Вы тут

Заканчваецца акрэдытацыя замежных СМІ, якія будуць асвятляць выбары


Да дня парламенцкіх выбараў застаўся тыдзень «з хвосцікам», да пачатку датэрміновага галасавання некалькі дзён. Традыцыйна прагаласаваць можна будзе не толькі ў краіне, але і за мяжой — калі чалавек знаходзіцца, напрыклад, у службовай камандзіроўцы. Дзмітрый МІРОНЧЫК, начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў, на чарговым брыфінгу паведаміў, што арганізацыя галасавання на замежных выбарчых участках ўскладзена на выбарчыя камісіі, якія там утвораны.


— Мы, са свайго боку, аказваем усё неабходнае і прадугледжанае заканадаўствам садзейнічанне ў рабоце выбарчых камісій, — адзначыў прадстаўнік дыпламатычнага ведамства. — Разлічваем на тое, што галасаванне пройдзе ў поўнай адпаведнасці з нашым выбарчым заканадаўствам і ўсе грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія за мяжой хацелі б аддаць свой голас на выбарах, атрымаюць такую магчымасць і паспяхова ёю скарыстаюцца на выбарчых участках, арганізаваных на базе дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў Рэспублікі Беларусь.

Што да прадстаўнікоў замежных сродкаў масавай інфармацыі, якія хацелі б асвятляць выбары ў нашай краіне, то па стане на 1 верасня ў Міністэрства замежных спраў даслалі 59 заявак на акрэдытацыю.

— Сярод іх прадстаўнікі такіх буйных СМІ, як расійскае інфармацыйнае агенцтва «ТАСС», кітайская тэлерадыёкампанія CCTV, катарскі тэлеканал «Аль-Джазіра», шэраг буйных еўрапейскіх СМІ (напрыклад, нямецкае Duetschlandradіo), — пералічыў Дзмітрый Мірончык. — Акрамя гэтага, на пастаяннай аснове ў Беларусі акрэдытавана больш за 270 прадстаўнікоў замежных СМІ. Мы зыходзім з таго, што яны таксама праявяць цікавасць да парламенцкіх выбараў.

Па словах Дзмітрыя Мірончыка, заяўкі на акрэдытацыю журналістаў замежных СМІ для асвятлення выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу МЗС прымае да 4 верасня.

— Таму, не выключаю, а нават мяркую, што да гэтага часу колькасць журналістаў, якія падалі дакументы, можа ўзрасці, — дадаў дыпламат.

Надзея ЮШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны. 

Культура

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.