Вы тут

Выхаванцы "Тэлестудыі Новы горад" зняліся ў сацыяльнай кароткаметражцы


Выхаванцы мінскай дзіцячай школы тэлевізійнага майстэрства і журналістыкі пры «Тэлестудыі Новы горад» зняліся ў кароткаметражным фільме «Эксперымент». Карціна прысвечана праблеме залежнасці падрастаючага пакалення ад тэхналагічных і камп'ютарных навінак. Сюжэт пабудаваны на аснове матэрыялаў рэальнага эксперыменту, праведзенага псіхолагамі Санкт-Пецярбурга. Сцэнарый да фільма напісала член Саюза кінематаграфістаў, выкладчык Акадэміі мастацтваў Алена Турава.


Пад­час зды­мак.

...Удзельнікам выпрабавання было прапанавана правесці восем гадзін у адзіноце, сам-насам з сабой, не карыстаючыся інтэрнэтам, тэлефонам, не ўключаючы камп'ютар або іншыя гаджэты, а таксама радыё і тэлевізар. Усе астатнія заняткі — чытанне, маляванне, музіцыраванне, прагулкі — дазваляліся. Пры з'яўленні сімптомаў трывожнасці, страху, млоснасці неабходна было спыніць эксперымент і зафіксаваць свае адчуванні на камеру. З сямі чалавек да канца дайшоў толькі адзін, ды і той выпадкова — захрас у ліфце. А само заданне, якое здавалася лёгкім, праз пэўны час уводзіла дзяцей у стан панікі. Яны пачынаюць разумець, якую глабальную ролю адыгрываюць у іх жыцці тэхнічныя прылады і як дрэнна яны ведаюць саміх сябе.

— Сёння мы назіраем адарванасць нашых дзяцей ад рэальнага свету. Ім цяжка ісці на кантакт з аднагодкамі, планаваць свой час. Калі нас раней было і пугай не загнаць у дом, так весела было бавіць час у двары ў кампаніі іншых дзяцей, дык зараз мы назіраем адваротную сітуацыю. Даводзіцца прыдумляць нагоду дзеля таго, каб выправадзіць дзіця з кватэры. Даступнасць інфармацыі негатыўна адбіваецца на памяці школьнікаў. Яны не зацікаўлены ў пошуку дакладных звестак, а проста націскаюць на кнопку «мышкі» і адразу маюць адказ, — лічыць Людміла Канаплянік, дырэктар «Тэлестудыі Новы горад».

З юнымі акцёрамі працавалі таленавітыя педагогі і майстры сваёй справы — Алена Турава, Ірына Клёнава (вядучая на радыё «Мір»), Іван Пінігін (рэжысёр і тэлепрадзюсар), Ігар Пятроў (акцёр Купалаўскага тэатра) і іншыя.

Выкананы ў жанры ігравога кіно, праект стаў міжнародным. У здымках фільма прынялі ўдзел маскоўскі псіхолаг Міхаіл Казлоў і французская актрыса Дальфін Аэртон. На апошнюю выйшаў ужо згаданы Ігар Пятроў, які курыруе групу французскіх акцёраў-стажораў на базе тэатра Янкі Купалы.

Здымкі доўжыліся пяць дзён, рабочая змена была па 12 гадзін, але гэты этап ужо пройдзены. Наперадзе мантаж, графіка, гуказапіс.

У планах каманды энтузіястаў — прэзентацыя фільма ў эфіры беларускага тэлебачання (каналы «Беларусь 1», «Беларусь 2», «Беларусь 3») і на міжнародных фестывалях у Чэхіі, Вялікабрытаніі, Італіі, у наступным годзе — у Чыкага. Летась з відэаролікам «Ачысцім планету ад смецця» (на Youtube запушчаны канал «Pro ekran», дзе можна паглядзець усе работы тэлестудыі) выхаванцы тэлешколы занялі першае месца на экалагічным фестывалі ў Браціславе (Славакія) у намінацыі «Дзіцячае і юнацкае кіно».

— У фільме мне выпала роля Ганны, — расказвае 13-гадовая актрыса Вераніка Шылкоўская. — Не зважаючы на захламленасць уласнага пакоя, дзяўчына днямі ўглядаецца толькі ў экраны гаджэтаў. Пагаджаючыся на ўдзел у эксперыменце, яна плануе прывесці ў належны выгляд асабістае памяшканне, што ўяўляецца ёй вельмі простым. Але ўжо ў першую гадзіну выпрабавання дзяўчыну ахоплівае трывога, пачуццё бездапаможнасці і крыўды. Яна пачынае «заядаць» уласныя перажыванні. Для мяне гэта была самая цяжкая і адначасова камічная сцэна. Патрэбна было паказаць сапраўднае абжорства, ежу даводзілася літаральна запіхваць у сябе.

Даведка

У эксперыменце, які праводзілі санкт-пецярбургскія псіхолагі, прынялі ўдзел 68 падлеткаў ва ўзросце ад 12 да 18 гадоў: 31 хлопчык і 37 дзяўчынак. Давялі эксперымент да канца (гэта значыцца, восем гадзін прабылі сам-насам з сабой) толькі трое падлеткаў: два хлопчыкі і дзяўчынка. Сямёра вытрымалі пяць (і больш) гадзін. Астатнія — менш. Прычыны спынення эксперыменту падлеткі патлумачылі наступным чынам: «Я больш не мог», «Мне здавалася, што я зараз выбухну», «У мяне галава лопне». У дваццаці дзяўчынак і сямі хлопчыкаў назіраліся прамыя вегетатыўныя сімптомы: прылівы жару або дрыжыкі, галавакружэнне, млоснасць, сухасць у роце, трэмар рук ці вуснаў, боль у жываце ці грудзях, адчуванне «варушэння» валасоў на галаве.

Алена Якавенка

Загаловак у газеце: «Эксперымент»: сыграць саміх сябе

Выбар рэдакцыі

Палітыка

У адказе за гістарычную памяць

У адказе за гістарычную памяць

«Мы толькі цяпер пачынаем усведамляць і падыходзіць да ацэнкі рэальных маштабаў гібелі нашых людзей ад рук фашыстаў і іх памагатых у гады вайны».

Грамадства

Як музей у Вайцяшыне бібліятэку ад закрыцця выратаваў

Як музей у Вайцяшыне бібліятэку ад закрыцця выратаваў

Бібліятэк, што функцыянуюць ў маленькіх населеных пунктах, ужо амаль не засталося.

Грамадства

У зоне рызыкі. Як пажылым людзям засцерагчыся ад СOVІD-19

У зоне рызыкі. Як пажылым людзям засцерагчыся ад СOVІD-19

Найлепшым спосабам прафілактыкі з'яўляецца прышчэпка ад COVІD-19.