Вы тут

Нацыянальная літаратурная прэмія: за крок да абвяшчэння лаўрэатаў


Хутка інтрыга раскрыецца: на днях стануць вядомыя пераможцы ў творчай барацьбе, аўтары лепшых твораў паэзіі, прозы, драматургіі, публіцыстыкі, крытыкі і літаратуразнаўства, аўтары твораў для дзяцей і юнацтва, а таксама — лепшы дэбютант 2015 года. З намінантамі-празаікамі мы ўжо знаёмыя: гэта Алесь Марціновіч і Яўген Хвалей, Віктар Шніп і Ліна Багданава, Канстанцін Нілаў і Анатоль Дзенісейка, а таксама — Уладзімір Саласюк. Творы вельмі розныя — ад гістарычных партрэтаў да нон-фікшна. Паэтычнымі намінантамі сталі сёлета Мар’ян Дукса, Змітрок Марозаў і Фёдар Гурыновіч — усе прадстаўнікі так званай традыцыйнай паэзіі. Прадстаўлены чытачу і драматургічны твор — п’еса Ягора Конева «Злачынства і пакаранне на берагах Свіслачы».

Сёння ж наша ўвага засяродзіцца на намінацыі не менш важнай, на творах не менш сур’ёзных — адрасаваных дзецям. Знаёмцеся, а разам з тым рабіце свае «лаўрэацкія» прагнозы: балазе, чакаць нядоўга.


Капітан і яго прыгоды

Аўтар. Дзяцінства Уладзіміра Кулічэнкі прайшло ў раз’ездах: бацька-вайсковец вазіў за сабой сям’ю з Мінска ў Маскву, потым на Байканур. Творчая біяграфія Кулічэнкі пачалася ў колішнім Ленінградзе (эсэ, замалёўкі, нарысы). Сёння піша (па-руску) навуковую фантастыку і прозу для дзяцей.

Твор. Падарожжы дзіцячых гадоў, напэўна, паўплывалі на стварэнне «Незвычайнага плавання капітана Трумбальда». Тут і экзатычныя мясціны, і ўсякія дзівосы, і ўласна падарожжа. Кніга адрасуецца падлеткам, але яскравая, іранічна-бадзёрая мова робіць яе цікавай для ўсякіх чытачоў, улюбёных у вытрыманы стыль і жарты. Уладзімір Кулічэнка зрабіў галоўнымі героямі асоб каларытных: гэта вынаходлівы і нязменна спакойны капітан Трумбальд, дзівакаваты прафесар Флавіё, адметны лёгкай ленаватасцю і слоўнай эквілібрыстыкай штурман Шнуркоў. Яны нагадваюць герояў Жуля Верна: бравых капітанаў, Паганэля, Паспарту. Але пры гэтым не з’яўляюцца копіямі — несумненныя арыгіналы! Як і багатая на параўнанні, сталая мова аповесці. Да ўсяго, кніга насычаная спецыяльнымі тэрмінамі, якія лаканічна расшыфроўваюцца.

Недзіцячыя пытанні

Аўтар. Сяргей Клімковіч пачынаў з аповесцей дакументальна-дэтэктыўнага кірунку. Скончыў Літаратурны інстытут імя Горкага, вёў на беларускім радыё літаратурна-музычную праграму «Музыка і пачуцці». Сёння працуе ў жанрах «гарадскі раман», дэтэктыў, меладрама і проза для дзяцей.

Твор. «Таямніца кватэры № 8», першы твор Клімковіча для дзяцей, — тэтралогія, якая ўключае ў сябе кнігі «Шар Адказаў и Навальнічная Дама», «Бурштынавы Пярсцёнак і першакніжнік», «Залатая Манета і Кароль Люмітаў» і «Ключ Ад Усяго и Чараўніца Геката». Са складанымі і рызыкоўнымі задачамі спраўляюцца дзеці: тры героі шукаюць ключ, які не толькі адчыняе любыя дзверы, але і раскрывае таямніцы чалавечай душы. Ёсць і антыгероі, што стварае сюжэтнае напружанне, выклікае ў чытача суперажыванне. Аўтар зазначае, што ілюстрацыі ў кнігах «мульцяшныя», і шрыфт вялікі, але гэта мала гаворыць пра змест: насамрэч, пытанні паўстаюць вельмі сур’ёзныя.

Просім да стала!

Аўтар. Вольга Савасцюк 30 гадоў прысвяціла журналісцкай працы. Але яшчэ раней пачала пісаць вершы. Пазней з’явіліся і творы для дзяцей, якія склалі на сёння чатыры кнігі. Апошняя з іх, «Юлін рэстаран», намінуецца на Нацыянальную літаратурную прэмію.

Твор. Кнігу склалі папулярныя ў дзіцячай літаратуры жанры — вершы, загадкі і казкі. Якраз вершаваная казка і дала назву кнізе. Яе галоўная гераіня Юля вырасла ў горадзе, на лета яе адправілі ў вёску да бабулі. Дзяўчынка, пазбаўленая звыклага асродку сумавала нядоўга: на бабуліным падворку, для яго чатырохногіх і крылатых жыхароў, Юля адкрыла рэстаран. Адточаны рытм і арыгінальны сюжэт робяць казку лёгкай для чытання, запамінальнай. Адметна, што Вольга Савасцюк, як і яе маленькая гераіня, ставіцца да задумы сур’ёзна, паважаючы дзіцячыя гульні. Для аўтара дзіця — самастойная асоба, творца. Акрамя таго, спадарыня Вольга зрабіла ўдалы ход — змясціла ў кнізе загадкі пра салодкія прысмакі. Тэмы вершаў таксама блізкія кожнаму дзіцяці: школа, назіранні за прыродай, летнія забаўкі, знаёства з жывёльным светам.

Тарас на Парнасе

Аўтар. Вянкі санетаў — першае, што прыходзіць у галаву, калі згадваеш Соф’ю Шах. Яна выдала з дзясятак зборнікаў твораў гэтага жанру, а таксама — вянкі вянкоў санетаў. Цяпер — і для дзяцей, кніга «Мару стаць я мастаком».

Твор. Анатацыя справядліва адзначае, што гэта першы ў беларускай літаратуры (і не толькі) вянок вянкоў санетаў, адрасаваны дзіцячай аўдыторыі. Ці не складаная для сучасных няўседаў форма? Па-першае, чытаецца вянок вянкоў як звычайны вершаваны аповед. У цэнтры яго — хлопчык Тарас, які марыць стаць мастаком і робіць першыя крокі да сваёй мары. Часам аўтар падладжваецца пад форму, карыстаецца інверсіяй, дзеяслоўнымі рыфмамі, але калі чытач сапраўды зацікаўлены тэмай, гэта яго не застрашыць. Па-другое, кніга разлічаная перадусім на дзяцей, якія займаюцца выяўленчай творчасцю. Пра гэта сведчыць не толькі тэма, але і падрабязныя апісанні станаў хлопчыка, яго паражэнні і перамогі, перажыванні. У вянку шмат фактычнага матэрыялу: разгляд карцін Г. Вашчанкі, Л. Шчамялёва, В. Шаранговіча і іншых мастакоў Беларусі. Асобна адзначым выдатныя ілюстрацыі Дар’і Чупрыс.

У свеце макароны

Аўтар. Таццяна Сучкова стала піша для дзіцячай аўдыторыі, перыядычна друкуецца ў часопісе «Вясёлка». Работа аўтаркі адзначана прэміяй імя А. Дубко Гродзенскага аблвыканкама. Вядомая яна і як паэтка.

Твор. «Дзівосныя прыгоды макароніны Моці і іншыя неверагодныя здарэнні» — кніга, адрасаваная навучэнцам 1 — 4 класаў. Казачныя героі спадарыні Таццяны незвычайныя (што бачна па назве кнігі), але сустракаецца і звыклы для дзяцей жывёльны свет: малпачка Лёля, шчаняты Бакс і Тычка. Дзея адбываецца то ў макаронным горадзе Спагеці Мучной краіны, то ў таямнічай Віхрундыі, то ў Інструментарыі. Заўважная практычная скіраванасць гэтых казак: напрыклад, жыхары Мучной краіны дзеляцца рэцэптамі прыгатавання кексаў ды соусаў; Інструментарый наглядна паказвае, як зрабіць шпакоўню. Ёсць нават «Кулінарны слоўнічак». У пэўным сэнсе гэта энцыклапедыя «Зрабі сам», але ў забаўляльнай, жартаўлівай форме, ды яшчэ і з сюжэтнымі інтрыгамі. Пазбегнуць павучальнасці аўтару дапамагае яе непасрэднасць, мілая — у добрым сэнсе — інфантыльнасць. Аповед вядзецца не з пазіцыі «зверху ўніз», а нароўні з чытачом, а побытавыя сітуацыі апісваюцца гарэзліва і нестандартна.

Ідэальны сын

Аўтар. Алесь Карлюкевіч — дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда», журналіст, краязнаўца, дзіцячы пісьменнік, ініцыятар шматлікіх культурных праектаў.

Твор. «Падарожжа паштовай маркі» — новая сустрэча з хлопчыкам Максімам — героем кніг «Крыніца паноў Ельскіх» і «Як Жаўна лясным жыхарам кватэры будавала». Максім разам з бацькам захапляецца філатэліяй і, дзякуючы паштовым маркам, знаёміцца са спадчынным прынцам Эфіопіі, а потым здзяйсняе падарожжа ў далёкую афрыканскую краіну. Дапамагае калекцыянеру маленькі чарадзей Паштавік.

Максім — цудоўны хлопчык, мець такога сына мараць усе бацькі. Паслухмяны, вытрыманы, спакойны, а галоўнае — вельмі дасведчаны. Кожнае дзівоснае здарэнне «каштуе» для героя тры адказы на складаныя пытанні — таму аповесць атрымалася надзвычай пазнавальнай. Дзякуючы кнізе, можна даведацца пра незвычайныя помнікі, пра сенсацыйную перамогу ўругвайскіх футбалістаў на Алімпіядзе 1924 года, пра час, калі кактусы каштавалі на вагу золата. А яднае Беларусь і Эфіопію зграбная прыгожая птушка. Здагадайцеся, якая?

Аўтар затрымліваецца на многіх сур’ёзных рэчах: службовы этыкет, знешняя палітыка... Як вучыць хлопчыка старэйшы сябар-філатэліст, непаразуменні — не нагода для спрэчкі, а магчымасць умацаваць добрыя адносіны праз выяўленне павагі і добразычлівасці да апанента. Максім на дзіва выдатны дыпламат — далей справа за маленькім чытачом.

Да перамогі!

Аўтар. Сярод беларускіх вайскоўцаў і супрацоўнікаў праваахоўных органаў нямала аматараў літаратуры. Сяргей Давідовіч не толькі палкоўнік у адстаўцы, але і мастак, паэт, аўтар некалькіх кніг для дзяцей.

Творы. «Залаты буліт» — яркая кніга ў форме шайбы — зацікавіць хакеем кожнага прынамсі на адзін матч. Сяргей Давідовіч апісвае гульню хлапчукоў з узрушанасцю спартыўнага каментатара: фінал рэспубліканскага турніра — гэта вір эмоцый і вялікая прага перамогі. Галоўныя рысы добрага хакеіста — моц духу, мужнасць, павага да саперніка. Гэтымі станоўчымі якасцямі надзелены Юрась Лятун, які і забівае залаты буліт, выконваючы знакаміты прыём Фірсава.

«Баявая нічыя» — яшчэ адна кніга на спартыўную тэму. «Дзедава жалейка», выдадзеная таксама ў 2015 годзе, — зборнік казак і апавяданняў, дзе шмат незвычайных здарэнняў з жыцця сучасных хлапчукоў. Побач з павучальнай ідэяй у кожным творы ёсць цуд, вельмі патрэбны маленькім чытам. Некаторыя цуды здараліся ў іншых казках: чароўная жалейка збірае вакол музыкі насельнікаў лесу, бычок сыходзіць, каб захаваць жыццё, а потым ратуе гаспадара. Нямала ў кнізе і аўтарскіх цудаў. Так, старэнькая фея просіць хлопчыка адшукаць у бібліятэцы адно чароўнае выданне і такім чынам прывучае яго цікавіцца кнігамі.

З усмешкай

Аўтар. Творчы стаж Міколы Чарняўскага перавышае паўстагоддзя. Яго першая кніга для дзяцей пабачыла свет ажно ў 1963 годзе! З таго часу Мікалай Мікалаевіч напісаў больш за два дзясяткі кніг, а ў 2009 годзе атрымаў прэмію «Залаты Купідон».

Твор. Зборнік «Дзе схаваўся цень удзень» прапаноўвае вершы, невялічкія паэмы, скорагаворкі і шарады. Побач з вершамі пра радасныя хвіліны дзяцінства тут шмат павучальных гісторый. Хлопчык дапамагае тату будаваць дом і атрымлівае выдатны працоўны загар, сябры гуляюць у футбол з дзяўчынкай і не спяшаюцца пакрыўдзіць яе голам. Ёсць у кнізе і смеху вартыя героі, памылкі якіх падкрэсліваюць мудрыя дзядулі і аднакласнікі.

Кніга «З думкай пра Беларусь» знаёміць вучняў сярэдняй школы з выбітнымі беларусамі, нагадвае пра значныя гістарычныя падзеі, прапаноўвае загадкі з краязнаўчага музея. У першых раздзелах празаічныя тэксты чаргуюцца з вершамі, якія ствараюць узнёслы настрой — а з якім яшчэ пачуццём чытаць пра цудоўную Радзіму?

Цар Баравік ды Кот без ботаў

Аўтар. Генадзь Аўласенка больш за дваццаць гадоў працаваў настаўнікам хіміі і біялогіі. Сёння яго імя ведае кожны чытач «Бярозкі», «Вясёлкі», «Рукзачка». Генадзь Пятровіч піша вершы, п’есы, казкі, апавяданні. Адзін з яго самых вядомых героеў — нядрэнны, але гультаяваты і схільны да шкодных звычак Вася Лайдачкін, з якім здараюцца казачныя гісторыі.

Твор. «Прыгоды Васі Лайдачкіна» запрашаюць у краіну казак, царства грыбоў і краіну шкодных звычак, а таксама змяшчаюць вясёлыя гісторыі пра сяброў галоўнага героя. Цар Баравік і Кот без ботаў, Здаровы Лад і Цыгарэта Нікацінаўна, іншапланецяне і школьныя адзнакі — кніга з такімі персанажамі будзе цікавай і карыснай. Тым больш што Генадзь Аўласенка любіць жартаваць ды здзіўляцца.

Вершы-гумарынкі, загадкі, небыліцы сабраны ў кнізе «Верш, дзе ўсё наадварот», якая ўздыме настрой бацькам і дзецям і заахвоціць да сямейнага чытання на беларускай мове. Творы нашых сучасных паэтаў такія ж дасціпныя ды вясёлыя, як у класікаў дзіцячай літаратуры. Галоўнае знайсці сваю кнігу і разгарнуць яе на шчаслівай старонцы!

Юлія ШПАКОВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.