыялістаў — прадстаўнікоў прафесіі, запатрабаванай у сучасным свеце. Сёлета на першы курс дзённага аддзялення паступіла больш як 2 100 маладых людзей, 1292 з якіх — іншагароднія. Хто з іх мае шанц засяліцца ў інтэрнат? Як не страціць месца і прасунуцца па чарзе? Чым сустрэне новага жыхара агульны пакой?


Паступаць лепш з братам ці сястрой

У канцы лета на факультэтах Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі праглядаюць заявы на жыллё. Пропуск у інтэрнат па-за чаргой атрымаюць студэнты, пацярпелыя ад вынікаў чарнобыльскай аварыі; дзеці-сіроты; тыя, хто ўключаны ў спіс Банка даных адоранай моладзі; інваліды I і II груп. Потым ідзе першая чарга. Яе складаюць маладыя сем'і, замежныя студэнты, курсанты ваеннага факультэта, дзеці са шматдзетных сем'яў, выдатнікі, актывісты грамадскай, культурнай і спартыўнай работы, пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд. Цікава, што калі студэнтамі БДУІР становяцца адразу двое дзяцей з адной сям'і, яны таксама трапляюць у пакой інтэрната аднымі з першых. Начальнік студгарадка БДУІР Анатоль Луцкі тлумачыць:

— У нас «ільготнікі» і першая чарга засяляюцца поўнасцю. Астатнія селяцца ў незанятыя пакоі альбо чакаюць, калі з'явіцца вольнае месца. Мы прапаноўваем жыллё студэнтам на ўвесь тэрмін вучобы, аднак кожны год узгадняем з жыллёва-бытавой камісіяй факультэтаў, ці трэба працягваць дагавор. Калі наш падапечны парушае парадак, мае спагнанне, якое вынесена загадам рэктара, яму адмаўляюць у пражыванні.

Сёлета ў інтэрнатах універсітэта вызвалілася толькі каля 500 месцаў. Гэта азначае, што частцы іншагародніх студэнтаў давядзецца шукаць кватэру ў горадзе.

— Намі сабрана спецыяльная база адрасоў, — расказвае намеснік старшыні прафкама студэнтаў БДУІР Настасся Латушкіна. — Летась там знаходзіліся спасылкі прыблізна на 500 месцаў, дзе гаспадары былі гатовыя ўзяць да сябе кватаранта. Каля 700 студэнтаў скарысталіся гэтай паслугай. Некаторыя засталіся на знятых кватэрах і ў гэтым годзе, некаторыя вырашылі шукаць іншыя варыянты. Сёлета ў базе пакуль 345 адрасоў.

Для малазабяспечаных студэнтаў, якія здымаюць жыллё, існуе яшчэ дзяржаўная кампенсацыя памерам у тры базавыя велічыні, калі гаварыць пра Мінск. Аднак, каб ёй скарыстацца, трэба вучыцца на бюджэтным аддзяленні, мець дагавор арэнды памяшкання і даведку, што сярэднедушавы даход сям’і, у якой пражывае студэнт, не перавышае два бюджэты пражытковага мінімуму. У БДУІР летась кампенсацыю атрымлівалі толькі тры навучэнцы.

«Кватэра» на пяць чалавек

Усяго ўніверсітэт мае чатыры інтэрнаты. Два з іх першай катэгорыі, так званыя «люксы». У адным блоку знаходзяцца два жылыя пакоі, кухня і санвузел з душавой. Па сутнасці, маленькая кватэра на пяць чалавек. Пражыванне ў такой раскошы каштуе 1,2 базавай велічыні — 25 рублёў 20 капеек. Інтэрнаты другой катэгорыі адрозніваюцца ад «люкса» толькі агульнай кухняй і абыдуцца жыхару ў 0,8 базавай велічыні. У будынках ёсць залы для самападрыхтоўкі, для спартыўных заняткаў, гурткі і клубы па інтарэсах.

Самы стары інтэрнат №1 па вуліцы Якуба Коласа сёлета перажывае бягучы рамонт. Ужо заменены вокны, на кухнях адрамантаваны столі, сцены, падлога, пакладзена плітка, хутка з'явіцца новая мэбля. Рамонт працягнецца і пасля засялення.

— Перш чым яго распачаць, мы апыталі студэнтаў, — інфармуе намеснік начальніка студгарадка БДУІР па інфармацыйнай і выхаваўчай рабоце Вольга Руткоўская. — Выселіць адразу 870 чалавек і хутка завяршыць работы ці аднаўляць будынак паступова. 90 працэнтаў апытаных пагадзіліся цярпець часовыя нязручнасці. Некаторыя студэнты нават прапаноўвалі праекты для пакояў. Часткай з іх мы скарысталіся.

На другім паверсе шматпавярховіка, сапраўды, чуваць гул перфаратара — будаўнікі аббіваюць балконы. Аднак студэнтам грукат перашкаджаць не будзе, пасля засялення застануцца толькі аддзелачныя работы ў пакоях.

Другі інтэрнат знаходзіцца непадалёку, на вуліцы Леаніда Бяды. У 2014 годзе там скончылі капітальны рамонт. Кожнае лета адміністрацыя студгарадка адводзіць адзін інтэрнат для засялення ў летні перыяд удзельнікаў будатрадаў, замежных студэнтаў, моладзі, што займаецца навуковымі праектамі на кафедрах, студэнцкага актыву і інш. Сёлета такім агульным жытлом стала «двойка».

Што трэба рабіць, каб застацца ў інтэрнаце? Асноўныя правілы — падтрымліваць чысціню і не перашкаджаць іншым. Дзяжурыць па паверсе, калі давялося жыць у інтэрнаце другой катэгорыі. Абавязковай застаецца грамадска-карысная праца па добраўпарадкаванні інтэрната, як кажуць у студэнцкім асяродку, «адпрацоўкі». Усяго трэба адрабіць чатыры ўмоўныя гадзіны за месяц. Залічваецца не толькі праца па добраўпарадкаванні інтэрнатаў, але і творчая дзейнасць: дапамога падчас свят, выпуск насценгазеты, удзел у культурных і грамадскіх мерапрыемствах.

Даведка:

У 2015/2016 навучальным годзе паказчык забяспечанасці месцамі ў інтэрнатах навучэнцаў устаноў прафтэхадукацыі складаў 100 працэнтаў, сярэдняй спецыяльнай адукацыі — 98 працэнтаў, а студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі — 81 працэнт (па Мінску — 77 працэнтаў). Мелі патрэбу ў засяленні ў інтэрнаты больш як 14 тысяч студэнтаў сталічных ВНУ. А ўсяго па краіне — 20,7 тысячы.

Самая напружаная сітуацыя складвалася ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, БДУІР, Беларускім дзяржаўным універсітэце, Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце, Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце і некаторых іншых установах адукацыі. Таксама не ўсе студэнты задаволеныя ўшчыльненнем інтэрнатаў, на якое адміністрацыя вымушана ісці з дазволу санітарных службаў. Напрыклад, у БНТУ больш за 2,5 тысячы студэнтаў былі заселены звыш санітарных нормаў.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

Фота Сяргея Нікановіча

Загаловак у газеце: Права на месца, ці Каго найперш чакаюць у інтэрнатах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».