Вы тут

Як мастакі ўпрыгожваюць вёску Салацце


«Пізанскую вежу», «касмічны карабель — лятаючую талерку», катар «Упарты», «Святога Губерта», розных жывёл, птушак і многія іншыя арт-аб'екты можна ўбачыць у вёсцы Салацце Гродзенскага раёна і яе наваколлі. Гэты, здавалася б, не надта перспектыўны населены пункт на беларуска-літоўскай мяжы ўпадабалі творчыя людзі — мастакі, дызайнеры, архітэктары, якія ладзяць тут свае пленэры пад назвай «Арт-салата».


Пра мастацкія «цікавінкі», што з'явіліся ў Салацці, карэспандэнту «Звязды» расказаў наш даўні чытач і аўтар, дацэнт Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, кандыдат тэхнічных навук Сяргей ЛАДУЦЬКА. Сяргей Мікалаевіч — заўзяты грыбнік, але цяпер гэтыя мясціны прывабліваюць яго не толькі дарамі лесу. На чыгуначным прыпынку Салацце (ад Гродна — 36 кіламетраў) ён сыходзіць з цягніка не толькі з кошыкам для грыбоў, але і з фотаапаратам. Фотасесію можна распачынаць тут жа, каля прыпынку, а прадоўжыць у вёсцы і навакольным лесе, дзе таксама ёсць мастацкія творы. Прычым іх становіцца ўсё больш (цяпер ужо каля трыццаці), а палатном для большасці паслужылі... шпулі ад кабелю. Убачыць усё гэта можа кожны, прыехаўшы цягніком, машынай альбо веласіпедам. Акрамя жадання, патрэбен толькі пропуск у пагранзону, які аформіць няцяжка.

Вось што расказаў аўтару гэтых радкоў адзін з ініцыятараў «Арт-салата», гродзенскі мастак Алесь СУРАЎ:

— Пачалося з таго, што я задумаў зрабіць сваю майстэрню дзесьці ў вёсцы. Салацце зачаравала перш за ўсё навакольнымі лясамі, падобнымі на тыя, сярод якіх прайшло маё дзяцінства на Брэстчыне. Купіў там дом, запрашаў пагасцяваць сяброў, калег-мастакоў. Многім з іх так спадабаліся гэтыя мясціны, што яны таксама сталі купляць дамы — часам паўразбураныя, нікому не патрэбныя. Такім чынам утварылася цэлая суполка накшталт арт-вёсак, якія я бачыў у Германіі: мастакі там селяцца, маюць майстэрні, нават галерэі, і там пачынаецца арт-жыццё. Вось аднойчы і мы задумаліся: а ці не здзейсніць нам у Салацці нейкую творчую акцыю? Вырашылі зрабіць пленэр. Тым больш што каваль Юрась Мацко, які таксама пасяліўся ў гэтай вёсцы, прывёз вялікую колькасць шпуляў ад кабелю. Меркавалася, што на дровы, але ўзнікла ідэя выкарыстаць іх для пленэра.

— Якую тэму пленэра вызначылі?

— Спачатку мы сапраўды гаварылі пра нейкія тэмы. Але потым ухвалілі маю прапанову назваць пленэр «Арт-салатам». Не толькі сугучна назве вёскі, але і ў сэнсе мастацкага «салата», дзе ёсць розныя «інгрэдыенты». Гэта дазваляе мастаку свабодна тварыць, няма нейкага навязвання тэмы. Паглядзець на гэтыя шпулі — кожная нечым адметная. Мы іх потым не толькі ў вёсцы пакінулі, але і развезлі па наваколлі ў радыусе каля сямі кіламетраў, нават на лясных дарогах размясцілі. Пры гэтым прытрымліваемся абавязковага правіла, каб створанае намі гарманічна ўпісвалася ў тутэйшы ландшафт. Усе неабходныя пытанні, вядома ж, узгадняем з сельсаветам, дарожнай і іншымі службамі, што тычыцца пагранзоны — з пагранічнікамі.

Мы вырашылі ладзіць такі пленэр штогадова і сёлета, калі кінулі кліч, зацікаўленасць была вялізная. У Салацце прыехалі не толькі гродзенцы, мінчане, але і два мастакі з Англіі і Расіі. Усе працуюць бясплатна, а расходы на матэрыялы для пленэру, пражыванне і харчаванне ўдзельнікаў бяруць на сябе бізнесмены, якія жывуць у нашай вёсцы.

Інфармацыя пра «Арт-салату» шырока распаўсюдзілася праз інтэрнэт сярод мастакоў, і многія вельмі зацікавіліся. Мы нават атрымалі прапанову аб сумесным праекце з Францыі, дзе таксама ёсць падобная вёска. Мажліва, французскія мастакі прыедуць на пленэр да нас, а мы — да іх.

Зрэшты, пленэр — гэта не толькі рэалізацыя той ці іншай творчай задумы ў Салацці. Падчас яго з'яўляюцца ідэі артпраектаў і ў іншых месцах, а на заканчэнне ладзім канцэрт — з'язджаюцца людзі нават з суседніх населеных пунктаў.

— А як успрынялі «Арт-салату» карэнныя жыхары Салацця?

— Яны ўхвалілі гэтую ідэю, бо мы нічога не разбураем, не псуем, а ствараем нешта новае, цікавае. Што, дарэчы, робіць Салацце вядомым не толькі ў наваколлі. Нават велатуры былі з Гродна, каб убачыць, якімі могуць стаць звычайныя шпулі і драўляныя паддоны. І машынамі, цягніком прыязджаюць — глядзяць, фатаграфуюцца. Нідзе не бачыў, каб хтосьці нешта сапсаваў ці кепскае напісаў.

— Ці даўгавечнымі будуць гэтыя работы пад адкрытым небам?

— Тут важнейшая сама акцыя, чым даўгавечнасць створанай работы. Захаваецца на дзясятак гадоў — добра. Нешта зламае навальніца — не страшна, зробім штосьці новае. Дарэчы, шпулі сваю місію ўжо выканалі і ў далейшым мяркуем выкарыстоўваць іншыя матэрыялы — дрэва, бетон, метал. Наступны пленэр хочацца зрабіць такім, каб мастацкія творы былі як элемент зоны адпачынку — з лаўкамі, столікамі, навесамі. Прычым не тыповымі, а ў дызайнерскім, эксклюзіўным выкананні. Ідзе, напрыклад, чалавек у лесе па грыбы — сеў перакусіць ці ад дажджу схаваўся. Можа, нешта цікавае зробяць разьбяры па дрэве, кавалі. Ахвотнікаў паўдзельнічаць у «Арт-салаце» шмат, і ва ўсіх ёсць творчы азарт.

Барыс ПРАКОПЧЫК

prakopchіk@zvіazda.by

Гродзенскі раён

Фота Сяргея ЛАДУЦЬКІ

Загаловак у газеце: «Арт-салата» ў Салацці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».