Вы тут

Жыхары Рагачоўшчыны чакаюць свята беларускага пісьменства


Свята беларускага пісьменства ўжо зусім хутка гасцінна расчыніць свае дзверы. Шматлікія госці завітаюць сюды не толькі з усёй Беларусі, але і з замежжа. Аднак па-сапраўднаму чакалі гэту ўрачыстасць і самі жыхары Рагачоўшчыны — людзі, апантаныя мастацтвам прыгожага слова.


Аб­ноў­ле­ныя фа­са­ды ста­лі­цы Дня пісь­мен­ства.

Цікава, што шлях да «высокага» пісьменства нашай чытачцы з вёскі Лучын Рагачоўскага раёна Соф'і Кусянковай у пэўным сэнсе праклала менавіта «Звязда». Яна пачынала друкавацца ў рубрыках «Алё, народ на провадзе», пазней стала дасылаць свае даследаванні ў «Ігуменскі тракт». Пачала вывучаць тапаніміку сваёй мясцовасці — і ў пэўны момант зразумела, што гэтая праца захапіла яе цалкам.

Цяпер, куды б ні ішла ці ні ехала, яна заўсёды звяртае ўвагу на назвы. Прычым не толькі разумее іх адметнасць, але і грунтоўна тлумачыць паходжанне. Як вынік, яе праца заўважана дырэктарам Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі Ігарам Капыловым. І сёлета яна выступіць са сваім дакладам па тапаніміцы на навукова-практычнай канферэнцыі «Рагачоўскія чытанні», якую сёння ў Рагачове ладзіць Інстытут мовазнаўства.

— На «Рагачоўскіх чытаннях» мне прапанавалі прадставіць назвы майго роднага Лучына і яго ваколіц. Бо менавіта тапонімы шмат могуць расказаць пра ландшафт, гістарычныя працэсы і многае іншае, што адбывалася на гэтай зямлі. Я аўтарка кнігі «Сто гісторый пра Лучын». Гэта этнаграфічна-моўная праца, у якой даследуюцца звычкі насельніцтва, паходжанне традыцый і многае іншае.

За працу «Сто гісторый пра Лучын» Соф'я Парфір'еўна была ўганараваная «Залатым рогам» і дыпломам «За ўклад у адраджэнне малой радзімы». Гэта прэстыжная прэмія Рагачоўскага раёна, што прысуджаецца ўжо 20 гадоў.

Та­кое гра­фі­ці ця­пер мож­на ўба­чыць на ад­ным з да­моў у Ра­га­чо­ве.

— Для маладых літаратараў, якія самі штосьці пішуць, Дзень беларускага пісьменства — гэта сапраўдная падзея. Для некага яна мае вялікае асабістае значэнне, — упэўнена Соф'я Кусянкова. — Ёсць людзі, якія лічаць, што выданне кніг — гэта сэнс іх жыцця. Напрыклад, выдатны чалавек Аляксандр Патапаў, які апублікаваў кнігу «Доўск і Стары Крыўск. Летапіс часу» пра вёскі Рагачоўскага раёна.

Па-свойму значным бачыцца Дзень беларускага пісьменства і дырэктару рагачоўскага музея народнай славы Алегу Вараненку:

— Сам я археолаг, таму лічу, што Дзень пісьменства — гэта сімвалічная мяжа паміж прадметамі археалогіі і той гісторыяй, пра якую можна нешта прачытаць, праверыць звесткі. З'яўленне пісьменства — гэта як вынаходства кола, толькі не ў практычным свеце, а ў галовах людзей. Добра, што ў нас адзначаюць такое свята. Рагачоўшчына — зямля шматлікіх пісьменнікаў, мастакоў. Творчае жыццё ў нас кіпіць і сёння.

Будынак музея быў адрамантаваны да свята — каб у абноўленым выглядзе сустракаць шматлікіх гасцей. З усіх бакоў абнавілі фасады, зрабілі новы дах, паставілі платы, паклалі сучасную плітку. За фасадам музея зроблена адмысловая пляцоўка, якую плануюць выкарыстоўваць для правядзення розных выстаў. Тут змогуць паказваць свае работы мясцовыя мастакі, фатографы. Месца атрымалася сапраўды прыгожым і ўтульным — свабодную прастору атачае выстава вялізных якараў.

Соф'я Ку­сян­ко­ва — най­леп­шы гід па ву­лі­цах Лу­чы­на.

— Абнавілася зала пісьменнікаў, тут будзе выстаўлена ўся наша бібліятэка — больш за тысячу кніг творцаў, звязаных з Рагачовам, — дадае Алег Вараненка. — У іншай зале будзе прадстаўлена выстава мясцовага мастака Анатоля Каплана. Цяпер яго ставяць у адзін шэраг з творцамі віцебскай школы. Апошняя яго карціна была прададзена на аўкцыёне за 16 тысяч долараў. А ў нашых экспазіцыях захоўваецца 45 арыгіналаў яго работ, яны і будуць выстаўленыя. На Дзень пісьменства прывязуць яшчэ 10 работ і афіцыйна падораць музею.

У зале сучаснасці размесціцца выстава старажытных кніг, падрыхтаваная супрацоўнікамі Гомельскага палацава-паркавага комплексу. Тут можна будзе пабачыць старыя рукапісы, летапісы, кнігі. Як заўсёды, можна будзе ўбачыць экспанаты залаў археалогіі, сучаснага побыту і этнаграфіі — у апошнім маецца шмат унікальных ручнікоў, захоўваецца аўтэнтычны рагачоўскі строй... І гэта толькі невялікія штрыхі да партрэту яскравага свята Рагачоўшчыны.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Рагачоўскі раён

Загаловак у газеце: Пісьменства як вынаходка

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.