Вы тут

Хто такая «Электронная прынцэса Беларусі»?


Музыка Mustelіde гучыць і ў Маскве, і ў Нью-Ёрку. За гэтым псеўданімам хаваецца Наталля Куніцкая, якая сёлета выпусціла новы альбом і аб'ездзіла з канцэртамі амаль паўсвету. Свой сольны праект яна пачала некалькі гадоў таму і амаль адразу атрымала тытул «Электроннай прынцэсы Беларусі».


— Як вы да яго ставіцеся?

— З гумарам. Сама б сябе я так, вядома, не назвала — гучыць пафасна і нясціпла. Узнагародзілі мяне гэтым тытулам хлопцы з суполкі беларускай электроннай музыкі «Grave Board Clan», а іншыя СМІ падхапілі.

— Сёлета выйшаў новы альбом «Spі». Чым ён адрозніваецца ад папярэдняга «Secret»?

— У першую чаргу ў падыходзе да работы над гукам. У мяне з'явілася больш вопыту і смеласці, захацелася выйсці за рамкі і даць волю падсвядомасці. Таму гэтую музыку можна параўнаць са снамі, непрадказальнымі і, магчыма, вар'яцкімі. Але песні напісаныя не для таго, каб збегчы ад штодзённасці, яны, хутчэй, дапамагаюць зірнуць на звыклыя рэчы па-іншаму. Гэта быццам «музычныя рэчывы», якія не шкодзяць здароўю, але змяняюць свядомасць.

— Адкуль з'явілася ідэя зняць відэа на загалоўную песню з дзіцячымі кашмарамі?

— Генератар усіх ідэй кліпа — яго рэжысёр Віталь Сідарук. Гэты таленавіты аніматар славіцца сваёй любоўю да ўсяго жудаснага. У, здавалася б, мяккай і наіўнай песні «Spі» ён разгледзеў гэтакі цёмны бок і вырашыў прадставіць яго гледачу.

— З новым альбомам вы адыгралі некалькі канцэртаў у Нью-Ёрку. Як вашу музыку прымалі ў Амерыцы?

— Нечакана цёпла. Я заўважыла, што там людзі шчодрыя на кампліменты і актыўныя на водгукі. Таксама радуе, што руская мова маіх песень не адштурхоўвае, а, наадварот, прыцягвае. Штампы ў наш час мала каму цікавыя, а англійская мова — па вялікім рахунку — таксама штамп. Калі людзі чуюць нязвыклае маўленне, і гэта не фолк, а нешта актуальнае, яно прыцягвае нашмат больш цікавасці і ўвагі.

— А ці можна айчынным выканаўцам вылучыцца на замежнай сцэне, наадварот, за кошт народных матываў?

— Толькі выкарыстоўваючы народныя элементы — складана. Але калі гэта будзе аб'ектыўна «круты» прадукт з магутным прамоўшэнам, калі ён выдатны і стыльны, то тады зацікавіць і сусветную сцэну. Сам па сабе беларускі фолк мала каму цікавы. Цяпер вітаецца максімальная інтэграцыя: народныя матывы павінны пісьменна спалучацца з сусветнымі тэндэнцыямі.

— Да якога стылю вы адносіце сваю творчасць? У музыкі незвычайнае гучанне. Як запісваеце свае песні?

— Маю музыку можна назваць стылем «сінтыпух», дзе спалучаецца сінтэтычная жорсткасць і жаноцкая «пушыстасць». Увесь гук атрымліваю з аналагавых сінтэзатараў. Мой любімы — гэта «Prophet'08». У яго вельмі харызматычнае гучанне, усё на ім можна сінтэзаваць самастойна, дамагаючыся тым самым унікальнага саўнда. А запісваю і зводжу потым у праграме «Ableton».

— У выступленнях вы выкарыстоўваеце шмат візуальных эфектаў...

— У маім выпадку гэта вельмі важны элемент. Але я яшчэ працую над візуальным шоу. Тое, што паказваю цяпер, рабіла самастойна або з дапамогай сяброў.

— І запісам, і прасоўваннем праекта таксама займаецеся самі?

— Прадукт ствараю ў адзіночку. Мне так больш зручна і цікава. Сёння гэтую частку працы артыст можа выконваць сам. Наяўнасць у камандзе менеджара становіцца лагічнай, калі запатрабаванасць і, адпаведна, занятасць выканаўцы расце. Яму патрэбна дапамога, каб заставаўся час на музыку. Менавіта таму, пачынаючы з выхаду другога альбома, з менеджментам, букінгам і прома мне сталі дапамагаць прадстаўнікі лэйбла «SunWoofer» Аляксандр Бергер і Яўген Калмыкоў.

— У чым сакрэт псеўданіма Mustelіde?

— Тут зашыфравана некалькі сэнсаў, адгадаць якія — задача маіх слухачоў. Я люблю загадкі.

— Калі вас чакаць з канцэртам на радзіме?

— У Беларусі часта іграць не атрымліваецца з-за маіх пастаянных раз'ездаў. Але я планую восенню зладзіць вялікі канцэрт у Мінску.

Надзея АНІСОВІЧ

Загаловак у газеце: Загадка «электроннай прынцэсы»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.