Пра тое, наколькі цяпер мы разумеем значэнне дзейнасці Францыска Скарыны, пойдзе гаворка падчас Міжнароднага круглага стала «Сугучча: Слова Скарыны ў сучасным свеце». Разам з беларускімі пісьменнікамі у ім прымаюць удзел творцы з Расіі, Славакіі, Літвы, Сербіі, Украіны, Таджыкістана, Казахстана і іншых краін. Уплыў дзейнасці нашага першадрукара быў вельмі шырокі: яго справа пайшла далей на Ўсход, а друкаваная кніга да нашага часу з’яўляецца асноўнай формай размовы літаратараў з чытачамі. Адзін з удзельнікаў міжнароднага крыглага стала, з якім мы гаворым пра працяг справы епршадрукара ў наш час, — Станіслаў Валодзька (Латвія). Паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.
— Вы ўдзельнічаеце ў «круглым стале», прысвечаным Ф. Скарыне. У Латвіі ведаюць памяць Францыска Скарыны?
— У Латвіі працуе 12 беларускіх культурна-асветніцкіх таварыстваў, аб’яднаных у Саюз беларусаў Латвіі. У гэтага саюза ёсць добрая традыцыя — у верасні кожнага года праводзіць Дні беларускай культуры. У мінулым годзе яны былі прысвечаны 525-годдзю з дня нараджэння Францыска Скарыны. Праводзіліся ўрачыстыя вечарыны ў розных гарадах, дзе прысутных знаёмілі з біяграфіяй першадрукара і асветніка, ладзілі выстаўкі кніг пра Скарыну, выступалі беларускія музыканты і салісты з Латвіі і Беларусі. Я таксама ўдзельнічаў — чытаў верш «Планета Скарыны». У гэтым годзе Дні беларускай культуры ў Латвіі будуць прысвечаны 125-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча.
— Хто з беларускіх пісьменнікаў вам блізкі?Якія ўспаміны звязваюць вас с беларускай літаратурай?
— З цеплынёй прыгадваю семінары маладых пісьменнікаў у Каралішчавічах, добразычлівы разгляд нашых недасканалых твораў вядомымі пісьменнікамі, дзе мы сустракаліся з Быкавым, Танкам, Гілевічам, Барадуліным, Асіпенкам. Цёплыя ўспаміны засталіся ад візіту ў Акадэмію навук да земляка Адама Мальдзіса, з блаславення якога з’явілася першая публікацыя маіх вершаў у «ЛіМе». Потым удалося пераадолець рэдакцыйныя парогі часопісаў «Маладосць» і «Беларусь», дзе друку маіх вершаў спрыялі рэдактары аддзелаў паэзіі Мікола Аўрамчык і Аляксей Русецкі. Падарункам лёсу было і тое, што Вера Вярба напісала вельмі добрую рэцэнзію на выданне майго першага зборніка «На хвалях хвалявання» ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». Праўда, ён выйшаў не асобнай кніжкай, а ў калектыўным зборніку «Сцяжына». Таксама вельмі ўзрушыў мяне крытычны артыкул Дануты Бічэль пра гэты зборнік пад назвай «У вялікі свет», надрукаваны ў «ЛіМе».
— Можа, ёсць пісьменнікі, якія асабліва ўразілі ці нават паўплывалі на вас?
— У першую чаргу гэта класікі беларускай літаратуры Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Максім Танк. Пацвярджэнне таго — мае вершы, прысвечаныя ім. Вельмі ўразіла знаёмства з паэзіяй Рыгора Семашкевіча. З хваляваннем перачытваю творы Алеся Пісьмянкова.
— Як вы далучаецеся да беларускага літпрацэсу ў якасці сябра СПБ?
— З удзячнасцю прымаю запрашэнні на літаратурныя святы ў Вязынку, Мікалаеўшчыну, Ракуцёўшчыну, на Дні беларускага пісьменнаства, на сімпозіумы пісьменнікаў, якія праходзяць падчас кніжнага кірмашу. Што да стасункаў з калегамі па СПБ, у наш час гэта не складана. Электронная пошта — добры памочнік.
— Як лічыце, папулярызацыя беларускай літаратуры магчымая за мяжой? У прыватнасці, у Латвіі?
— Дзякуючы таму, што ў Латвіі ёсць беларускія суполкі, тут ладзяцца літаратурныя вечарыны, прысвечаныя юбілейным датам беларускіх пісьменнікаў. У гэтым годзе ў беларускім таварыстве «Уздым» у Даўгаўпілсе праходзілі імпрэзы прысвечаныя Івану Мележу і Рыгору Барадуліну, прэзентаваліся кнігі, якія выйшлі ў выдавецтве «Беларускі кнігазбор»: «Выбраныя творы Вольгі і Сяргея Сахаравых» і «Выбраныя творы Пятра Сакола і Валянціны Казлоўскай». Гэта беларускія пісьменнікі і грамадскія дзеячы Латвіі. Пры суполках ствараюцца невялічкія бібліятэчкі з беларускімі кнігамі, якія карыстаюцца попытам. На Дні паэзіі імя Яна Райніса ў Даўгаўпілс прыязджаюць паэты з Беларусі.
Маргарыта ДЗЯХЦЯР
Фота: Станіслаў Валодзька.
«Пакупнікам прапануюць прадукцыю ад розных вытворцаў».
Закуліссе адкрытага сэрца.
Век жыві — век вучыся.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.