Мы даведаліся пра самыя цікавыя выданні, арыгінальныя сюрпрызы і прэзентанцыі, якія чакаюць аматараў беларускай кнігі на Дні пісьменства.
Фаліянты ад «Беларускай Энцыклапедыі імя Петруся Броўкі»
Даведацца, як сур’ёзна вывучыць гісторыю Беларусі, якія музычныя інструменты былі ў краіне за ўсю яе гісторыю, хто з беларусаў быў губернатарам Гавайскіх астравоў, можна з кніг, якія выйшлі ў выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя».
Ніна Вітальеўна Бачыла, загадчык аддзела рэалізацыі і рэкламы, распавядае, што сёлета на Дні пісьменства выдавецтва прадставіць увесь асартымент. Акрамя гэтага, «БелЭн» прадставіць на свяце і свае лепшыя, свежыя выданні кшталту кніг «Беларускія музычныя інструменты», «Мастацтва суверэннай Беларусі» і пятага тома Энцыклапедыі для школьнікаў і студэнтаў: «Мы плануем праводзіць прэзентацыі, але ў асноўным дзіцячай літаратуры. У нас выходзіць цікавая серыя, якая ўжо выдаецца 5 гадоў, — «Маленькі прафесар». Дзеці гэтыя кнігі вельмі любяць, таму абавязкова прадставім іх на Дні пісьменства».
Асабліва цікавая серыя «Гісторыя для школьнікаў». Зацікавіць яна і дарослых, бо наўрад ці многія з нас ведаюць, што некаторыя беларусы пакінулі значны след у гісторыі і культуры не толькі Беларусі, але і за мяжой. Напрыклад, Мікалай Судзілоўскі быў губернатарам Гавайскіх астравоў.
Акрамя гісторыі, з кніг «БелЭн» можна даведацца і пра геаграфію Беларусі (энцыклапедычная серыя «Гарады і вёскі Беларусі», дзе ёсць адмысловая кніга і пра Гомельшчыну, на якой сёлета праходзіць Дзень беларускага пісьменства; выданне моцнае, манументальнае і цікавае), і пра беларускую кухню (выдавецтва ўжо звязалася з рагачоўскімі прадпрыемствамі, якія з задавальненнем набылі энцыклапедыі «Гатуем з дзецьмі»).
Ніна Вітальеўна распавядае, што выдавецтва рыхтуе сюрпрызы — навінкі: «Мне падаецца, невыпадкова Дзень пісьменства праводзіцца ў першую нядзелю верасня — гэта яшчэ і пачатак навучальнага года. Зараз асноўныя чытачы — дзеці, таму мы прадставім энцыклапедыю «Гісторыя Беларусі». Гэтае выданне нам дапамагалі распрацоўваць выкладчыкі ўніверсітэтаў і супрацоўнікі Акадэміі навук. Гэта сур’ёзная кніга для сур’ёзнага вывучэння гісторыі нашай краіны».
Не пакінула выдавецтва без увагі і Год культуры. У «Беларускай Энцыклапедыі» выйшла шасцітомнае выданне «Культура Беларусі», дзе змешчана ўсё, што супрацоўнікі змаглі знайсці пра беларускую культуру. Гэта і калектывы, і бібліятэкі, і музеі, людзі і асобы.
Для выдавецтваў Дзень беларускага пісьменства надзвычай важны. Ніна Вітальеўна кажа, што для яе гэта наогул прафесійнае свята: «Гэта сустрэчы з калегамі, з пакупнікамі. У гэты дзень у вачах чытачоў бачыцца сапраўдная цікавасць да кнігі. Для выдавецтва зваротная сувязь — звычайна тэлефон, а непасрэднай камунікацыі не адбываецца. Таму гэта выдатны шанс убачыць свайго патэнцыяльнага чытача ў твар, заўважыць дзяцей, якія просяць бацькоў набыць ім кнігі. Дзень пісьменства — нагода для таго, каб набыць кнігу, а ў эпоху інтэрнэту гэта асабліва важна. Трэба паказваць, што папяровыя выданні нікуды не дзенуцца. Было шмат інфармацыйных носьбітаў — пласцінкі, касеты, дыскі. Усё гэта з часам сыходзіць, а кніга застаецца. Дзень пісьменства — яшчэ і штуршок перагледзець свае адносіны да кнігі».
Ушанаваць родную зямлю прапануе «Чатыры чвэрці»
Дырэктар, галоўны рэдактар выдавецтва Ліліяна Анцух адзначае, што для выдавецтва «Чатыры чвэрці» выбраць кнігі, якія паедуць на Дзень пісьменства ў Рагачоў — задача складаная. Кожны месяц выпускаецца шмат выданняў, і кожнае з іх — знакавае і дарагое для супрацоўнікаў, бо стваралася, як заўсёды, з любоўю і адказнасцю.
Але ёсць кніга, якая будзе ў Рагачове сапраўдным падарункам для беларускага чытача. Гэта альбом «Тураўская рапсодыя», які асабліва каштоўны для самой Ліліяны Фёдараўны: «Кніга — наш арыгінальны праект, яна нараджалася непасрэдна ў выдавецтве ад першай літары. У ёй шмат цікавых хадоў: мы выкарыстоўвалі не толькі свае веды, але і творчасць вядомых паэтаў, празаікаў, працавалі з навукоўцамі, быў спецыяльны фотакарэспандэнт, які рабіў неабходныя здымкі. Тут і гісторыя, і сучаснасць, і святасць старажытнай зямлі. Менавіта з Тураўшчыны, вобразна кажучы, мы з вамі пайшлі, наша гісторыя пачыналася там».
Кніга — помнік Тураўшчыне, як яе ўжо назвалі ў выдавецтве, выйшла ў рамках серыі «Культурная спадчына Беларусі». І тут не сумняваюцца — пра выданне абавязкова будуць гаварыць у нашай краіне. Яно сапраўды вартае Дня пісьменства: тут і беларускія традыцыі, і аўтэнтычнасць абрадаў, захаваных жыхарамі краю да нашых дзён».
Кніга эсэ пра творчасць Льва Бакста таксама будзе прадстаўлена ў Рагачове. І гэта зразумела, бо яна разам з выставай твораў нашага знакамітага земляка не так даўно «адгрымела» ў Беларусі, а зараз творы майстра паказваюць у Прыбалтыцы. Тэму мастацтва «Чатыры чвэрці» ўвасабляе і ў афармленні кніг. У Дзень пісьменства чытачы змогуць убачыць новыя выданні з серыі «Несур’ёзна пра сур’ёзнае», для афармлення якіх традыцыйна выкарыстаны работы вядомага мастака Валянціна Губарава.
Беларуская проза і паэзія — яшчэ адзін абавязковы складнік стэнда выдавецтва. Напрыклад, кніга Алеся Савіцкага «Зямля не раскажа», раман пра вайну ў лёсе жанчыны, пра няскоранасць чалавека і магчымасць жанчыны перанесці ўсё, што нават не кожны мужчына можа вынесці. Ліліяна Фёдараўна адзначае, што гэта твор яшчэ і пра цвёрдасць духу нашай беларускай жанчыны.
Паэзія прадстаўлена кнігай Генадзя Пашкова «Парад планет»: «Мы ўпершыню сабралі лепшыя творы паэта з самых даўніх часоў, ды яшчэ і падабралі пераклады іх на рускую мову. А сярод перакладчыкаў — вядомыя беларускія і рускія паэты: Палеес, Аўруцін, Шабовіч і інш. Такім чынам, мы славім не толькі паэта, але і перакладчыкаў. Уся кніга прадумана да дробязей, зроблена са шчырай павагай да творцаў».
Даведацца пра беларускі танец дапаможа кніга Юліі Чурко «Беларускі харэаграфічны фальклор. Традыцыі і сучаснасць». Выданне ўжо сёння называюць энцыклапедыяй беларускага танца, бо такой манументальнай працы па традыцыйнай харэаграфіі даўно не было.
У серыі «Асоба і час» выдавецтва распавядае пра лёсы і творчасць вядомых беларусаў. Новыя кнігі прысвечаны Янку Сіпакову («Жыві як хочацца...») і Міхасю Дрынеўскаму («Песня даўжынёю ў жыццё»). Тое, чым выдавецтва жыве, выліваецца ў новыя грунтоўныя праекты.
Асаблівай для выдавецтва «Чатыры чвэрці» з’яўляецца кніга «Мінск: малавядомыя старонкі», прысвечаная 950-годдзю горада. Гэта выданне пра тое, якой можна ўбачыць нашу сталіцу, калі пачаць параўноўваць яе са сталіцамі свету. Аўтар Іван Турлай шукае падабенствы ў архітэктуры і гісторыі і робіць цікавыя высновы.
Разам з Саюзам пісьменнікаў Беларусі прэзентуем новыя кнігі з серыі «Бібліятэка саюза пісьменнікаў Беларусі», асабліва тыя, што вылучаны на атрыманне Нацыянальнай літаратурнай прэміі.
«Канечне, усё вывезці на свята немагчыма, але мы ў Днях пісьменства бяром удзел увесь час свайго існавання, і заўсёды прэзентуем найлепшае. Гэта сапраўднае свята для нашага выдавецтва», — падсумоўвае Ліліяна Анцух.
«Беларусь» пра Беларусь
Галоўны падарунак ад выдавецтва да Дня пісьменства — кніга «На берагах Дняпра і Друці: народная духоўная культура Рагачоўскага раёна». На яе прэзентацыі плануецца выступленне выканаўцы народных песень Надзеі Швед, аўтара і выдаўцоў. Кніга не толькі карысная, каштоўная, але і цікавая. Усё, што беларусам Рагачоўшчыны ўдалося захаваць, змешчана ў выданні.
Анжэла Аляксандраўна Садоўская, вядучы спецыяліст аддзела маркетынгу, распавядае, што не менш важнай для выдавецтва з’яўляецца і кніга «Захаваная памяць страчанай зямлі» — калекцыя помнікаў этнаграфіі і народнага мастацтва са збораў Музея старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі. Усе экспанаты былі знойдзены на тэрыторыях Гомельшчыны і Магілёўшчыны, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС.
Цікавае выданне, якое яшчэ і выглядае незвычайна, «Беларусь» падрыхтавала спецыяльна да Дня пісьменства. «Смаката на кожны дзень. Пакаштуйце беларускае!» — сувенірнае выданне, якое выглядае як талерка і распавядае пра родныя стравы беларусаў, — нагода бліжэй пазнаёміцца з беларускай кухняй.
Не можа абысціся Дзень пісьменства і без кнігі, якая ўжо вядомая па ўсёй Беларусі, — пра яе вельмі шмат пісалі і гаварылі. «Ад Мінска да Вільні. Гісторыя Беларусі ў журналісцкіх нататках» — гісторыя Беларусі ад журналіста Віктара Корбута.
Выдавецтва працягвае выпускаць серыю «Славутыя мастакі з Беларусі», якая выдаецца з 2012 года. Сёлета прэзентуецца неверагоднай прыгажосці альбом «Ю. М. Пэн», дзе можна пазнаёміцца з працамі выкладчыка вядомага мастака Марка Шагала. Акрамя таго, у серыі ўжо ёсць кнігі пра такіх творцаў, як Драздовіч, Жукоўскі, Рушчыц. Усяго сумесна з Нацыянальным мастацкім музеем выдадзена каля 30 кніг.
Для дзяцей «Беларусь» рыхтуе прэзентацыю кнігі «Прыгоды Кроціка і яго сяброў» з касцюміраванай віктарынай пра герояў дзіцячых казак і майстар-класам з мастаком кнігі.
Анжэла Аляксандраўна Садоўская кажа, што Дзень беларускага пісьменства для выдавецтва — магчымасць пазнаёміць чытача з кнігай. Тут збіраюцца тыя, хто кнігу любіць: «Гэта яшчэ і ўзмацненне іміджу, магчымасць заявіць пра сябе, паглядзець на калег. Мы прыслухоўваемся і да меркаванняў нашых чытачоў, каб не толькі атрымаць водгук, але і нешта змяніць у сваёй працы ў лепшы бок».
Літаратурная энцыклапедыя ад «Мастацкай літаратуры»
«Да Дня беларускага пісьменства выдавецтва рыхтуецца цэлы год, — адзначае галоўны рэдактар Віктар Анатольевіч Шніп. — «Толькі адно свята скончыцца, а мы ўжо думаем аб тым, што прадставіць на наступным».
Самае галоўнае, што ёсць у «Мастацкай літаратуры» да Дня беларускага пісьменства, — гэта серыя «Беларусь літаратурная», у якой выходзяць кнігі, якія адлюстроўваюць літаратуру раёна, дзе праходзіць свята. У выдавецтве такіх кніг выйшла ўжо больш за 20, і гэта своеасаблівыя энцыклапедыі літаратуры раёнаў — ад фальклору да сённяшніх маладых паэтаў. Рагачоўшчына літаратурная прадстаўлена ў кнізе «Добры дух зямлі Дняпроўскай».
У кнізе сабраны творы аўтараў, якія вядомых не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Напрыклад, А. Макаёнака, М. Лынькова. Доўгі час жыў і працаваў у тым краі Уладзімір Караткевіч, творы якога, напісаныя там, сталі класікай. Таксама ў кнізе «Добры дух зямлі Дняпроўскай» можна пачытаць творы В. Ластоўскага, А. Кіркора, Ф. Куляшова, М. Купрэева, В. Ткачова і яшчэ каля чатырох дзясяткаў літаратараў.
«Мастацкая літаратура» заўсёды з любоўю адносіцца да дзяцей, для якіх выдае шмат кніг у серыях «Нашым дзеткам», «Журавінка», «Казкі ХХІ стагоддзя», «Аўтарская казка» і іншых. Віктар Анатольевіч адзначае, што на Дні беларускага пісьменства выдавецтва правядзе акцыю, дзе «Мастацкая літаратура» перадасць бібліятэчкі кніжак, якія выходзілі ў выдавецтве, у 33 школы Рагачоўшчыны: «Дзеці павінны чытаць кнігі, як ніхто, але, на жаль, не ўсе могуць набыць іх, таму мы і вырашылі дапамагчы».
Што тычыцца дарослых, то «Мастацкая літаратура» прапануе чытачам дванаццаць кніг серыі «ЗКБЛ», фаліянты з серыі «ЖЗЛБ», «Наш сучаснік» і «Нашы героі», новыя тамы збору твораў І. Навуменкі і У. Караткевіча, кнігі новых серый «Бібліятэка выбраных твораў» і «Паза Класнае чытанне», а таксама кнігі нашых сучаснікаў — М. Чаргінца, Г. Марчука, У. Саламахі, А. Марціновіча, В. Паліканінай, І. Саверчанкі і многіх іншых. А вось хваліцца выдавецтва будзе кнігай, якая атрымала гран-пры конкурсу «Мастацтва кнігі», «Владимир Мулявин: сэрцам і думамі» — своеасаблівы фаліянт, дзе змешчана каля 1000 здымкаў, адлюстравана цалкам жыццё і творчасць нашага песняра.
Віктар Анатольевіч Шніп кажа, што падобныя святы, звязаныя з беларускай кнігай, спрыяюць і выдавецтвам, і чытачам: «Людзі працуюць і не заўсёды могуць трапіць у кнігарню, збіраюцца і не даходзяць туды. А на свяце кніга сама прыходзіць да чытачоў. І тут чытачы маюць магчымасць, набываючы кнігу, задаць пытанне выдаўцам і аўтарам, выказаць сваё меркаванне. Ды і для людзей набытая кніга — памяць пра свята кнігі на ўсё жыццё».
Маргарыта ДЗЯХЦЯР
Фота: Ніна Бачыла
Ліліяна Анцух
Анжэла Садоўская
Віктар Шніп
«Пакупнікам прапануюць прадукцыю ад розных вытворцаў».
Закуліссе адкрытага сэрца.
Век жыві — век вучыся.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.