Вы тут

Сугучча сэрцаў і думак


Беларускае пісьменніцкае супольніцтва аб’ядноўвае літаратурныя сілы краін Садружнасці вакол інтэрнэт-партала «Сугучча: літаратура і публіцыстыка краін СНД» ( «Созвучие: литература и публицистика стран СНГ». Адрас у электронным сеціве: sozvuchie.by.


Здавалася б, магчымасці ў сённяшні час для літаратурна-мастацкіх публікацый неабмежаваныя. Але гэта толькі на першы погляд. Магчымасці неабмежаваныя для таго і для тых, хто імкнецца адно толькі выкладаць безаблічныя словы, які часам і на мастацкія гукі не цягнуць. Пры ўсёй шырыні інтэрнэт-прасторы не хапае кансалідаваных пляцовак для абмеркавання поглядаў на існаванне, развіццё пэўных мастацкіх прастораў.

«Сугучча...» паставіла перад сабою задачу паяднання клопатаў у прадастаўленні магчымасцей для стварэння агульнай карціны развіцця нацыянальных літаратур краін Садружнасці. Дрэва Інтэрнэт-пляцоўкі пабудавана такім чынам, што ў кожнай літаратуры ёсць сваё месца. Мадэратары сайта збіраюць інфармацыю пра тое, што адбывацца ў мастацкай прасторы Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Расійскай Федэрацыі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана, Украіны, і выкладаюць творы паэзіі, прозы, драматургіі, публіцыстыкі, літаратурнай крытыкі аўтараў з гэтых краін.

Ужо амаль два гады працуе гэты праект. У першую чаргу ён сілкуецца тымі матэрыяламі, якія назапашаны ў Выдавецкім доме «Звязда» і з’яўляюцца вынікам працы літаратурна-мастацкіх часопісаў «Полымя», «Маладосць», «Нёман», «Вожык», газет «Літаратура і мастацтва» і «Звязда», газеты «Союз Евразия». Другі складнік — тая мастацкая, публіцыстычная інфармацыя, якую дасылаюць пісьменнікі і літаратуразнаўцы з розных краін. Дарэчы, усім ім імпануе тое, што «Сугучча...» не абмяжоўвае карэспандэнтаў у мове арыгіналаў. Напрыклад, у дадатак да старонкі «Литературный Казахстан» ёсць інтэрнэт-старонкі, прысвечаныя казахскім пісьменнікам — Абаю, Мухтару Ауэзаву, Немату Келімбетаву. І матэрыялы на іх змяшчаюцца на трох мовах — беларускай, рускай, казахскай. Што адметна, карэспандэнтамі гэтых старонак з’яўляюцца каля дваццаці пісьменнікаў і вучоных Казахстана: Святлана Ананьева, Любоў Шашкова, Кайрат Бакбергенаў, Валерый Міхайлаў, Рыма Арцем’ева, Айнур Машукава, Нурлан Аразалін, Амантай Ахетаў, Алімжан Хамраеў, Міхаіл Буланаў і інш.

Добрыя сувязі склаліся ў інтэрнэт-партала з Азербайджанам. Сталым кансультантам і актыўным аўтарам «Сугучча... » выступае празаік і перакладчык Камран Назірлі. Доктар філалогіі Ірада Мусаева напісала цэлы шэраг артыкулаў для сайта «Сугучча...». У тым ліку — і пра азербайджанскае прачытанне творчасці лаўрэата Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч. Дарэчы, цікавым падаецца і такі праект партала, як «К@нтэкст». У адкрытым доступе выстаўляецца той ці іншы мастацкі тэкст. Першай для прачытання мы прапанавалі аповесць Алены Брава «Дараванне». Між іншым выклалі твор на трох мовах — беларускай, рускай, нямецкай. І папрасілі адгукнуцца на інтэрнэт-публікацыю даследчыкаў, пісьменнікаў з розных краін свету. Сваімі ўражаннямі пра аповесць беларускага аўтара падзяліліся Цімафей Ліякумовіч (ЗША), Камран Назірл, Ірада Мусаева (Азербайджан), Алімжан Хамраеў (Казахстан), Валерый Казакоў (Расія), Юлія Алейчанка, Адам Шостак (Беларусь) і інш. Такія абмеркаванні, на мой погляд, адыгрываюць важную ролю для саміх аўтараў, прыцягваюць увагу да тых ці іншых твораў. Ва ўмовах, калі, здараецца, што вартая кніга не выклікае крытычных водгукаў у друкаваных СМІ, такі варыянт абмеркавання, які прапаноўвае «К@нтэкст», падаецца проста ўнікальнай магчымасцю. Засталося толькі зрабіць гэта традыцыяй, наладзіць пэўную атмасферу. А гэта ўжо залежыць і ад мадэратараў сайта, і ад наведвальнікаў. Як з Беларусі, так і з розных краін свету.

Канечне, работа такога фармату павінна праходзіць у цеснай сувязі з іншымі рэсурсамі. Добра было б нейкім чынам уключыць у работу «Сугучча...» расійскія літаратурна-мастацкія часопісы. Яны традыцыйна карысталіся аўтарытэтам у шырокага чытача. Зараз усе, як правіла, выходзяць невялікі накладамі. Размяшчэнне ў «Сугуччы...» магло б стаць для іх добрай рэкламай. Іншая справа, што, відаць, не так проста наладзіць стасункі, зносіны паміж уладальнікамі друкаваных і электронных літаратурна-мастацкіх рэсурсаў.

Несумненна, сёння «Сугучча…» — шырокая дарога для разгляду супольнай мастацкай пазіцыі розных нацыянальных літаратур, пазіцыі, скіраванай на развіццё міралюбства і добрасуседства, паразумення і ўзаемапавагі паміж літаратурамі, культурамі, народамі і краінамі.

Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?