Вы тут

У кожнага свой Рыа


Адгучалі апошнія акорды Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра, крыху суцішыліся эмоцыі... Аднак нядаўнія падзеі па-ранейшаму на слыху. Нехта згадвае найперш рэкорды і пераможцаў. У кагосьці настрой дагэтуль азмрочаны допінгавымі скандаламі і правальнымі выступленнямі. («Каментатар: «Наша зборная ўпэўнена гуляе ў сваю гульню... А трэба было б у футбол...»). У любым выпадку ўсе мы былі і застаёмся датычнымі да Алімпіяды, няхай сабе і большасць — толькі ў якасці гледачоў і балельшчыкаў. («Калі наш чалавек набывае спартыўны касцюм, ён або збіраецца на прыроду, або кладзецца ў бальніцу»). Спартыўныя спаборніцтвы — заўсёды відовішчны занятак. Натрэніраваныя целы, моцная харызма патэнцыяльных пераможцаў невыпадкова ва ўсе часы надавалі атлетам яшчэ і сексуальнасці. Што казаць, у старажытнасці спартсмены выступалі ўвогуле аголенымі. Сучасныя тэхналогіі ў экіпіроўцы, у форме — у барацьбе за кожную секунду, кожны сантыметр — таксама надаюць знешняму выгляду атлетаў пэўную прывабнасць. А часам, наадварот, могуць сыграць са спартсменамі злы жарт. Ды і самі алімпійцы... Нехта заслужана застанецца ў нашай памяці дзякуючы сваім рэкордам. А камусьці гульні таксама падарылі хвіліну славы, але зусім з іншай нагоды...


Яшчэ да пачатку Алімпіяды ў Рыа ў сеціве гулялі фотаздымкі мужчын-плыўцоў, абмазаных з ног да галавы пенкай для галення. І наступныя — з канчатковым вынікам пасля працэдуры. («Ты чаго не голішся?» — «Няма ў мяне дзяўчыны, для якой хацелася б пагаліцца...» — «А для сябе?» — «А для сябе я піва купляю».) У лёгкай атлетыцы і плаванні ўсё вырашаюць сотыя долі секунды. Для перамогі даводзіцца пазбаўляцца не толькі ад лішніх кілаграмаў, але і ад валасоў на целе. У прынцыпе, ніякай навіны тут не было: голяцца як мужчыны, так і жанчыны ўжо даўно. Папулярнасць здымкі набылі дзякуючы крыху з'едлівым каментарыям, маўляў, чэмпіёны таксама плачуць, калі робяць дэпіляцыю.

Далей, ужо падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця Алімпіяды, стадыён і сацыяльныя сеткі «парваў» спартсмен з Каралеўства Тога, які нёс сцяг сваёй краіны. Таэквандыст з рэльефнай мускулатурай выйшаў перад гледачамі і ўдзельнікамі іншых камандаў у самым арыгінальным, як яго тут жа назвалі, касцюме. Атлет быў у нацыянальнай цыноўцы, якая нагадвае спадніцу і... усё. Торс спартсмена быў абмазаны масажным алеем, што таксама парадзіла жарты. «Уніформа — масажны алей, проста масажны алей», — пісалі ў сеціве. Што ж, такі касцюм мог дазволіць сабе толькі жыхар астравоў з цёплым кліматам. (На курорце. «Дзяўчына, а пойдзем ноччу голымі купацца?» — «Вой, а я плаваць не ўмею». — «А мы і не будзем!») Дарэчы, члены нашай каманды ва ўніформе з элементамі нацыянальнага арнаменту таксама выглядалі сексуальна...

Затым быў кур'ёзны выпадак з японскім скакуном з шастом. Ну, для журналістаў і зноў жа карыстальнікаў сацыяльных сетак. Сам спартсмен напачатку пакрыўдзіўся, хоць потым сказаў, што ўспрыняў сітуацыю з гумарам. Атлет, як вырашылі некаторыя, не прайшоў у фінальную частку алімпійскіх спаборніцтваў быццам бы з-за таго, што падчас скачка збіў планку сваім... прычынным месцам у «заведзеным» стане. («Мама, чаму ты не пастукала перад тым, як увайсці ў мой пакой?» — «Праз замочную шчыліну было відаць, што зараз можна ўвайсці і без стуку».) Праўда, потым спартыўны эксперт патлумачыў, што такое ўражанне магло скласціся праз няўдалы ракурс здымак, насамрэч атлет збіў планку нагой і рукой. Скажыце, ці запомніўся б гэты алімпіец, каб не гэты трагікамічны выпадак? («Ніколі не гавары: «Я памыліўся». Лепш казаць: «Трэба ж, як цікава атрымалася!»)

Былі, на жаль, і іншыя выпадкі на гульнях... «П'едэстал гонару» ў спаборніцтвах па бегу занялі цемнаскурыя «жанчыны» з Паўднёвай Афрыкі, Бурундзі і Кеніі. Чаму словы ў двукоссях? Карыстальнікі сеціва адкрыта назвалі «атлетаў» гэтага забегу «мутантамі, жудасным відовішчам». («Як ты мог пераспаць з Наташкай? Яна ж страшная!» — «І дужая...») Карацей кажучы, і па знешнім выглядзе, і па выніках гэта хутчэй мужчыны. Прадстаўнік НАК Беларусі падзякаваў нашай спартсменцы ў бегу на 800 метраў за яе сёмы вынік менавіта з гэтай прычыны. «Не стану аспрэчваць рашэнне Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі, але, калі хочаце прадаставіць такім людзям магчымасць выступаць, стварыце трэцюю катэгорыю», — сказаў ён. Шкада, што такія відавочныя рэчы нехта не хоча разумець. («Спрачацца з трэнерам па барацьбе можа толькі трэнер па стральбе».)

...Што і гаварыць, спартсмены з нас далёка не ўсе. Як і атлетычная фігура далёка не ў кожнага. («Самы распаўсюджаны від плавання — пакрысе заплываць тлушчам».) І менавіта спартыўныя тэлеперадачы, у тым ліку і трансляцыі з Алімпійскіх гульняў, дазваляюць многім называць сябе балельшчыкамі. Ну так, бывае, што і пад піва з чыпсамі ідуць такія прагляды, і жывоцікі ў аматараў таго ці іншага віду спорту пасля адпаведныя... («Скажы, ты можаш падняць сто кілаграмаў?» — «Ну я ж неяк ранкам устаю з ложка!») Але, назіраючы за баталіямі на экране, нехта, магчыма, не-не ды і крытычна ацэньваў сваю ўласную фігуру. А потым, глядзіш, і фізічнымі практыкаваннямі пачаў займацца. Не для рэкордаў, а для тонусу і прыгажосці цела. У кожнага свая Алімпіяда і свая барацьба за ўзнагароды...

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.