Сёння на Гомельшчыне за парты селі больш як 150 тысяч вучняў. У Рагачоўскім раёне, дзе праходзіць апошняя падрыхтоўка да Дня беларускай пісьменства, каля шасці тысяч дзяцей надзелі школьную форму. Для навучэнцаў сярэдняй школы №3 горада Рагачова Дзень ведаў сёлета асаблівы. Установа адукацыі была пабудавана паўстагоддзя таму і апошнім часам патрабавала капітальнага рамонту. У планах старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзіміра Дворніка наведаць школу 1 верасня, каб ацаніць рамонт і натхніць вучняў на плённую працу.
Рэканструкцыя ў школе пачалася ў чэрвені. За тры месяцы, дзякуючы агульным намаганням будаўнікоў і валанцёраў школа і тэрыторыя навокал змяніліся да непазнавальнасці.
— Бралі ўдзел і бацькі, шчыры ім дзякуй, і дзеці, і валанцёры — як Жлобінскага раёна, так і нашага, — расказвае дырэктар Ігар Жданаў.
На рамонт школы было выдзелена звыш 1 млн дэнамінаваных рублёў. За кошт гэтых сродкаў зроблены капітальны рамонт даху, фасада, добраўпарадкавана тэрыторыя з заменай асфальтавага пакрыцця, агароджы, спартпляцовак. У будынку заменены вокны, адрамантаваны навучальныя кабінеты, калідоры, набыты камп'ютарны клас з інтэрактыўнай дошкай і мэбля для вучняў. Сёлета тут за парты сядзе амаль 400 школьнікаў. Нядаўна сярод іх была і Соф'я Юрчанка (Міхейчык), якая цяпер — член зборнай Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ. Яна сярэбраная прызёрка чэмпіянату Еўропы, пераможца сусветнай універсіяды ў Казані.
Змены закранулі і школу №2 у Рагачове. Тут галоўны акцэнт зроблены на рамонце кабінетаў, пераважна гаспадарчым спосабам. Да таго ж пераабсталявалі стадыён і прывялі ў парадак тэрыторыю. Дзеці, якія прыходзілі ў аздараўленчыя лагеры, не толькі ўдзельнічалі ў разнастайных забаўляльных мерапрыемствах, але і аказвалі актыўную дапамогу настаўнікам пры падрыхтоўцы да новага навучальнага года.
Прыведзены ў парадак і ўстановы ў сельскай мясцовасці. У Гарадзецкай дапаможнай школе-інтэрнаце на Рагачоўшчыне, дзе навучаецца і пражывае каля 100 дзяцей, якія апынуліся ў няпростай жыццёвай сітуацыі, рэалізаваны замежны праект. Як расказаў дырэктар гарадзецкай дапаможнай школы-інтэрната Ігар Чыгункоў, італьянскі фонд «Дапаможам ім жыць» аказаў спонсарскую дапамогу ўстанове больш як на 50 тысяч еўра:
— Італьянскія валанцёры працавалі два тыдні, за гэты час шмат чаго паспелі. Зрабілі нам асобны душавы пакой, што дазваляе адмовіцца ад паслуг лазні, куды мы раней вазілі дзяцей. У фінансавым плане гэта дапаможа сэканоміць за год больш за 100 мільёнаў рублёў. Цяпер дзеці будуць мыцца непасрэдна ў школе.
Дададзім, што на Гомельшчыне каля 27,5 тысячы школьнікаў са шматдзетных сем'яў атрымалі дапамогу да новага навучальнага года.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
У карабля «Рудакова» малады капітан.
На пяты набор прыйшлі 142 заяўкі.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.