Такі вынік праведзенага даклада Прэзідэнту аб перспектывах развіцця сталіцы і прылеглых тэрыторый Мінскай вобласці.
Аляксандр Лукашэнка падрабязна цікавіўся горадабудаўнічымі планамі і напрацоўкамі, даў шэраг канкрэтных даручэнняў па актывізацыі тэмпаў будаўніцтва аб'ектаў, рацыянальным расходаванні сродкаў, навядзенні парадку на некаторых тэрыторыях.
Як далажылі Прэзідэнту, Мінскі гарвыканкам распрацаваў новы генеральны план горада. Ім, у прыватнасці, прадугледжваецца стабілізацыя колькасці насельніцтва сталіцы на ўзроўні 2 млн чалавек, захоўваюцца ўсе прыгарадныя сельгасугоддзі. «Гэта закон: на землі сельгаспрызначэння — там, дзе павінен расці хлеб, — вы не разлічвайце. Гэта правільна не толькі з пункту гледжання захавання зямлі. Мінск павінен быць прасторным сам па сабе і дыхаць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Плошча Мінска будзе ў асноўным захавана ў межах МКАД. Пры гэтым горадабудаўнікі разлічваюць на прырост насельніцтва да 2030 года ў колькасці 100-120 тыс. чалавек. У Мінску мяркуецца аптымізаваць аб'ёмы жыллёвага будаўніцтва, узвядзенне сацыяльна запатрабаванага жылля працягнецца на свабодных тэрыторыях.
Запланавана будаўніцтва новых гарадскіх і раённых паркаў на плошчы больш як 2 тыс. га. Кіраўнік дзяржавы даручыў актывізаваць гэтую працу, асабліва ў частцы стварэння зялёных насаджэнняў.
Яшчэ адна задача — давесці да ладу тэрыторыю вакол ракі Свіслач у Мінску. «Галоўнае не ў тым, каб мармурам або гранітам абкласці. Але прывесці трэба ў парадак тое, што ёсць. Гэтую працу трэба хутка скончыць. Аднавіць тое, што было. Таму што ўсё роўна давядзецца да гэтага вяртацца», — даручыў Прэзідэнт.
У Мінску таксама плануецца абмежаваць будаўніцтва высотных будынкаў, асабліва ў цэнтры горада. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў такую пазіцыю, адзначыўшы, што высотныя сучасныя будынкі павінны прысутнічаць у архітэктуры горада, але толькі ў якасці асобных акцэнтаў.
Горад мае намер актыўна развіваць сетку грамадскага транспарту, у тым ліку метро. Плануецца, што Мінскі метрапалітэн прырасце яшчэ дзвюма лініямі, адна з якіх стане кальцавой. Знакавым аб'ектам стане і траса ў напрамку Нацыянальнага аэрапорта Мінск у працяг вуліцы Ваўпшасава. Гэтую дарогу плануецца пабудаваць да 2030 года.
Акрамя таго, да 2030 года ставіцца задача па замыканні першага кольца, рэканструкцыі другога і стварэнню новых участкаў трэцяга транспартнага кольца ў Мінску.
У розных месцах горада будуць уведзены ў строй сучасныя комплексы з рэкрэацыйнай, офіснай, спартыўнай, жыллёвай інфраструктурай.
У планах горадабудаўнікоў засталося таксама стварэнне і ўладкаванне дадатковых аўтастаянак, што павінна разгрузіць вуліцы сталіцы ад лішняга транспарту. «Калі вы гэта будзеце рабіць, вы павінны мець адзіны тыпавы праект. Мы павінны яшчэ раз палічыць, у колькі гэта абыдзецца», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт пагадзіўся з тым, што неабходна падштурхнуць аўтааматараў да таго, каб яны карысталіся паркінгамі. «А гэта, перш за ўсё, цана. Палічыце, каб яна была нармальнай, — даручыў кіраўнік дзяржавы. — Другое — па мінімальнай цане яны таксама не будуць там ставіць аўтамабіль, калі яго можна кінуць у любым месцы Мінска». У гэтым пытанні Аляксандр Лукашэнка заклікаў дзейнічаць акуратна, выкарыстоўваючы ў тым ліку вопыт іншых сталічных гарадоў свету.
Што тычыцца вытворчага складніка, то ў сталіцы рэзервуюцца асобныя тэрыторыі для стварэння вытворча-інвестыцыйных пляцовак, развіцця тэхнапаркаў, невялікіх вытворчасцяў.
Аляксандру Лукашэнку таксама далажылі аб развіцці невялікіх населеных пунктаў, якія знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці да сталіцы. У прыватнасці, гаворка ішла пра аграгарадкі Калодзішчы і Сеніца, вёску Бараўляны. «Прывядзіце ў парадак гэтыя населеныя пункты, каб яны мелі закончаны выгляд, і хопіць там будаваць, таму што гэта тое ж самае, што забудоўваць Мінск», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што пустуючыя ўчасткі ў вёсках і малых гарадах можна аддаць людзям, і тады на зямлі будзе парадак.
Размова таксама ішла аб развіцці інфраструктуры ўздоўж МКАД-2, паведамляе прэс-служба Прэзідэнта. «Прыдарожны сэрвіс павінен быць абавязкова прывязаны да інфраструктуры, да вёсак. Так вы дасце жыццё гэтым населеным пунктам. Людзі будуць працаўладкаваныя — і вёска будзе жыць», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што тэрыторыя для будаўніцтва жылля ў Мінску з часам знікне. Цяпер, паводле слоў Прэзідэнта, лепш узводзіць жыллё, напрыклад, на вызваленых вытворчых тэрыторыях, каб не ўшчыльняць сталіцу. «Але гэтыя тэрыторыі некалі скончацца, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Новыя дамы трэба будзе будаваць у гарадах-спадарожніках. Трэба забудоўваць свабодныя тэрыторыі, захоўваючы першапачатковы выгляд Мінска і абрамляць яго, робячы дыяментам».
Абмяркоўвалася таксама развіццё гарадоў-спадарожнікаў Мінска, Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка, транспартных артэрый горада і Мінскай вобласці, рэалізацыя канкрэтных будаўнічых праектаў.
«Мінск — гэта твар нашай краіны. Давайце пасля сябе пакінем прыгожы і годны горад», — сказаў Прэзідэнт.
Фота БЕЛТА
«Пакупнікам прапануюць прадукцыю ад розных вытворцаў».
Закуліссе адкрытага сэрца.
Век жыві — век вучыся.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.